Выбрать главу

Ён не падманваў сябе, гэтак ён сябе адчуваў. Але не так яго адчувала Крэва. "Ты не той хлопчык, калі ўлез не ў сваю гульню, калі, граючы на жалейцы для анёлаў, спакусіўся і стаў граць для чарцей. Я нават не ведаю, чый ты? Можа, і не мой…"

Гэтак Крэва казала, таму тут, у Крэве, і пісаў ён раман. Ён мусіў давесці Крэву, што яно памыляецца, што ён той жа хлопчык, пастушок з жалейкай. Толькі цяпер ён вырас - і стаяў пераможцам на Юр’евай, колішняй Ярылавай гары, кідаючы за небасхіл грамы з маланкамі. І была з ім на гары такая, што на зайздрасць усім, жанчына.

XXXVII

Крыж быў цяжкі. Васьміканцовы. Палкоўнік Несцярэнка, убачыўшы, як Купала сагнуўся пад цяжарам, спачувальна спытаў: "Вы праваслаўны?.." - і пачуўшы "не", падножжа, а заадно і малую папярэчыну адарваў, але ўсё адно крыж было ледзь падняць. "Свае крыжы ва ўсіх цяжкія, гэта чужыя лёгкія, - сказаў святы Серафім, падабраўшы падножжа з малой папярэчынай. - А грахі наадварот."

- Пакладзі крыж на вянок, - падляцела да Купалы, калыхаючыся на вянку, Спагада, на якую святы Серафім замахнуўся адарванай папярэчынай: "Кыш! Кожнаму свой крыж самому несці!"

Пайшлі ўздоўж паўднёвай сцяны Данскога манастыра, што падзяляла Данскія могілкі на Старыя і Новыя. Паперадзе Сталін, Тухачэўскі і Кашкадамаў, следам Купала з крыжам, за ім святы Серафім і святая Ганна, якім не дапамаглі пасведчанні найстарэйшых членаў партыі, Горкі, Маякоўскі, Куйбышаў, Кіраў, Коган, усе, каго прыгаварыла тройка да расстрэлу, а ўжо далей - працэсія нябожчыкаў, нехта з якіх выходзіў з крэматорыя, нехта з калумбарыя, а хтосьці, як дачка Пушкіна Марыя, падымаўся з магілы: "Хто гэта з крыжам? Збаўца?.. Прарок?.. "

Была ясная, зорная, месячная ноч. За манастырскай сцяной мігцелі крыжы Вялікага і Малога сабораў, у бок якіх Кашкадамаў ткнуў пальцам: "Мы зруйнуем іх, на гэтых могілках будзе новае жыццё!" - і Купала ўспомніў апошнія словы патрыярха Ціхана: "Ноч будзе цёмная, доўгая, доў-га-я."

Тут, у Малым саборы, вясной 1925 года, на Дабравешчанне, патрыярха пахавалі. Потым нехта казаў, што чэкісты выкапалі цела і перанеслі на Нямецкія могілкі, а нехта - што спалілі ў крэматорыі. Маглі. У пачатку свайго патрыяршаства Ціхан абрынуў на савецкую ўладу анафему. "Апамятайцеся, вар’яты! Спыніце вашы крававыя расправы! Уладаю, дадзенаю Нам ад Бога, анафемствуем вас!"

Анафему, між іншым, ніхто не адмяняў. Ні ў пачатку патрыяршаства Ціхана, ні ў канцы, калі пасля арышту і допытаў, на якіх яго катавалі, Ціхан, каб уратавацца, як бы пакаяўся. "Я рашуча асуджаю ўсялякі замах на Савецкую ўладу! Я Савецкай уладзе не вораг. Я зразумеў усю няпраўду пра Савецкую ўладу з боку яе ворагаў. Яны кажуць, быццам пры допытах чэкісты катавалі мяне электрычнасцю. Заяўляю, што гэта суцэльная хлусня і чарговы паклёп на Савецкую ўладу."

Гэта яго не ўратавала.

"Усё тое самае… - успомніліся Купалу ягоныя допыты, ягоныя пакаянні. - Паўсюль і з усімі - усё тое самае…"

Парыярха ён ведаў. Летам 1914 года, калі ўжо забілі эрцгерцага Фердынанда і пачалася сусветная вайна, у Вільні, дзе Ціхан быў архіепіскапам Віленскім і Літоўскім, Купалу пазнаёміў з ім Валерый Брусаў. Архіепіскап запрасіў іх у рэзідэнцыю на Вялікай вуліцы, частаваў гарбатай з пірагамі і ўсё адгаворваў Брусава ехаць на фронт. "Такіх вояў, як вы, многа, а такіх паэтаў - вы адзін. Заставайцеся ў Вільні, напішыце паэму пра віленскіх пакутнікаў, якія смерць прынялі за нашу рускую веру, гэта ўздыме патрыятызм. А ён патрэбны, выпрабаванні нас чакаюць цяжкія".

Пра віленскіх пакутнікаў, якіх вялікі князь Альгерд нібыта катаваў і павесіў праз тое, што яны, паганцы Няжыла, Кумец і Круглец, прыняўшы Святое Хрышчэнне з імёнамі Антон, Ян і Астап, прайшлі праз усе пакуты, але не адракліся ад праваслаўнай веры, Брусаў не ведаў. "О, - казаў Ціхан, - тут вялікі сюжэт! Біблейскі!.. Адзін з іх, Ян, не вытрываў катаванняў, прадаў брата свайго Антона, выракся, здрадзіў Хрысту, а пасля смерці брата, павешанага паганцамі на дубе, пакаяўся - і пакаяннем сваім, за якое таксама быў павешаны, паклікаў у веру Хрыстову мноства люду, у тым ліку сваяка свайго Кругляца, які лоўчым служыў пры княскім двары. Ён прыняў Святое Хрышчэнне з імем Астап і пасля катаванняў быў павешаны там жа, дзе браты Антон і Ян, стаўшы трэцім з віленскіх пакутнікаў, у памяць якіх на месцы шыбенічнага дуба ўзвялі праваслаўныя хрысціяне храм Святой Троіцы, з самога дуба вырабіўшы грабніцу, у якую паклалі нятленныя мошчы трох віленскіх святых. Калі пасля Берасцейскай уніі Свята-Троіцкую царкву ў праваслаўных забралі ўніяты, мошчы перанеслі ў Свята-Духаў манастыр, які застаўся на гэтай зямлі адзіным апірышчам нашай веры..."