Выбрать главу

- Падымайцеся, - уздыхнула маці, якая хоць і занесла гасцінец кіроўцу, усё адно праз тое, што ён доўга чакае, вінавацілася.

Яна не пайшла праводзіць сына, бо заўсёды, калі праводзіла, плакала, а плакаць пры кіроўцу, незнаёмым чалавеку, было няёмка, таму праводзіў бацька, які ніколі не плакаў. Нават тады, калі застаў аднойчы сына з вяроўкай на шыі, не пашкадаваў яго, не заплакаў, а сказаў: "Калі зноў такое надумаеш, скажаш мне. Я пісталет дам, з ім самагубства будзе выглядаць больш па-мужчынску, чым з вяроўкай".

XXXV

- Устаць! Суд ідзе! - крыкнуў нехта, як здалося, зверху, з-пад даху, дзе лятала на вянку Спагада, і ў залу ўвайшлі пракурор Ляплеўскі, маршал Тухачэўскі і старшыня таварыства аматараў крэмацыі Кашкадамаў. "У яго твар, нібы яму залаты зуб уставілі. Ці ён у карты ў маршала з пракурорам выйграў", - голасам, якім прамаўляюць, калі не чакаюць нічога добрага, сказаў Маякоўскі, але Купалу ўсё адно было, як выглядае, выйграў у маршала ці прайграў пракурору старшыня таварыства аматараў крэмацыі.

- Мне Паўліна, калі год таму ў Маскве сустрэліся, я ў Казань ад’язджаў, сказала: "Помні, Янка, за тое, што ты пакінуў у пылаючым доме матку, зямля родная не прыме праху твайго ў лона сваё!" - вінаваціўся Купала, не зважаючы на тое, што робіцца ў зале, дзе нябожчыкі мітусліва пачалі ўставаць, і першай, бо сядзела тварам да залы ў прэзідыуме на месцы Кашкадамава, падхапілася таварыш Коган, а поўны важнасці Кашкадамаў кінуў ёй, падышоўшы да стала: "Брысь!" - і таварыш Коган дробненька заківала: "Калі ласка, калі ласка..." - прапускаючы ў прэзідыум Ляплеўскага, які пачакаў, пакуль стануць поплеч Тухачэўскі з Кашкадамавым, дастаў паперыну з тэчкі: "Пратакол № 1 судовага паседжання тройкі Маскоўскага крэматорыя імя таварыша Сталіна…"

- 3 Мінска ў Маскву выпраўляючыся, я набраў, колькі ў машыну ўлезла, барахла, якога за жыццё мне надавалі, якім куплялі мяне, і я разумеў, што купляюць, але браў, браў, браў, а тую, якая само жыццё дала, пакінуў, ёй месца не хапіла, вось і мне не хапае месца, родная зямля прах мой не прымае, - гаварыў і гаварыў Купала, не слухаючы Ляплеўскага, які за час, пакуль засядала тройка, гэтак набраў сталінскіх інтанацый і стаў такі падобны да правадыра, што зала не стрывала, крыкнула "ура!", але нядружна, і Ляплеўскі паглядзеў пахмурна, незадаволены ці то тым, што нядружна крыкнулі, ці то тым, што ўвогуле закрычалі - суд, маўляў, не сход. "Слухалі, - працягваў ён, - справу Луцэвіча (Купалы) Івана Дамінікавіча, 1882 года нараджэння, кіраўніка "Саюза вызвалення Беларусі", контррэвалюцыйнай, нацыяналістычнай, антысавецкай арганізацыі, дзейнасць якой была скіраваная на аддзяленне БССР ад Саюза Савецкіх Сацыялістычных рэспублік, на распад СССР, на ліквідацыю заваёў Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і аднаўленне ўлады памешчыкаў і капіталістаў. Пастанавілі: Луцэвіча (Купалу) Івана Дамінікавіча - раскрыжаваць!"

Залу нібы хваляй хіснула… Таварыш Коган, хіснуўшыся, гэтак часта заміргала вейкамі, як крыльцамі страказа, і, калі б вейкі былі ў яе большыя, яна магла б узляцець на вянок да Спагады, якая закружыла пад дахам: "Не слухайце вы Купалу, не слухайце, ён на сябе нагаворвае, наўмысна нагаворвае, каб яго пакаралі, бо маці ягоная ў Мінску памерла, і ён думае, што вінаваты, але якая ягоная віна, калі ён клікаў яе з сабой, а яна не захацела, не паехала, куды і чаго, спытала, ехаць мне ў маім веку, сыне, на чужыне паміраць, дык лепш я ў хаце сваёй памру, беларусы нічога гэтак не трымаюцца, як хаты сваёй, вось і памерла яна ў сваёй хаце, бо час настаў, ніхто ёй смерць не прыспешваў, а ён думае, што прыспешыў, нават у тым сябе вінаваціць, што загінуў, а яна адчула, што загінуў, і сэрца яе не вытрывала…" - галасіла, лятаючы, Спагада, але ніхто яе не чуў.