Русявыя спыніліся ў браме, пра нешта перагаварылі паміж сабой, адзін ступіў наперад.
- Нельга нам. Гэта Купала. Некалі жрацы казалі, што з’явіцца чалавек з іменем бога і павядзе нас, і ўратуе. Дык, можа, ён гэта. З іменем бога. Так што нам нельга.
Кашкадамава, як на спружыне, падкінула.
- Якія яшчэ жрацы? Якога бога? Я сам і жрэц, і жнец, і на дудцы грэц! А вы хто?
Падскокі ягоныя ні на аднаго з русявых ніяк не паўздзейнічалі, і той, які ступіў наперад, сказаў спакойна: "Я Круглец. Яны, - паказаў на паплечнікаў, - Кумец і Няжыла. Жрацы нашы - крывіцкія, а імя бога, - Купала. Ён бог сонца, праз якое жывем, агню, праз які ачышчаемся, і святла, праз якое не блукаем у цемры. І якраз на Купалу, у дзень бога нарадзіўся чалавек з ягоным іменем, якога вы збіраецеся раскрыжаваць. Але гэта без нас. Гэта ваш суд, гэта вы самі".
- Ды што іх слухаць! - не вытрываў маршал Тухачэўскі. - Бог агню, бог сонца, бог святла! Мы ў якім часе?.. Давай, Кашкадамаў! - махнуў ён, як малатком ударыў, правай рукой, і Кашкадамаў увагнаў цвік у правую руку Купалы. Спрытна, адным ударам - і кінуў малаток пад ногі Горкаму: "На!.."
Купала адчуў, як уздрыгнуў крыж пад ім. Уздрыгнуў і сказаў: "Трывай і не бойся".
Дарма Спагада супакойвала, што балець не будзе. Яшчэ як забалела! Купала міжволі ўскрыкнуў: "За што?.." - і ўсе, апроч Кашкадамава, адвярнуліся, а крыж спытаў: "Помніш легенду пра прарока?"
Купала не помніў. Можа, і ведаў ён тую легенду, але цяпер, на крыжы, чакаючы новага болю, успомніць не мог.
"Ты ўваскрэснеш, калі спраўдзіцца тваё прароцтва", - нагадаў крыж, і Купалу зноў пачуўся голас парабка Пасляка. Пад тым жа стогам над Вячай у Прудзішчы.
Ён успомніў легенду.
"Жыло-было на свеце племя сінявокіх людзей. Жылі яны не надта багата, але пад сваім небам на сваёй зямлі - і чужой не хацелі. А па іхняй зямлі ў чатыры бакі - на ўсход і на захад, на поўдзень і поўнач - хадзілі і хадзілі заваёўнікі. Племя білася, змагалася за сваё, ды заваёўнікі насоўваліся і насоўваліся, як чорныя хмары, і не злічыць іх было. Прыходзілі адны - і забіралі кавалак зямлі з усходу, прыходзілі другія - і забіралі з захаду, ссоўваючы племя ў лясы ды балоты. Сінявокія людзі балоты асушвалі, лясы карчавалі, мазалямі і потам здабытую зямлю засявалі, а ворагі зноў па кавалках забіралі яе. І аднойчы прыйшлі, каб забраць усё, што засталося.
Тады стаў пад высозны, векавечны дуб, што рос на месцы, з якога пачыналася зямля сінявокіх людзей, іхні Прарок, і сказаў, што калі зараз яны адыдуць, дык адыдуць ужо не ў балота, а ў нябыт. А калі выстаяць, як выстаяў ва ўсіх бурах векавечны дуб, калі адстаяць сваю зямлю, дык з племені стануць народам.
Сінявокія воі кінуліся ў бой, але ворагаў была процьма, у некалькі разоў болей, чым людзей племені, якіх яны забівалі, а хаты іхнія бурылі. Апошніх з тых, хто застаўся жывы, сагналі пад векавечны дуб, нацягалі пад яго бярвенняў з пабураных хат і падпалілі. Дзень і ноч высока, ці не да самых зорак шугала полымя, попелам сталі бярвенні і прахам сталі людзі, а з дубам нічога не сталася. Толькі адзін лісток на найбольшым, вузлаватым суку абсмаліўся, сарваўся і зляцеў у рукі Прарока.
На адным баку лістка былі пісьмёны, але Прарок не паспеў іх прачытаць: ворагі схапіліся за сякеры ды пілы! Дзень і ноч секлі і пілавалі, секлі і пілавалі, пакуль вялізны дуб не рухнуў. Страсянуўшы пагоркі і горы, ён прабіў тым вузлаватым сукам, на якім абсмаліўся лісток, жарало ўглыб зямлі, скуль шугануў чырвоны струмень. Гэты быў струмень крыві, якую вякамі пралівалі продкі сінявокіх людзей, што баранілі свой край. Кроў ускідвалася да Божага святла, да сонца, што промнямі сваімі запаліла ва ўсё неба вясёлку, працякаючы скрозь якую чырвоны струмень падаў вясёлкавым дажджом. Там, дзе падала кропля гэтага дзіўнага дажджу на ссечанае дрэва, вырасталі два дрэвы! Там, дзе падала кропля на попел спаленай хаціны, паўставалі дзве хаты! А падала кропля на магілу загінулага воя - паўставалі два воі, а на месцы двух - чатыры! І пагналі яны ворагаў з зямлі сваёй.
"Прах і попел уваскрэснуць, калі нявінная кроў зліецца з Божым святлом", - стаўшы на месцы, дзе стаяў дуб, прачытаў Прарок тое, што напісана было на дубовым лістку. І пра гэтае спраўджанае прароцтва, пра магутны дуб, пра прабітае ўглыб зямлі жарало, з якога да неба шуганула кроў продкаў, пра сонца і вясёлкавы дождж распавядалі бацькі дзецям, а дзеці ўнукам племені сінявокіх людзей. І ўслаўлялі яны Прарока, пакуль зноў не набралі сілы заваёўнікі, якія сталі прыходзіць, як свае, бо за стагоддзі, у якія яны прыходзілі, сінявокія людзі перанялі іх звычкі, прынялі іх мову, некаторыя нават назваліся так, як называлі сябе прыхадні, і, вінаватыя ў тым самі, не захацелі прызнаць віны, а звінавацілі ў гэтым Прарока. "Ты прарочыў, што адстаяўшы сваю зямлю, мы станем народам, а мы на сваёй зямлі сталі прыхаднямі! Ты ілжывы прарок!" - сказалі яны, і раскрыжавалі яго на тым месцы, дзе ён прарочыў. Там, дзе стаяў некалі векавечны дуб, з якога яны зрабілі крыж, на якім напісалі: "Ты ўваскрэснеш, калі спраўдзіцца тваё прароцтва". І прыбілі да крыжа дубовы лісток".