Выбрать главу

- У вір!.. - скінула яна з сябе сукенку, больш на ёй нічога не было. - Бяры маю апратку, ратуйся!.. Дзеля каго рызыкавала Ганна жыццём? Дзеля чаго? Што Вітаўт зрабіў, кім стаў, уратаваўшыся? Ну, кажы! Ці я сама скажу, калі ты забыўся, што па маці ўва мне літвінская кроў, і ўсё гэта я не горш за цябе ведаю. Вітаўт скінуў намесніка Ягайлы ў Літве і сам стаў вялікім князем! Скінуў і стаў! І калі б ён гэтага не зрабіў, ніякай тваёй Лтвы не засталося б, Ягайла б спалячыў яе ўшчэнт! Вось дзеля чаго Ганна жыццём рызыкавала, вось каго ратавала! А ты чаго хочаш? Стаць пастухом у Крэве? На жалейцы каровам граць? І хочаш, каб дзеля гэтага я ратавала цябе? Жыццё на цябе паклала ў гэтым закінутым мястэчку? Дзеля чаго?..

О, Пяруне!.. Якая яна, раз’ятраная, прыгожая была! І колькі ў ёй волі, сілы! Вось што значыць літвінская кроў! Калі яна яшчэ і ад Купалы, дык чыста літвінская! Шкада, што ў яе дзяцей няма.

"Шкада…" - адчуў ён жаданне, і Ганна яго адчула. "Што ж, паспрабавалі на гары, давай і ў падзямеллі паспрабуем", - раскінулася яна перад ім, і калі ён узяў яе, калі яны, ледзь не задушваючы адно адное, зліліся, над Крэвам пракаціўся, скалануўшы зямлю, гэтакі гром, што два камяні, адзін звонку, другі знутры вежы выпалі са сцяны, заваліўшы ўваход у падзямелле.

XXXIX

"Не бойся, не бойся… - казала, кружляючы над Купалам, над лугавінай у Прудзішчы і над могілкамі ў Маскве, Спагада. - Балюча не будзе, на трэці дзень ужо не баліць… Паглядзі, што ў медальёне. А то рукі прыб’юць - не пабачыш".

Трэба было б глянуць, ды не хацелася рухацца. Даўно так утульна нідзе яму не ляжалася, як на гэтым крыжы. Нібы пераклалі яго на крыж гэты са стога над Вячай. І нічога не змянілася: той жа месяц, зоркі, той самы Божы шлях, па якім коціцца той жа Вялікі Воз.

"Вялікі Воз нагружаны цвікамі…" - глухаватым голасам сказаў крыж, калі Купала падумаў, колькі за прамінулыя з таго часу пяцьдзясят гадоў застрэлена, павешана, пасечана, атручана, спалена, замарожана холадам, заморана голадам, раскрыжавана людзей. Па якой прычыне іх доля мусіла абысці яго?

Няма такой прычыны.

- Пачынайце! - падаў Несцярэнка малаток з цвікамі Маякоўскаму, які стаяў каля крыжа, нібы прымяраючыся да яго, і адступіў назад: "Я паэт, а не кат!"

Несцярэнка паглядзеў на Сталіна, той падышоў, узяў цвікі і стаў раздаваць: "Усе ўсё бралі?.. Прэміі, званні, ордэны… Дык і цвікі вазьміце. Трэба было раней не браць. А цяпер позна… Не выйдзе так, каб нехта не... Вялікі Воз нагружаны цвікамі".

Ён паўтарыў тое, што хвіліну таму прамовіў крыж. Слова ў слова.

"Так, - пачуўся голас знізу. - На Вялікім Возе цвікі для ўсіх. Але гэты крыж не ягоны".

Купала не зразумеў тое, што пачуў. Хацеў спытаць, што гэта значыць, але Кашкадамаў крыкнуў: "Прыбівайце!" - і штурхнуў у спіну Кірава. "Смялей, Сяргей Міронавіч!.."

- Навошта воз цвікоў, калі патрэбныя ўсяго чатыры?.. Нават тры... - узяўшы цвік, пакруціў яго ў пальцах Кіраў. - Як у Хрыста: па адным у рукі і ў ногі адзін, - а святы Серафім устрапянуўся: "Калі ўжо як у Хрыста, дык два крыжы яшчэ трэба. Для двух разбойнікаў".

- Які Хрыстос? Якія разбойнікі?.. - выхапіў малаток з рук Несцярэнкі і замахаў ім Кашкадамаў. - Вы тут казкі папоўскія не расказвайце, а рабіце, што суд пастанавіў! Вырак суда па пратаколе нумар адзін выконваюць асуджаныя па пратаколе нумар два! Дык выконвайце!..

Куйбышаў, Горкі, Маякоўскі, усе, каго прыгаварылі да расстрэлу, моўчкі глядзелі на Кашкадамава, на Купалу, адзін на аднаго. Некаму трэба было ўзяць малаток і ўвагнаць першы цвік.

Доўга стаялі.

- Як выконваць? - нарэшце плаксіва спытаў Горкі. - Я нікога не прыбіваў да крыжа ніколі.

Купала, успомніўшы пра ворага, якога знішчаюць, калі ён не здаецца, падумаў: "Не, Аляксей Максімавіч, прыбіваў..." - але ўголас не сказаў гэтага.

- Хто першым быць хоча? - павярнуўся Кашкадамаў да старых могілак, да Малога сабора, з якога выйшлі і наблізіліся да брамы на могілкі новыя трое русявых, у зрэбнае апранутых, з шэра-блакітнымі вачамі моцных мужчын. - Можа, нехта з вас?