- Вы сказалі яму, на што спадзяваліся?.. - перапытаў камісар, раптам адчуўшы, што тут можна за нешта зачапіцца, але арыштант пахітаў галавой: "Не. Я з Ім не гаварыў. Толькі Ён са мной".
- Вы размаўлялі, не размаўляючы? Як гэта?
- Проста. Ён казаў - я слухаў.
- А калі б гаварылі, сказалі б?
- Не.
- Чаму? Хіба надзеі вашы такія, пра якія сказаць нельга?
- Не.
- Чаму ж тады?
- Бо яны не спраўдзіліся.
Мяркулаў ад пачатку бачыў, што размова з гэтым чалавекам будзе не простай. Таму дарма ён дазволіў сабе адхіліцца на старонняе ў ёй. На тэалагічную гутарку. Але ўсё ж не стрываў, каб не спытаць:
- А на што не спраўдзіліся надзеі Хрыста?
Арыштант паглядзеў на камісара, нібы ўзважваючы, ці адказваць. Узважыўшы, адказаў так, як адказваюць, калі некаму ў нечым моцна спачуваюць.
- Як я зразумеў, на Страшны суд. На ўваскрашэнне з мёртвых.
Мяркулаў Хрысту не паспачуваў.
- Не выйшла ў Бога! А ў нас выйшла! І тое, і другое!.. - пляснуў ён па цёмна-зялёнай тэчцы, як кропку ў тэалагічнай размове паставіў, і выглядала, быццам ён задаволены тым, што прароцтвы Хрыста не спраўдзіліся: на ўваскрашэнне пасля Страшнага суда камісар, пэўна, не разлічваў. - Дык ведалі вы, - разгарнуў ён тэчку, - што немцы ў Мінску назвалі вуліцу вашым іменем? Ці не ведалі?
Такога рэзкага развароту ў размове арыштант не чакаў. Напружыўся, торгнуў скуламі. Адной, другой...
- Не. Я ў Казані быў, скуль мне было ведаць, што ў Мінску немцы робяць?
"Скуламі ён торгаць будзе. 3араз ты ў мяне паторгаешся," - вырашыў пачаць сапраўдны допыт камісар і ўзяў паперыну з тэчкі.
- 3начыць, не ведалі. А вось тут напісана: "Немцы, гэтыя крывавыя дзяблы яшчэ прабуюць прыкідвацца нявіннымі авечкамі і спекуляваць сумленнымі і чыстымі імёнамі! Кажуць нават, што яны вуліцу, на якой я жыў у Мінску, назвалі маім імем". Напісана і скрэслена. Вамі скрэслена?
- Мной.
- А кім напісана?
- Сакратаром ЦК таварышам Гарбуновым.
- Для чаго?
- Для дакладу.
- Якога дакладу?
- Які сакратар ЦК таварыш Гарбуноў напісаў для мяне, каб я прачытаў яго на сесіі Акадэміі навук Беларускай ССР.
- У Казані?
- У Казані.
- Дзе вы не ведалі, што немцы робяць у Мінску?
- Так. Дзе я не ведаў, што робяць у Мінску немцы.
"Вось цяпер самы момант спытаць, скуль і што ён ведае пра Берлін?" - мільгнула ў галаве камісара, і ён спытаў, рэзка наперад падаўшыся:
- Вы не ведалі, што робяць немцы ў Мінску, але вам вядома, што намеснік наркама ўнутраных спраў рабіў у Берліне? Адкуль?
Ягонае пытанне ніколькі Купалу не збянтэжыла.
- Нічога я тады не ведаў. Гэта цяпер я ўсё ведаю. Не ведаю толькі, адкуль? І навошта?
Відаць было, што арыштант не хітруе. Не прыкідваецца. І яшчэ было відаць, што пра тое, што ведае, ён нікому не збіраецца распавядаць. Таму камісар, паспакайнеўшы, вярнуўся з Берліна ў Казань.
- Але ж сакратар ЦК таварыш Гарбуноў напісаў вам, што немцы робяць у Мінску. А вы тое, што напісаў сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, скрэслілі! Выкінулі! Так?
- Так.
- Чаму? Бо не згодны з нацыянальнай палітыкай партыі?
Мяркулаў часта карыстаўся такім прыёмам: знянацку задаць пытанне, якога, зыходзячы са зместу размовы, чалавек ніяк не чакае. І апошняе пытанне відавочна было для арыштанта больш нечаканае, чым папярэдняе. Яно, здавалася, прыгорбіла яго, і хвіліну ён сядзеў моўчкі, нібы нешта ўспамінаючы. Пасля, выпрастаўшыся на зэдлі, прагаварыў - і толькі глухі б не пачуў і сляпы не ўбачыў бы, як яно нялёгка яму далося:
- Так, я не згодны з нацыянальнай палітыкай партыі.
- Што? - маланкава зыркнуў на яго камісар, дастаючы з тэчкі кнігу, якая ляжала ўнізе пад паперамі, і арыштант сказаў цвярдзей, нібы пасмялеўшы:
- …але гэта цяпер я магу сказаць, што не згодны, а раней.
Камісар кінуў кнігу і рэзка адчыніў шуфлядку стала.
- Наце! - падаў ён чысты аркуш паперы, паклаўшы яго, каб лепей пісалася, на тэчку, якую пасунуў да Купалы. - Напішыце тое, што сказалі.
- …а раней не мог, бо баяўся, што заб’юць, ды вось усё адно забілі, хоць маўчаў і баяўся... адно што вершы пра тое пісаў, але што тыя вершы... - скамечыўшы паперу, дагаварыў арыштант і ўперыўся позіркам у вокладку тэчкі: - Гэта не я.
- А хто? Я?.. - раззлаваўся Мяркулаў, падумаўшы, што арыштант кажа пра скамечаную паперыну, а той ткнуў пальцам у тэчку: "Тут не маё прозвішча напісана. Я не Луцкевіч".
Да камісара нарэшце дайшло, пра што ён.
- Тады хто вы?
- Я Луцэвіч, - дастаў з левай унутранай кішэні пінжака партманэт з харчовымі карткамі і пасведчанне сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў арыштант. - Іван Луцэвіч. Літаратурны псеўданім: Янка Купала. І я ніколі палітыкай не займаўся.