Выбрать главу

Мы лятаем, не ведаючы, дзе сесці? Нідзе не даюць - і падаем?..

Думаць так было страшна - і як тут не запіць?.. Можа быць, думаў ён, яны, Барада, Стралец, Каралевіч, і п’юць, бо страшна? Бо нічога страшней за будучыню, у якой ты станеш пылам на паліцы, няма і не можа быць. Гэта страшней, чым прахам стаць.

Неяк ён пагаварыў пра гэта з Ганнай. У ёй, калі нават яна не дачка Купалы, праз маці адчувалася крывіцкая кроў - і яна не была да гэтага абыякавай. "Ведаеш, што адбылося ў гатэлі "Масква" познім вечарам 28 чэрвеня 1942 года? - спытаў ён, калі Ганна ўпершыню ўвайшла ў нумар, у якім жыў Купала, і сказала, што ў ім пахне згубай. - У гатэлі "Масква" познім вечарам 28 чэрвеня 1942 года быў скінуты ў лесвічны пралёт гісторыі не толькі беларускі паэт Янка Купала. Была скінутая нацыя, быў скінуты народ, была скінутая Беларусь - толькі яна даўжэй за свайго паэта падае… Вось, што адбылося познім вечарам 28 чэрвеня 1942 года ў гатэлі "Масква". І я пасяліўся ў ім, каб, можа быць, тут зразумець, знайсці адказ на пытанне: што мне з усім гэтым рабіць?"

Ён казаў так і сам адчуваў, што залішне пафасу, што пра такое кажуць спакайней, і Ганна, каб збіць яго ў пафасным палёце, як ён некалі качара ў небе, спытала: "А Беларусь ужо ляснулася ці яшчэ ляціць? Калі яшчэ ляціць, дык якраз ты можаш злавіць яе. Зратаваць. Толькі для гэтага трэба выбраць правільную пазіцыю. Не ўніз бегчы, на першы паверх, дзе зрабіць ужо нічога нельга, апроч як разам з Беларуссю, якая прыплюсне цябе да падлогі, загінуць, а падымацца ўверх, дзе штаб кіравання палётамі. І калі ты станеш начальнікам штаба, а ў цябе такая магчымасць, шанец гэтакі ёсць, ты націснеш кнопку - і падзенне спыніш. Выступіш на з’ездзе, які ўжо сам прызначыш, у прэзідыуме якога будзеш сядзець у першым шэрагу ў цэнтры, з дакладам пра новую нацыянальную палітыку, вернеш у Беларусь беларускае - і не станеш пылам на паліцы. Толькі такі шлях, Віктар, толькі такі. Праз уладу. Усё астатняе - маргінальшчына. Дысідэнцтва, якое ні на што не здольнае паўплываць. Гэта як Саюз пісьменнікаў ці як літаратурнае аб’яднанне на тытунёвай фабрыцы "Дукат", дзе пра пісьменнікаў, якія прадаліся ўладзе, могуць казаць што заўгодна, але вызначаць, чые кнігі выдаваць, як і вырашаць усё астатняе, будуць яны. У тым ліку і тое, што рабіць з літаб’яднаннем на фабрыцы "Дукат".

- Добра, - зірнуў на гадзіннік Каралевіч. - Давайце рытуал пачынаць, мая прыўкрасная царэўна зачакалася. Не засне, пакуль на парозе не ўбачыць. І ты, дарэчы, - падаў ён рыдлёўку Віктару: маўляў, я прынёс, а ты капай, - дарма пра сваю гэтак кажаш…

- Як гэтак?

- Так, нібы табе няёмка, што знайшоў царэўну ў Крамлі. Быццам хацеў знайсці кандуктарку ў трамваі. Масква - гэта казка. А ў казках каго шукалі? З кім жаніліся? Толькі з царэўнамі. Хіба аднойчы нейкі няўдаха з жабкай ажаніўся, дый тая царэўнай аказалася. І яшчэ ты дарма… Ты чаму не капаеш?

- Дзе? Тут? На магіле? Я думаў: за агароджай.

- Верабейка гэты не самагубца, каб за агароджай. Капай давай… І дарма ты распрануўся сёння. Калі б яшчэ ўсе свае… Гарымякін пачне чуткі разносіць. Казаць, што ты каяўся.

- У чым?

- У тым, што на з’ездзе выступіў. Заклікаў два мільярды вераб’ёў знішчыць.

- Я не каяўся…

- Я ж кажу: чуткі пойдуць… Ты будзеш капаць?

Віктар капануў. Раз, другі. Рыдлёўка шкрабнула аб камень.

- Тут камень. Пліта. Давайце ўсё ж за агароджай. Ці пад ёй.

- Тут Купала, а не пліта. А гэта, можа, ягоная душа. Ты ж таксама гэтак падумаў? І хочаш пахаваць душу чалавека ад яго асобна?

- Душу не хаваюць.

- Не хаваюць, калі яна не верабей. Ну, добра, трохі далей капні. Дай мне!.. - не вытрываў Каралевіч, якога царэўна дома чакала, без яго спаць не клалася, а ён вераб’я ўсё ніяк пахаваць не мог, схапіў рыдлёўку, і тут верабей, якога Стралец, разгарнуўшы сурвэтку, дастаў з-за пазухі, пырснуў крыламі, узляцеў і сеў на бронзавае плячо Купалы.

Усе трошкі прыслупянелі.

Яны стаялі - ён глядзеў на іх.

- Во, - нарэшце сказаў Стралец. - З парваным сэрцам. Неўміручая душа. - А Каралевіч з размаху ўвагнуў у зямлю рыдлёўку, у камень увагнаў:

- Міхась! Калі я памру, калі парвецца сэрца, пакладзі мяне за пазуху, Міхась…

XXXIII

- Так, чэкісты любяць гуляцца, - пацёр скроні, нібы галава забалела, Маякоўскі, калі "тройка", пракурор Ляплеўскі, Кашкадамаў і Тухачэўскі, абвясціўшы перапынак у судзе, пайшлі раіцца, які вердыкт вынесці Купалу, а нябожчыкі заняліся хто чым, пераважна ўспамінамі, і Купала распавёў Маякоўскаму пра рэстаран "Арагві" з гульнямі Берыі. - Са мной таксама гуляліся. Якаў Арганаў гуляўся, начальнік сакрэтнага аддзела ГПУ. Я ўсё не мог дапяць, чаму ягоны аддзел сакрэтны? Нібы там нейкія не сакрэтныя ёсць… Ваш, між іншым, зямляк. Як і Дзяржынскі. Нешта шмат гэтых вашых… Больш, чым паэтаў.