Выбрать главу

Такіх размоў у такіх кабінетах з Віктарам дасюль не вялі. "Так, - сказаў ён, - адчуванне знаёмае", - не ведаючы, што яшчэ можна сказаць партыйнаму сакратару, які прызнаецца, што пражыў жыццё ў фальшы, а той узяў паперку са стала: Віктар падумаў, што зараз вершы будзе чытаць. "Танкевіч мне сказаў, што ў вас кватэры няма. Наймаеце. Мы падрыхтавалі ліст да гарадскіх уладаў, - падаў яму паперку Кісель. - Думаю, вырашаць пытанне, не адмовяць". І сакратар ЦК падняўся з-за стала, даўшы зразумець, што вершаў чытаць не будзе:

- Ёсць яшчэ пытанні?

Віктар таксама падняўся.

- Просьба ёсць.

- Якая?

- На майго сябра напісалі данос, праз які яго звінавацілі ў антысаветчыне, выгналі з працы. З Акадэміі навук. Цяпер ён з’язджае за мяжу. А ён геніяльны вучоны. І застанецца геніяльным вучоным, але ўжо там, а не тут. Хіба гэта ў інтарэсах дзяржавы? У інтарэсах партыі?

Кісель зірнуў на Віктара так, нібы вырашаў, пачуць ягоную просьбу, ці не пачуць? Нарэшце ўзяў аловак:

- Прозвішча вашага сябра?

- Цапман. Марат Цапман.

- Вы адказваеце за яго?

Такога пытання Віктар не чакаў. Але што ж цяпер…

- Адказваю.

- Добра. Гляну, што можна зрабіць.

- Глядзець няма калі. Самалёт сёння ўвечары.

- Дык што ж я магу? Хай ляціць. Разбярэмся тут, а пасля…

- Не будзе пасля. Паляціць - не вернецца.

Кісель кінуў аловак на стол.

- Вы хочаце, каб мы яго затрымалі і разабраліся?

- Так. Я хачу, каб яго затрымалі і разабраліся. І я за яго адказваю.

Відаць было, куды захацелася Кісялю паслаць Віктара з ягонай просьбай, і чыста партыйны функцыянер гэтак бы і зрабіў, але ў гэтым функцыянеры жыў савецкі інтэлігент, які насуперак партыйнаму функцыянеру сказаў: "Добра. Давайце паспрабуем".

- Як і абяцалі, машына чакае, завязем вас на вашу малую радзіму, - правёў Віктара да ліфта памочнік Кісяля і спытаў, калі Віктар у ліфт ступіў: "Вы ў Маскву перабіраецеся? Да жонкі?" - "Да якой жонкі?" - "Выбачайце. Кажуць, вы з дачкой Грачына ажаніліся".

Вось чаму кватэра! А не таму, што да паэтаў асаблівае стаўленне. Не было - і раптам з’явілася. Таму і сустрэча ў прыёмнай, і каньяк… Вось толькі з Машэравым і з тым, што фальшывае жыццё пражыў, не зусім зразумела. Трэба Бура спытаць, Бур гэтага Кісяля лепей ведае.

Бур і Машэрава лепей ведаў. Гібель ягоную ўспрыняў як нацыянальную катастрофу. Яны былі землякі з Машэравым, той спагадліва да яго ставіўся, дапамагаў рабіць кар’еру. Гэта важна для Бура было. Аднойчы Віктар спытаў яго: "Табе мала паэтам быць?" - і Бур адказаў, імгнення не прамарудзіўшы: "Мала!" Машэраў паставіў яго кіраваць радыё і тэлебачаннем - і раптам…

Віктар працаваў у той час на тэлебачанні, якім кіраваў Бур і якому ўдалося пераканаць Машэрава стварыць нацыянальны тэлеканал. "Вось за гэта! За тое, што нацыяналіст, забілі! - гарачачна казаў Бур пасля пахавання Машэрава. - Былі іншыя варыянты, кампрамат рыхтавалі. Вось глядзі, што ў французскай газеце. "Галоўны апазіцыянер рэжыму Брэжнева Пётр Машэраў у Парыжы". Думалі спачатку проста зняць яго. А пасля перадумалі". - "Ды за што яго здымаць было, які ён апазіцыянер?" - "Для цябе ніякі. А для іх такі, што нанялі французскага журналіста, кампрамат праплацілі. Ты не ўяўляеш, якіх грошай не шкадуюць на такія рэчы!"

Разгледзець у Машэраву апазіцыянера было гэтак жа няпроста, як у Кісялі героя. Ён быў прававерны камуніст, у якім апазіцыйнае было хіба тое, што калі ўсе савецкія начальнікі стаялі на трыбунах падчас парадаў у шэрых плашчах і капелюшах, ён стаяў з голай галавой. Але ў гэткім жа шэрым, як ва ўсіх астатніх, плашчы. А ўжо нацыяналіста ўбачыць у ім можна было толькі ў наўмысна змайстраваных дзеля гэтага акулярах. Менавіта пры ім Беларусь пачала страчваць мову, пры ім у Мінску зачыняліся беларускія школы, пры ім быў паранены, пабураны ў сталіцы стары горад, а ўжо колькі было парушана па ўсёй Беларусі храмаў, столькі ворагі не парушылі ва ўсіх войнах! А Бур гэтага як бы не бачыў, нібы наўмысна зробленыя акуляры меў. Бачыў тое, што хацеў бачыць, праз што ўзнікала надзея. "Чуў бы ты, што ён у размовах сам-насам кажа! Усё прагніло! Усіх трэба мяняць, найперш Брэжнева…"

"Можа, яго забілі, каб ён на XXVI з’ездзе партыі не выступіў?" - нявесела падумалася Віктару, а кіроўца, які вёз яго ў Крэва, спытаў: "Можа, у Смаргоні да бацькоў вашых падвернем? Вы ж толькі ўчора прыехалі, не бачыліся".