Выбрать главу

- І ў мяне была. Не забіраць жа было пры разводзе.

- Пэўна ж, не забіраць, - згадзіўся бацька. - Нахрана тая хата? Наша хата - чамадан.

Віктар залез у кішэнь, дастаў паперу, якую даў яму Кісель.

- Прачытаць, што тут напісана?

- Я сам чытаць умею, - узяў паперу бацька. Прачытаў, аддаў. - Моцна ж ты лізнуў Брэжневу, раз кватэру даюць.

Брэжнева бацька не любіў. "Ён прыдумаў сябе не вайне. Хлопцы гінулі, а ён прыдумаў, што герой".

Не любіў і Машэрава, бо партызан. "Ведаем мы, як гэтыя партызаны ваявалі. Усю вайну на печы прасядзелі, дзевак ціскаючы, а як фронт падышоў - пабеглі масты падрываць. Абазначыцца: і мы тут! Перад нашай калонай падарвалі, давялося ўброд. А там рака нейкая бяздонная, хто ж ведаў. Думалі, маршам пройдзем. Адзін экіпаж патануў. З маім земляком з Сухога Логу. І мне твайго Машэрава любіць?"

- Чакайце… - абсела з патэльняй у руках маці. - Якая кватэра?.. Што ў гэтай паперы напісана?

- У паперы напісана, што твой сын сракаліз. І вылізаў сабе кватэру.

- Тут так не напісана, - забраў Віктар у бацькі пісьмо Кісяля. - Тут, мама, напісана вось што. "Просім разгледзець магчымасць выдзялення асобнай кватэры сябру Саюза пісьменнікаў Беларусі Маргеру В.П." Подпіс Кісель Ц.Я. І ўсё. Ні пра задніцу, ні пра іншае месца, якое можна лізаць, тут ні слова.

- Хо-хо-хо, - заківаўся на зэдлі бацька. - Не пра ўсё пішуць.

- Гэта які Кісель? - махнула на яго рукой маці. - Мінскі?

- Так, мінскі.

- А паслухаюць яго? Зараз жа гэтакі час: ніхто нікога не слухае. У нас нават галоўнага бухгалтара і таго…

Бацька стукнуў кулаком па стале - патэльня з яечняй падскочыла.

- Ды яму кляп у рот! Каб не разяўляўся! Ведаеш, што на партсходзе сказаў? Што XXVI з’езд КПСС акрэсліў праграму дзейнасці Смаргонскай МТС уключна з бухгалтэрыяй! З’езд уключыў ягоную сраную бухгалтэрыю ў сваю праграму! І ўсе сядзяць, слухаюць, ніхто ў дурдом не тэлефануе! Партайгэносэ наш: "У каго якія пытанні?.." Я кажу: у мяне. І спытаў…

Маці, пэўна, не аднойчы чула, пра што спытаў бацька яе начальніка, таму не стала яшчэ раз слухаць, усур’ёз узлавала.

- Спытаў ён! Пасядзеў бы ціха! Так файна жылі з чалавекам! А цяпер? Насустрач ідзе - адварочваецца.

Бацька таксама ўзлаваўся.

- Во! Чуў?.. Ён даносы на мяне пісаў - і мы файна жылі! А цяпер, калі я сказаў, хто ён такі, адварочваецца. Дык няхай! Дасць Бог, шыю скруціць, сексот!

Бацьку было на што злаваць: праз усё жыццё на яго пісалі і пісалі даносы. Сядзеў бы ціха, не пісалі б, але ён не мог ціха сядзець: праз усё жыццё шукаў справядлівасць у свеце.

Свет гэты ён з аднолькавай сілай і любіў, і ненавідзеў. Маці казала, што нянавісць у ім ад вайны, але Віктару, асабліва тады, калі быў малы, здавалася, што вайну бацька любіў. Там, у ёй, у вайне засталіся ўсе ягоныя сапраўдныя сябры, і засталася нейкая найвышэйшая, аднаму яму зразумелая справядлівасць. Хоць якраз у час вайны напісалі на бацьку данос, па якім яго забралі ў штрафную роту і, кантужанага, цяжка параненага, палічыўшы забітым, пахавалі.

Ён выкарабкаўся з магілы. І, магчыма, праз тое, што, хоць быў пахаваны, але выжыў, пасялілася ў ім адчуванне справядлівасці. А праз тое, што мог не выжыць па даносе, увайшла ў яго найбольшая з усіх нянавісцяў, якія ў ім былі: нянавісць да сексотаў.

Усё дзяцінства Віктара было пазначанае меткамі той нянавісці. Крыкамі бацькі: "Падлюкі! Сукі!.." Стрэламі з пісталета, калі ён дазнаваўся, што зноў на яго нешта "намалявалі". Праз бацьку нянавісць да сексотаў увайшла і ў Віктара, даносы для яго сталі тым, у чым выяўляецца чалавечая подласць.

У дзяцінстве праз гэта было проста страшна.

Нейкі час бацька быў старшынёй сельсавета, і на яго данеслі, нібы ён згнаіў жыта ў полі. А тады за адзін каласок садзілі. Бацька ведаў, хто данёс, прыйшоў да таго сексота з пісталетам. Не застрэліць, папалохаць, а той напісаў, што забіць хацеў. І аднойчы прачнуўся Віктар ноччу ад грукату ў дзверы. "Маёр Вырак! - уварваўшыся ў хату, тыцнуў бацьку ў твар чырвонае пасведчанне з адціснутамі на ім мечам, сярпом і молатам чалавек у ботах з ялавай скуры з хромавымі халявамі, у сініх з малінавым кантам галіфэ, у зелянковага колеру гімнасцёрцы, падперазанай скураной дзягай з кабурой на правым баку, з якой выхапіў ён пісталет. - Здаць зброю!"

Бацька стаяў у споднім, у працёртых ззаду белых кальсонах і выглядаў перад хромава-бліскучым маёрам жаласна. Яшчэ жаласней за маці, якая таксама ў споднім, толькі хустка на плячах, глядзела на маёра з жахам - і з жахам малілася на яго. Гэтак глядзела і гэтак малілася, што Віктар заплакаў, калі болем кальнула ягонае спалоханае маленькае сэрца. І тут бацька выпрастаўся: "Не плач, сынок! Маглі б не ўночы, маёр. І без дзяцей…" - а той бабах у столь: "Зброю здаць!"