Што ў Каралевіча ёсць лецішча, Віктар упершыню чуў. Залатыя ці медныя там жалуды, яму было ўсё адно. Ён падумаў, што на лецішча павезці Каралевіча лепш, каб дома яго прыўкраснага такога не бачыла ягоная прыўкрасная жонка, і да апошняга трываў, пакуль ехалі спачатку ў бок Віцебска: "Гэтая дуброва за Раўбічамі…" - пасля ў бок Магілёва: "За Каралішчавічамі…" - з магілёўскай шашы звярнулі на лясную дарогу, якая ў лесе і скончылася. Каралевіч вылез з таксі: "Трохі заблукалі, але недзе тут… - хадзіў ён ад сасны да бярозы, ад бярозы да сасны. - Вунь там, за тым пагорачкам, за выжарынай…" - шукаў Каралевіч сваё лецішча, якое сярод дубоў, пад вокнамі якога высяцца горы залатых жалудоў, дзе такі цуд, якога, што Віктар даўно зразумеў, ні за Раўбічамі, ні за Каралішчавічамі, ні за пагоркам, ні за выжарынай, ні ў лесе, ні за лесам няма, але ўсё гэта ёсць у ім, у Каралевічу, як тое, што мусіць быць! І Віктар зразумеў, як Каралевіч піша, як яму ўдаецца самыя фантастычныя сюжэты выпісваць, нібы рэальныя, і ён гатовы быў шукаць тое лецішча пад дубамі, якіх у лесе тым не было, хоць да ночы, але не вытрываў таксіст - сказаў ім усё, што пра іх думае.
Таксіст думаў пра іх, што яны прыдуркі. Сказаў, што ўсіх нармальных вызвалялі ад беларускай мовы яшчэ ў школе. А калі яны не вызваліліся, дык прыдуркі. І калі, як прыдуркі, пішуць па-беларуску, дык хто іх чытаць будзе?
Каралевіч не захацеў вяртацца з тым таксістам, і яны пайшлі напрасткі праз лес у бок горада, па дарозе да якога Каралевіч пытаўся, спыняючыся то ў нізіне, то на пагорку: "Для каго я пішу?.. Для каго пішу?.."
Пытанне гэтае было большым за пахмельнае пытанне да таксіста - Віктар сам задаваўся ім не аднойчы.
У тым мястэчку, у якім пайшоў ён у першы клас, была адна школа, і ягоны настаўнік, габрэй Цукерман, не ведаў ніякай іншай мовы, апроч беларускай. Ці, можа, і ведаў, але ні на якой іншай мове, апроч беларускай, у беларускім мястэчку Крэва ні з кім ён не размаўляў.
У Смаргоні, горадзе, у які сям’я Віктара пераехала з Крэва, было ўжо дзве школы. №1, якую называлі "беларускай", і №2, якую называлі "рускай". У рускую аддавалі сваіх дзяцей усе гарадскія начальнікі і вайскоўцы.
У беларускай школе таксама былі дзеці вайскоўцаў, бо ісці да яе ад ваеннага гарадка было ўдвая бліжэй. Па заявах бацькоў дзеці іх вызваляліся ў беларускай школе ад беларускай мовы.
Настаўнік Міхась Язэпавіч Сыракваш, які вучыў Віктара беларускай мове і літаратуры, абураўся: "Ну, як так? Гэта ж знявага! Прыніжэнне не толькі мовы, але і нас як беларусаў! Калі не патрэбная мова, дык, выходзіць, і мы непатрэбныя?.. "
Дырэктар рускай школы, выступаючы на раённай нарадзе па адукацыі, назваў Сыракваша, які быў проста настаўнікам беларускай мовы, нацыяналістам - і настаўніку Віктара не далі дапрацаваць да пенсіі. Калі Віктар з аднакласніцай, сяброўкай ягонай Зойкай Ермалінскай, пайшлі да дырэктара сваёй беларускай школы, каб свайго настаўніка беларускай мовы бараніць, дырэктар выклікаў іх бацькоў і сказаў, што, як настаўнік беларускай мовы ў школе да пенсіі не дапрацаваў, гэтак і вучні ягоныя, вашы дзеці, могуць у школе не давучыцца.
Рускі бацька Віктара па-руску паслаў дырэктара, а беларускі бацька Зойкі, калі яна прыйшла дахаты, узяў дзягу.
Рускі бацька Віктара сказаў: "Ты ўсё зрабіў правільна". А беларускі бацька Зойкі, калі яна, пабітая, сышла з хаты і яе не маглі знайсці, сказаў: "Ну і халера з ёй, нацыяналісткай!"
Беларускі бацька Зойкі Ермалінскай хацеў быць рускім бацькам. З таго часу Віктар на ўсё жыццё ўсвядоміў, што няма праблемы нацыянальнасці. Ёсць праблема годнасці.
Калі Віктар сканчаў беларускую школу, яна ўжо была напалову рускай. Руская напалову беларускай не стала.
"Для каго я пішу?.." - думаў ён, стаўшы пісьменнікам, выступаючы ў школах, дзе беларуская мова ўжо вывучалася як замежная, і ён бачыў: новыя дзеці ў новых школах яго не разумеюць. І не таму, што ён складанае нешта казаў. Ён казаў проста і простае. Але не на іх мове. Беларускія кнігі яшчэ завозілі ў школьныя бібліятэкі, але, пастаўленыя на паліцы ў самыя дальнія куты, там яны і пыліліся.
"Дык што будзе? - пытаў ён невядома каго. Бацьку Зойкі Ермалінскай з дзягай. - Для каго я пісаў? Дзеля чаго з’явіўся ў Божым свеце? І не толькі я. Бычык, Дымовіч, Танкевіч, Каралевіч, Барада, Стралец, Бур, Гарымякін… - усе мы? І не толькі мы, але і тыя, што да нас? Адмяняецца мова - адмяняюцца яны. Багдановіч, Колас, Чорны, Гарэцкі - той жа Купала. Адмяняецца лёс ягоны. Ягонае жыццё. Дзеля чаго ён жыў? Дзеля таго, каб у лесвічны пралёт зляцець?..