Выбрать главу

Ляплеўскі, склаўшы паперы ў тэчку, сеў за стол. Селі Тухачэўскі з Кашкадамавым.

Зала стаяла.

- Нешта не зразумелі?.. - падаў нарэшце голас маршал Савецкага Саюза, і, калі вайсковец, які паціснуў руку Несцярэнку, сказаў, што паколькі ў нас няма Бога, а, значыць, не можа быць святых, ён згодны з тым, што Сароўскага з Кашынскай трэба расстраляць, але не зусім разумее, за што таварыш Коган расстрэльваць?.. - дык тут жа Кашкадамаў, які аддыхаўся і адкашляўся, ускочыў:

- А хто выступаў за тое, каб зрабіць нацыяналіста ганаровым сябрам крэматорыя імя таварыша Сталіна? Не таварыш Коган? Я ўвогуле спаліць яе прапаноўваў, як ведзьму! Дык таварыш маршал заўпарціўся: маўляў, нейкае сярэднявечча… А нацыяналізм - не сярэднявечча? Тым больш беларускі, які небяспечней за любы іншы. Бо хто - беларусы? Рускія людзі! А прыдумалі нейкую сваю нацыю, мову!.. Калі ёсць тут адукаваныя нябожчыкі-партыйцы, - доўжыў Кашкадамаў з інтанацыяй, з якой вынікала, што, як мінімум, адзін адукаваны нябожчык-партыец тут ёсць, - дык яны ведаюць, што не было й няма ніякай беларускай ці нейкай там украінскай мовы, культуры. Гэта прышчэпы дзічак, зробленыя нацыяналістамі на вялікім рускім дрэве. І каб дрэва рускае не змарнела, каб расло, шумела, каб з яго не выпілі, не высмакталі ўсе сокі, нельга чакаць, пакуль здзічэлыя галіны высахнуць, абламаюцца самі! Трэба абсекчы іх! І сякера павінна быць у бязлітасных сталёвых сталінскіх руках!" - скончыў і сеў Кашкадамаў, пасунуўшыся бліжэй да Ляплеўскага, які спытаў, выступам старшыні таварыства аматараў крэмацыі відавочна задаволены: "Спадзяюся, больш ні ў кога ніякіх пытанняў няма?"

Нябожчыкі маўчалі. Стаялі, перамінаючыся з нагі на нагу, і, нібы нечага чакаючы, глядзелі на Купалу.

Купала глядзеў у сябе. І бачыў там, у сабе, маці. Так дзіўна бачыў, нібы яна жыла ў ім, як некалі ён жыў у ёй, каб нарадзіцца. І яму згадалася паданне, апошняе з усіх, якія яна распавядала. Нядаўна - незадоўга да вайны. Незадоўга да таго, як ён яе ў вайне пакінуў.

У адной жанчыны, вядзьмаркі, нарадзілася мёртвае дзіця. Хлопчык. Ён быў гэтакі ладны, прыгожы, што ніхто веры даць не мог, што нежывы. Вядзьмарка грэла яго на сваіх грудзях, карміла сваім вядзьмарскім малаком - і неяк так начаравала, што мёртвы хлопчык рос, навучыўся хадзіць, чытаць, пісаць, а дарослым стаўшы, ажаніўся, дзяцей нарадзіў. Шмат дзяцей - мёртвых ад мёртвага. І ягоныя мёртвыя дзеці нарадзілі сваіх мёртвых дзяцей, ніхто з якіх не паміраў, бо не паміраюць нежывыя. А жывыя паміралі, з часам іх зусім не стала, толькі мёртвыя жылі, якія ўжо й не ведалі, што яны мёртвыя, што гэты свет падмяніўся на той, што даўно ўжо тут, а не там, пекла, што тут, а не там, грэшнікі, якія адзін аднаго прадаюць і купляюць, купляюць і прадаюць, страляюць, паляць, сякуць, не шкадуючы, бо пашкадаваць мёртвага можа толькі жывы, - і гэтакі жах віраваў на зямлі, што жахнулася нават, бо жывая была, вядзьмарка…

"Мёртвае, Янка, нават самае найблізкае, найдарагое, мусіць паміраць, а жыць павінна жывое", - казала маці, распавядаючы далей, як збірала вядзьмарка на пагорках і ў лагчынах, па балотах і нізінах жывіцу-траву, травінку да травінкі, як страсала купальскую расу, расінку да расінкі, як варажыла і зелле варыла, як плакала, калі сына паіла, бо ведала, што далей будзе, і падалі ў кубак слязінка за слязінкай, як ажыў, выпіўшы зелле, яе сын і стаў казаць мёртвым тое, чаго ніхто ім не казаў, што яны мёртвыя, і стаў іх вучыць, як ім ажыць, пакаяцца і палюбіць адно адное, ды яны не слухалі, не чулі, і тады маці, калі прамаўляў сын да мёртвых на Храмавай гары, укалола яго кончыкам нажа, якім адрэзала некалі пупавіну, і ён успомніў сябе ў маці, і той сон успомніў, які ў ёй сніў, як стаіць ён на Храмавай гары і прамаўляе да мёртвых, вучыць іх, як ім ажыць, як палюбіць адно адное, а з-пад сэрца ягонага цячэ крывінка, і ўсе мёртвыя, унюхаўшы пах жывой плоці і крыві, накінуліся на яго, як звяры, сталі рваць на шматкі, жэрці жывую плоць ягоную і смактаць жывую кроў - і пачалі ажываць ад жывога, і мусілі б, жывыя, пакаяцца ў тым, праз што змярцвелі, але не пакаяліся. Высмакталі кроў, крывінку да крывінкі - і не пакаяліся.

"Усё пачынаецца з таго, чым сканчаецца, і сканчаецца тым, з чаго пачынаецца, але навошта, для чаго яны ажылі, калі і жывыя робяць тое самае, што рабілі мёртвыя, прадаюць адзін аднаго і купляюць, купляюць і прадаюць, страляюць, паляць, сякуць, не шкадуючы?.. Дзеля чаго была ахвяра?" - пытаўся ён у маці, але яна не магла адказаць, бо памерла.

"Жыла-была беларуская мова..."

- Што ж, калі пытанняў няма, тады па працэдуры... - дастаў яшчэ адну паперу з тэчкі Тухачэўскі. - Працэдура такая: спачатку раскрыжаванне, пасля расстрэл. Вырак суда па пратаколе нумар адзін выконваюць асуджаныя па пратаколе нумар два. Вырак суда па пратаколе нумар два выконваюць...