Выбрать главу

Любячы навальніцы ў Крэве, ён любіў іх паўсюль. Кідаўся пад залевы, пад грамы з маланкамі ўсюды, дзе мог. І залевы абмывалі яго, маланкі бліскалі ў вачах, грамы ў вушах грымелі. Але гэта былі не тыя залевы, не тыя грамы з маланкамі, пад якімі ён нарадзіўся. Пад імі не знаходзіў ён у сабе той сілы, якая ламала і кідала за небасхіл маланкі ў Крэве. І не адчуваў дрыжыкаў зямлі.

Не ў Крэве адчуў ён такое толькі аднойчы, калі стаяў пад грамамі з маланкамі на крутым, абрывістым беразе Волгі - ракі, на якой нарадзіўся ягоны бацька. Уявіў, як ён, бацька, малады, моцны, поўны сілы і веры ў сваю сілу, у тое, што возьме ў жыцці ўсё, што ў ім можна ўзяць, тут, на Волзе, і недзе там, дзе ён яшчэ будзе, на пакуль невядомай яму рачулцы Крэўлянцы, дзе возьме ён пакуль невядомую яму жанчыну, якая народзіць яму пакуль невядомых дзяцей, і адзін з іх будзе ім, Віктарам, і, ўявіўшы яшчэ, колькі для гэтага на Волзе і Крэўлянцы мусіла пабіцца і памірыцца, нарадзіцца і памерці людзей, іх продкаў, колькі павінна было прагрымець грамоў, запаліцца і пагаснуць маланак, ён адчуў пад крутым, абрывістым берагам Волгі і глыбей, пад плынню вады, пад самой ракой дрыжыкі зямлі. Дрыжыкі паволжскіх і крэўскіх пяскоў ды суглінкаў.

Цяпер, пад навальніцай на Ярылавай гары, была з ім жанчына. "Вазьмі мяне!" - голая, перамазаная сажай і вуголлем вогнішча, на якім смажылі яны перад навальніцай мяса, кінулася яна, поўная жадання, на спіну ў размытую гліну, рукамі і нагамі месячы яе, сама змешваючыся з ёй, з зямлёй.

"Вазьмі мяне! Вазьмі мяне!" - крычала яна так, што крык яе прарываўся скрозь грамы да нябёсаў, і калі ён узяў яе груба, як плугам зямлю, раптам адчуў, што сіла не ў ім, а ў ёй, у зямлі, якая яму аддаецца.

"Ты забыўся, што мы дамовіліся ў Індыю паехаць дзяцей рабіць, - дагрызаючы мяса на костках, казала гэтая моцная, поўная сілы маладая самка, пра якую ніколі б не падумаў, што ў яе могуць быць праблемы з дзецьмі. - Але што ж: можна і тут. Будуць не індусы, а беларусы".

Яна знайшла яго ў Крэве праз паўгода пасля таго, як ён з’ехаў з Масквы. Казала, што не шукала, але знайшла.

За гэты час ён напісаў палову рамана - і не пра тое, што праз Купалу яго магло не быць. Хоць нешта з таго, што казаў бацька і чаго спачатку Віктар не зразумеў, як бы само па сабе ўпляталася ў сюжэт, у час, пра які ён пісаў, у характары людзей, што жылі ў тым часе: маёраў, капітанаў, Цыркуновічаў, Муляных. Як і ў характар Купалы, адносіны з якім усё болей ускладняліся. Пытаць: "Чаму?.." - не выпадала, бо ён ужо ведаў адказ. Несуцяшальны для яго.

Калі б гэта было не ў Крэве, адказ мог быць іншы. Недзе, у Маскве ці ў Мінску, ён мог бы схітраваць, нават паспрабаваць самога сябе падмануць. А Крэву ён не мог зманіць, яно надта добра яго ведала. Таму раман тут пісаўся не так, як яно магло быць у Мінску ці ў Маскве. У старой дзедавай хаце ён не проста пісаў, а жыў тым, што праз Купалу ў ім самім адкрывалася, і дзякаваў Богу, што менавіта цяпер Ён прывёў яго сюды.

Працаваў узахлёб. Як нагбом крынічную ваду піў. Калі стамляўся пісаць, хадзіў па крэўскіх пагорках, на якіх ведаў кожны схіл, па Крывой, Ярылавай, Пярунавай гарах, па зарослым травой і кустоўем гарадзішчы, з якога пачыналася Крэва. Плёхаў босым па змялелай Крэўлянцы, у якой яшчэ вадзілася стронга, лазіў па бліндажах, збудаваных немцамі падчас Першай сусветнай, па сутарэннях, руінах замка. І паўсюль паперадзе яго бегла ягонае дзяцінства.