Выбрать главу

"Не. Усё Бог стварыў. Пекла таксама".

"А нашто?"

"Як нашто? Некуды ж трэба было Сатану падзець… І Сатана сядзеў у пекле, чакаў, пакуль Ян у прорву сарвецца. Божыя анёлы казаць Яну стаміліся, каб не хадзіў па адной дарозе з чарцямі, бо падмануць. Паабяцаюць рай, а зацягнуць у пекла. Ды Ян анёлаў не чуў. Схіліўся, каб цукерку ўзяць на крайку прорвы - і ў прорву паляцеў. Сатану ўслаўляць. Сатана зарагатаў і закрычаў з пекла да неба: Божа! Як я магу пакланяцца таму, каму Ты талент даў, а ён гнецца, каб цукерку ўзяць? Як ён можа быць вышэйшы за мяне?..

І Бог прамаўчаў. Схаваўся за д’яблам".

"Як гэта Бог схаваўся за д’яблам?"

"Ну, як. Прамаўчаў. Не адказаў д’яблу. А што значыць не адказаць? Значыць схавацца… Добра, - адступіўся трохі Пасляк, адчуўшы, як тое, што ён сказаў, напружыла ягонага суразмоўцу. - Няхай не за ім самім схаваўся, за словамі ягонымі. Але гэта адно і тое".

Купала добра помніў, як сказанае Пасляком сапраўды яго напяла, і ён доўга ляжаў моўчкі, узіраючыся ў раенне зорак.

"Я думаў, што адно і тое - слова і Бог. Так напісана…"

"Ну так. Слова і Бог таксама адно і тое. Бог хаваецца за д’яблам, д’ябал - за Богам. Адзін за адным".

"І мы?.. "

"Што і мы?.. "

"І мы з нашымі словамі адно і тое?"

"А як інакш? Калі ў нас і д’ябал, і Бог. Ці ў табе няма д’ябла?"

"Я не ведаю".

"Не ведае ён. Спакусы ж у табе ёсць? Пернікі з цукеркамі."

"Ёсць..."

"Ёсць. Дык а хто спакушае? Сатана. Абяцае, абяцае, абяцае. Але абяцае толькі для падману. А ты верыш. І я. Усе вераць".

Па голасе было чуваць, што парабак Пасляк стаміўся. Але хацелася з ім дагаварыць.

"Таленавіты ён..."

"Хто?"

"Сатана".

"Бадай што. Абяцаць і падманваць так, каб усе верылі, гэта талент. Талент. Нездарма ён быў любімым анёлам Бога..."

Пасляк засоп. Заснуў пад стогам.

Над стогам, на скошанай лугавінай, над Вячай, над Прудзішчамі, над усёй зямлёй і вадой плыў месяц, на якім сядзеў Сатана з вудай і лавіў зоркі. "Хочаш зорку?.." - спакушаў.

Зоркі роіліся ўсё ясней, Вялікі Воз, на які можна было сесці і паехаць, пакаціўся па Божым шляху, і колькі пасля ні спрабаваў Купала ўспомніць, адказаць сабе самому, што было далей: сон, трызненне, ці на яве ўбачыў ён недзе ў сярэдзіне Божага шляху дзіўнай прыгажосці твар, пра які й гадаць не трэба было, чый ён? - бо гэтакі твар мог быць толькі Божы, і ён наплываў, набліжаўся, усміхаўся ва ўсе нябёсы, нібы радуючыся таму, што бацька з Янкам і Пасляком высушылі сена, склалі такі ладны стог, на якім можна ляжаць і глядзець на зоркі, мроіва якіх - ён раптам гэта адчуў, калі ўзняўся над сабой - было Божым целам, часцінкай якога былі месяц і зямля, і ён сам, лятучы хлопчык, самы маленькі з усяго, што мігцела і свяцілася, што было Божым шляхам, Божым светам, у якім самым дзіўным з усяго, што ён адчуваў, была роўнасць яго, наймаленькага, усяму найвялікаму, і ўсё гэтае найвялікае неверагодным чынам мясцілася ў ім, мясціўся ў ім, маленькім, Бог, чаго, вядома, не магло быць, але адчуванне было менавіта такім, і яно напоўніла яго бязмежнай, здольнай спыняць і зноў пачынаць рух Сусвету, сілай, якая так працяла, што зрок замгліла, і ён спалохаўся, ускрыкнуў: "Божа!.." - а Бог усміхнуўся ў ім самім ва ўсе нябёсы і сказаў: "Не бойся…"

38

- Я не шукала цябе, - сказала, з’явіўшыся, Ганна, як быццам тое, што яна не шукала яго, нешта мяняла. - Круча цябе шукаў. Тэлефанаваў у Мінск, у Саюз пісьменнікаў. Там сказалі, што цябе ў горадзе няма, і яны не ведаюць, дзе ты. Ён падумаў, што ты ў мяне. Што я цябе хаваю. Мы сустрэліся, ён пачаў вінаваціцца. Не перада мной, перад табой. Я не ўцяміла, у чым? Сказала, што таксама не ведаю, дзе ты ёсць. Гэта днём было, а вечарам Круча запрасіў мяне ў цырк. Я так здзівілася, што пайшла. А там дырэктар антыкварнай крамы. Вензель. Аказалася, ён і ў цырку дырэктар. І гэтак пад Кручу сцяліўся, проста пад ногі. Круча пра цябе не казаў яму нічога, ён сам спытаў: "Вы Маргера шукаеце? Дык ён у Крэве". Завёў у кабінет, стаў частаваць. Дарэчы, кабінет такі самы, як у краме. Нібы дырэктар гэты перайшоў з крамы ў цырк разам з кабінетам. З той жа карцінай, на якой Сталін глядзіць у тэлескоп. Вось як такое можа быць, калі карціна ў мяне дома? Я вярнулася - вісіць. Фокус нейкі. А Вензель, калі праводзіў, зноў пра цябе: "Я думаю, вы да яго паедзеце. Перадайце прэзент…" І даў пляшку, - дастала Ганна з сумкі зеленаватую бутэльку. - Прапаную выпіць за сустрэчу!..

З таго, што сказала Ганна, нельга было зразумець не толькі тое, як карціна магла быць адначасова і ў кабінеце дырэктара цырка, і ў яе дома? Ну, няхай гэта фокус. Тады тое, што Круча раптам завінаваціўся, фокус таксама. Бо ў чым яму вінаваціцца? Калі нехта з іх і вінаваты, дык не Круча перад Віктарам. Наадварот. Праз гэта Віктар з’ехаў з Масквы. Уявіў: вось яны спаткаюцца, і Круча спытае…