Выбрать главу

- Пайшлі да Шамардзіной! - прапанаваў Маякоўскі, калі апошні раз яны сустрэліся ў Мінску. - Аднаму мне няёмка, у яе муж. А з вамі…

Мужам Зосі быў старшыня Савета народных камісараў Язэп Адамовіч. Купала з ім хай не блізка, але сябраваў, так што не надта яму ўтульна было выпіваць у кампаніі Зосінага мужа і яе каханка, які ўзняў кілішак за гаспадыню, сказаўшы гаспадару: "Я нікога так не кахаў, як вашу жонку", - і Язэп чокнуўся з ім, выпіў: "Я вас разумею".

- Які чалавек! Сапраўдны мужык! - захапляўся Маякоўскі Адамовічам ужо на вуліцы. - Добра, што ў вас такія ёсць. І добра, што ёсць у вас, - яны праходзілі паўз дом, дзе мясціўся ўрад, - Цэнтральны выканаўчы камітэт Беларусі. Раней не было, а цяпер ёсць! Пайшлі, - цягнуў ён Купалу ў гатэль, - яшчэ за гэта вып’ем. За Зосю, за Язэпа, за Беларускі цэнтральны выканаўчы камітэт!..

Яны зайшлі ў "Еўропу", гатэль, у якім жыў Маякоўскі, замовілі ў нумар віна, сыру з аліўкамі. "Сыр з аліўкамі ўжо не Зося, Ліля мяне навучыла да віна браць, - казаў, наліваючы, Маякоўскі. - Давайце за ўсіх іх, за вашых і за маіх!.. І за сапраўднага мужыка Адамовіча!.."

Хто мог тады падумаць, што абодва яны, і сапраўдны беларускі мужык Адамовіч, і сапраўдны рускі паэт Маякоўскі застрэляцца? Паверыўшы, як і Чарвякоў, які Купалу пісталетам палохаў, Сталіну. А Зося, каханкамі якой былі і паэты, і чэкісты, і вайскоўцы, і партыйцы, будзе ўспамінаць пра іх у сібірскіх лагерах.

Яна шмат чаго там пабачыла. Вярнулася сівая.

- Я, можа быць, і насамрэч кахаў яе больш за ўсіх, - зусім іншым голасам, нібы нешта летуценнае ўспамінаючы, ціха сказаў Маякоўскі. - Ліля - жарсць, а Зося... Ёй было дзевятнаццаць, мне дваццаць. А вы, Аляксей Максімавіч, каго?.. Муру? Закрэўскую? Гэта яна вас атруціла?

Горкі паружавеў. Трохі, як могуць паружавець нябожчыкі.

Марыя Закрэўская, апошняя каханка Горкага, на руках якой ён памёр, незадоўга перад тым сустракалася са Сталіным, і хадзілі чуткі, нібы той сказаў ёй, развітваючыся: "Максіму Горкаму, каб застацца Максімам Горкім, трэба памерці цяпер - інакш будзе позна".

- Зося мне ні атруту не падсыпала, ні даносы на мяне не пісала, - не стаў чакаць Маякоўскі адказу Горкага. І спытаў Купалу. - А вы каго найбольш кахалі? Ганну?.. Ці Паўліну? Я помню яе ў Пецярбурзе.

Купалу здзівіла, што Маякоўскі яе ўспомніў. Бачыў толькі аднойчы ў "Бадзяжным сабаку", кавярні паэтаў, дзе на вечарыне Ігара Севяраніна, пра якога Маякоўскі спытаў Зосю, якая на вечарыну яго зацягнула: "Гэта што за псаломшчык?.." - была даволі шумная кампанія, а вось запомнілася яму Паўліна.

А Севяраніну - Шамардзіна. "Ее глаза смелы и дики".

Не без таго. Паўліна яе пабойвалася. "Гэта не беларуская татарка, праўду пра яе Севяранін напісаў, дзікая нейкая..."

І цягнулася да яе.

Паўліна, Паўліна...

Праз усе трыццаць тры гады іх сустрэч і расстанняў, праз Вільню і Пецярбург, праз Мінск і Маскву яна прабегла, каб у апошнюю сустрэчу сказаць задыхана: "Я для цябе нарадзілася, а ты для мяне памёр".

Вось пра што трэба было напісаць паэму…

Калі ён п’есу пісаў, якую назваў "Паўлінка", пра Паўліну і думаць не думаў. А вось жа як супала… І яму не магло не прымроіцца, што супала не выпадкова, не проста так. Што лёс...

У нечым яно так і выйшла. Нездарма ж яна прыдумала, што для яго нарадзілася. А, можа, і не прыдумала. З часам яму ўсё болей здавалася, што тую Паўліну, якой яна была, ён так і не ўбачыў. Не разгадаў, не зразумеў. Няхай не была яна такой, як Ганна, актрысай, і не была такой жанчынай, як Ганна, але ёй, калі яны пазнаёміліся ў Вільні, не споўнілася й сямнаццаці - і яна магла такой, якой ён хацеў, стаць.

- Калі б магла, дык стала б, - казала яму княгіня Магдалена Радзівіл, гаспадыня маёнтку ў Кухцічах, дзе пасля спектакля "Паўлінка", на пастаноўку якога ўгаварыла яе Паўліна, раптам завяла размову пра іх адносіны. Прычым, як пра свае з ім, гэтак і пра ягоныя адносіны з Паўлінай, пра якія, бо размова даверлівай была, збольшага ён распавёў.

Асабліва й распавядаць не было пра што. Так, яны былі блізкія, і якраз тады, калі сустрэліся пасля Вільні ў Пецярбурзе, дзе ставіўся спектакль "Паўлінка", у якім Паўліна грала галоўную ролю, але нічога з таго не вынікла. Ні на сцэне, ні ў жыцці. "Бо яна, - казала на гэта княгіня, не тая актрыса, якая марыць пра ролю жонкі, і не тая жанчына, якая шукае сям’ю і дзяцей. Яна жанчына, якая шукае прыгодаў. І яны ў яе, павер мне, будуць".

Магдалена казала так, нібы сама прыгодаў не шукала.

Яна моцна ўразіла яго, княгіня Марыя Ева Магдалена Завіша-Красінская-Радзівіл. У першую ж хвіліну іх знаёмства здзівіла: "Вы беларускі паэт - я беларуская княгіня. Ведаеце, чаму беларуская? Не толькі таму, што польскіх ці рускіх княгінь хапае - я паўсюль сядзела б у чырвоным куце. Але я адчуваю, што я не польская і не руская. Іншая - і ўсё тут. Вось і вы - іншы. І не па-польску, - падала яна газету з ягоным санетам "Przestańcie marzyć o sławnej przeszłości..." - гэта напісана. Калі глядзець, дык нібы па-польску, але не. Бо вы не паляк, мысленне ў вас іншае. "Sercem poddajcie się losów swawoli..."  - прыцягальным голасам, у гэтай жанчыны, старэйшай за яго на дваццаць гадоў, быў прыцягальны, заманлівы голас, працытавала яна радок санету, - як гэта па-нашаму!.."