- Ды што вы кажаце! - тэатральна здзівіўся камісар. І спытаў, беручы пасведчанне з карткамі і зноў падсоўваючы тэчку да сябе. - А хто, прыехаўшы са Смаленску ў Мінск, стаў намеснікам старшыні БНК? Беларускага нацыянальнага камітэта, які незаконна прэтэндаваў на ўладу ў Беларусі, у той час як у Смаленску ўжо быў законны ўрад БССР? Не вы?..
"Не было яшчэ БССР. ССРБ была ў Смаленску. Ці ССР ЛітБел?.." - з цяжкасцю ўспаміналася Купалу, які даўно забыўся на тую гісторыю, у якую разам з прафесарам Ігнатоўскім ўцягнуў яго паэт Алесь Гарун, старшыня таго самага БНК, а камісар не стаў, дзякуй Богу, далей распытваць пра гэта невядома каго, уважліва перабіраў дакументы.
Прозвішча, запісанае ў пасведчанні Купалы, адрознівалася ад прозвішча, што было напісанае на вокладцы тэчкі, якая ляжала на стале перад камісарам. У дакументах, якія даў яму Берыя. У спецданясенні на імя наркама ўнутраных справаў СССР Л. Берыі (з копіямі старшыні Саўнаркама Сталіну і ягонаму намесніку Молатаву) было зафіксавана, што "28 июня в 22 часа 30 минут в гостинице "Москва" упал в лестничную клетку и разбился насмерть поэт Белоруссии Луцкевич Иван Доминикович". Што "примерно в 21 час Луцкевич был приглашен в комнату 1034 (десятый этаж той же гостиницы) к проживающему там председателю Союза советских писателей Белоруссии Лынькову". Што "Луцкевич пришел в нетрезвом виде". Што "примерно в 22 часа Луцкевич из номера вышел". Што "момент и обстоятельства падения Луцкевича никто не видел". Што "при осмотре комнаты, занимаемой Луцкевичем, обнаружены около стола две бутылки из-под шампанского и не убранная со стола посуда с запахом вина". І ў спецданясенні, і ва ўсіх іншых дакументах: Луцкевич, Луцкевич, Луцкевич… Хіба аператыўнікі сапраўднае прозвішча не маглі ў пасведчанні ці пашпарце паглядзець?
Такое выключалася. Спецданясенне было падпісанае начальнікам 3-га Упраўлення НКУС СССР Мікалаем Гарлінскім, які калі й рабіў у гэтым жыцці нейкія памылкі, дык толькі наўмысныя. Коля Дрышчаў, якім насамрэч было прозвішча маёра Гарлінскага, памыляўся толькі так і толькі тады, як і калі хацела начальства, перад якім ён дрыстаў.
Сярод шмат якіх дзіўных паперчын была ў тэчцы даведка, падпісаная Максімам Бененсонам, начальнікам 1-га аддзела 3-га ўпраўлення, якое займалася "прафілактычнай працай" з інтэлігенцыяй, а па сутнасці ліквідацыяй асобаў, што мелі дачыненне да антысавецкіх груповак. У адмысловым спісе такіх асобаў, складзеным яшчэ ў канцы 20-х з супрацоўнікаў Інбелкульта і прыкладзеным да даведкі Бененсонам, пад нумарам 7, значылася прозвішча (некім падкрэсленае чырвоным алоўкам): "Луцкевич Иван (Янка Купала)".
І яшчэ адна паперка была прыкладзеная да даведкі Бененсона - ужо з 30-х гадоў: выпіска са спецпаведамлення СПА (сакрэтна-палітычнага аддзела) Галоўнага ўпраўлення НКУС СССР "О ходе подготовки к I Всесоюзному съезду Союза советских писателей", дзе (цяпер ужо пад нумарам 2) таксама значыўся "Луцкевич И.Д., белорусский народный поэт, беспартийный, активный лидер национального демократизма"". І паперадзе прозвішча Луцкевич былі пастаўленыя тры крыжыкі.
Не адзін. Тры. Рознымі алоўкамі і, хутчэй за ўсё, рознымі людзьмі. А значыць, "прафілактычнай працай" з Купалам займаліся тройчы. І ўрэшце тры дні таму ў гатэлі "Масква"…
3 ягоным досведам працы ў НКУС Мяркулаву не цяжка было зразумець, якую справу ён трымае ў руках. Злепленую. А не пабаяліся яе зляпіць для таварыша Сталіна, бо даволі лёгка апраўдацца: карайце, памыліліся. Луцевич, Луцкевич… Маўляў, пераблыталі.
Што з гэтага вынікае? Выходзіць, што працавалі адмыслоўцы 1-й лабараторыі не з тым аб’ектам? Калі ўвогуле працавалі, жулікі. Можа, прыпёрлі ім партызаны з Мінска, ці самі яны ў Маскве знайшлі нейкага яшчэ жывога Луцкевіча. І выдаюць яго за ажыўленага паэта, прыдумаўшы казку пра "жывую" ваду, якая, як было напісана ў даведцы пра доследы ў 1-й лабараторыі, "вяртае да жыццядзейнасці любы біялагічны аб’ект (труп), якому не болей за тры дні, калі аб’ект не страціў жыццядзейнасць ад невылечнай хваробы".
Вось і "ажывілі". Каго?.. І што цяпер з гэтым "аб’ектам", з Луцкевічам-Луцэвічам-Іванам-Янкам-Купалам, увогуле з усім гэтым рабіць?
- А хто такі Іван Луцкевіч, калі гэты не вы? - спытаў камісар, вяртаючы арыштанту ягонае пасведчанне з харчовымі карткамі, пра якія падумаў, што наўрад ці яны хоць Луцкевічу, хоць Луцэвічу спатрэбяцца. - Таксама паэт? Нацдэм?
Купала, падобна, не думаў, што карткі яму цяпер без патрэбы. Акуратна склаў іх, сунуў разам з пасведчаннем зноў у кішэню.