- Так, але...
Мяркулаў нахіліўся над сталом бліжэй да арыштанта:
- Але вам пра мяне нават падумаць няма чаго?
- Бадай што... - паспрабаваў адсунуцца арыштант, але зэдаль, на якім ён сядзеў, быў прыкручаны да падлогі, і камісар ударыў. 3 носа арыштанта лінула кроў, а з раструшчанай папяроснай гільзы сыпануў тытунь.
Мяркулава здзівіла, што столькі крыві. На трэці дзень па смерці.
Адна актрыса Малога тэатра, з якой быў у яго маленькі раман і якую пасяліў ён у "берыеўскім" доме на Кацельніцкай, неяк сказала, прыдыхаючы, яны ўсе ў Малым тэатры прыдыхаюць: "У вас, Усевалад Мікалаевіч, адчуваецца кроў..."
Так, кроў адчуваецца.
- Цяпер ёсць што пра мяне падумаць?.. - спытаў ён, падзьмуўшы на кулак, на сярэднім пальцы якога задралася на костачцы скурка. - Вы ведалі, што немцы вашым іменем назвалі вуліцу ў Мінску?
Арыштант дастаў карычневую з чырвонымі кантамі насоўку, закінуў галаву назад. Прагаварыў цераз насоўку:
- Нядаўна я ў адной актрысы на Кацельніцкай гасцяваў. Яна сказала, што вы шляхціч. І пішаце п’есы.
Мяркулаў зірнуў насцярожана.
- Вы гэта да чаго?
- Ды так... Адчуваецца, што шляхціч. І што п’есы пішаце.
- Як адчуваецца? - аблізаў камісар збітую скурку на пальцы. - Калі вы ў лесвічны пралёт... Насмерць.
Арыштант адняў насоўку.
- Таварыш Сталін сказаў, што я жывы. Ці вы не згодны?
Гэта было так нечакана, што камісар разгубіўся. На момант, але разгубіўся - нават тытунь са стала на калені змахнуў.
Скуль гэты нябожчык ведае, што Сталін сказаў? Калі ён, камісар Мяркулаў, сам пра тое толькі сёння ўраніцы дазнаўся?
- Я згодны з усім, што кажа таварыш Сталін. Але лепш бы вам памерці. Вы не ўяўляце, што вас чакае, - трыма рэзкімі рухамі строс камісар тытунь з каленяў, кінуўшы пранізлівы позірк на арыштанта, які памаўчаў і сказаў: "Дык і вы не ўяўляеце".
Пра тое, што пасля смерці Сталіна яго расстраляюць разам з Берыем як ворагаў народа, камісар Мяркулаў, вядома, і падумаць не мог. Дый не да таго было. Ён думаў і думаў пра адно: што рабіць? Як ратавацца? Калі Берыя ўзяўся за яго, дык хто можа дапамагчы? Ніхто, апроч...
Выходзіла, што ніхто, апроч Сталіна. Але для гэтага трэба з ім спаткацца. А каб спаткацца, трэба патэлефанаваць. А каб патэлефанаваць, трэба мець прычыну. Важкую, бо інакш... Бо інакш скажа, як генералу Ваннікаву: "Вы тэлефануеце мне, бо не ведаеце, чым заняцца? Я знайду народнаму камісару ўзбраенняў занятак..." І назаўтра Мяркулаў дапытваў генерала Ваннікава, які, аказалася, уваходзіў у падпольны антысавецкі ўрад, створаны нямецкай выведкай па прапанове Гімлера.
- Не падумайце нешта благое, мне проста цікава, пра што вы з ім гаварылі? - чамусьці сцішана, нібы баючыся, што іх падслухоўваюць, спытаў арыштант, і камісар, забыўшыся, што гэты Луцкевіч не адказаў яшчэ на пытанне пра тое, ці ведаў ён, што ягоным імем немцы ў Мінску вуліцу назвалі, ускінуў галаву: "3 кім?.." І тут жа зразумеў, пра што арыштант пытае. Яму цікава, якія размовы мог весці першы намеснік наркама НКУС Мяркулаў з кіраўніком гестапа рэйхсфюрэрам Гімлерам? Перад вайной, позняй восенню 1940 года ў Берліне. На сняданку, які міністр замежных спраў СССР Молатаў даў у гонар міністра замежных спраў Нямеччыны Рыбентропа.
- Дамаўляліся пра сустрэчу таварыша Сталіна з Гітлерам? - дапытаў Купала, і па спіне камісара прабег халадок.
Скуль гэты Луцкевіч пра тое ведае? Берыя яму сказаў?.. Тады гэта зусім не гісторыя з беларускім паэтам, якога скінулі ў лесвічны пралёт. Што ж тады гэта?..
- Давайце яшчэ раз спачатку, - выпрастаў пахаладзелую спіну суту-лаваты камісар. - Калі і з кім вы апошнім часам сустракаліся, пра што размаўлялі?
Купала не адчуваў часу ранейшага ці пазнейшага, таму спытаў: "Якім апошнім часам?" - і калі камісар удакладніў: "Гэтымі днямі", - адказаў, задуменна на камісара гледзячы: "3 Ісусам".
- 3 кім?
- 3 Ісусам Хрыстом.
Мяркулаў помніў тое, што сказаў яму Берыя: чалавека, які гэтымі днямі размаўляў з Хрыстом, ажывілі дзеля публічнага працэсу, каб паказаць, як мясцовы нацыяналізм зліваецца з фашызмам. Пры старанні можна было б, вядома, звязаць нацыяналізм з фашызмам і праз Хрыста, але Мяркулаў быў усё ж не дубаломным лубянскім следчым, а намеснікам наркама ўнутраных спраў, таму пацікавіўся выключна дзеля інтарэсу:
- Пра што была размова?
- Пра няспраўджаныя спадзяванні. Ён сказаў, што яны бываюць не толькі ў людзей, але і ў Бога.
Нечакана для яго самога Мяркулава гэта зацікавіла.
- Так-так, - крутнуў ён запальнічку на стале. - І на што ж не спраўдзіліся вашы надзеі? На вашу Беларусь?.. На цуд?.. На вашых тутэйшых?
Арыштант маўчаў. І па выглядзе ягоным відаць было, што не надта хацеў адказваць.