- А навошта? - памаўчаўшы, бо яго ўразіла гэтая гісторыя, спытаў малы Янка.
Пасляк не зразумеў.
- Што навошта?
- Навошта яны лісток да крыжа прыбілі?
- Ну, не ведаю. Можа, каб пазначыць, што гэта ягоны крыж, а не чыйсьці. Ці каб Прарок напісаў на лістку што-небудзь.
- Што напісаў?
- Ды не ведаю! - засердаваў Пасляк. - Я не прарок, чаго ты прычапіўся?.. - І ўсё ж сказаў, пакруціўшыся ў сене. - Можа, каб напісаў, як народам стаць.
"Гэта можа быць. - падумаў Янка. - Але..." І спытаў: "А як ён напіша, калі раскрыжаваны?.."
Пасляк не адказаў. Спаў.
- Заторгаўся… - працадзіў Кашкадамаў, калі палкоўнік Несцярэнка, насмешлівым позіркам змераўшы ўсю расстрэльную кампанію, падняў з-пад ног Горкага малаток, паклаў адну на адну, левую на правую, да крыві нацёртыя ступні Купалы: "Што гэта ў вас? Стыгматы?.. - і, выбраўшы найдаўжэйшы цвік, увагнаў яго на чвэрць. - А цяпер давайце кожны па чарзе, па адным разе..."
Гэты разам болем працяла, як токам. "Калі так, - скрозь боль падумалася, - патрыярха працінала, якога токам катавалі, дык не дзіва, што не вытрываў. І падпісаў паперу - і пачалі маліцца ў храмах за тых, хто знішчаў храмы. "За краіну нашу і ўлады яе." Перад раскрыжаваным Хрыстом - за Сталіна.
"Як лёгка вінаваціць... - яшчэ падумаў. - І як не проста павінаваціцца. Цяжэй, чым боль стрываць".
Рубін на медальёне зноў горача кальнуў далонь.
- Давайце-давайце. Сяргей Міронавіч, пакажы прыклад, ты ж ва ўсім першы хацеў быць, - узяў Сталін малаток у Несцярэнкі і падаў Кіраву. - Давайце, усе давайце. Цюк, цюк. Ці ўсе вы думаеце, як трое гэтых паганцаў, што можна глядзець, як некага катуюць, забіваюць, і заставацца чысценькімі? Праваслаўнымі святымі? Маўляў, мы тут ні пры чым. А хто пры чым, калі не вы? Калі вы тут?
Яны пастаялі адзін перад адным, Сталін і Кіраў, вочы ў вочы, і апошні не стрываў, адвёў позірк, узяў малаток. "Цюк" - цюкнуў па цвіку Кіраў, хуценька падаўшы, нібы яму руку апякло, малаток Куйбышаву, той таксама хуценька цюкнуў, і Горкі за імі, прамахнуўшыся і ўдарыўшы Купалу па пальцах, за што прабачыўся, а Купала кіўнуў: "Нічога, Аляксей Максімавіч, бывае..." - і Маякоўскі, і таварыш Коган, і ўсе, хто быў асуджаны, і хто проста быў на судзе, адзін за адным падыходзілі, бралі адзін у аднаго малаток: цюк, цюк, цюк, цюк, цюк.
Калі ты тут, дык ты тут.
- Вялікі Воз нагружаны цвікамі. - яшчэ раз паўтарыў Сталін тое, што прамовіў крыж, і што правадыру, мусібыць, спадабалася. - Вось і ўся ідэя Бога. Але нават яе не варты чалавек.
Святая Ганна ажно войкнула, гэтак абурылася, святы Серафім нахіліўся да яе: "Што ён такое кажа?.." - а яна падышла да патрыярха, нешта пашаптала яму на вуха, той паківаў "Так... Так..." - і павярнуўся да пралому ў сцяне, каб яго чулі і на новых, і на старых могілках.
- Ён кажа тое самае, што казаў. Што ідэя вышэй за чалавека. І з гэтай ідэяй ён бурыў храмы, у якіх маліўся чалавек. Бога адпрэчваў. А сам хрышчоны! І дачку пахрысціў. На ўсялякі выпадак. У Данскім, употай.
"Цюк, цюк, цюк, цюк, цюк." - як акампанемент да слоў патрыярха, гукалася ў званах манастырскіх сабораў ціхае рэха над могілкамі, і Ціхан, нібы падстройваючыся пад рытм акампанементу, змяніў інтанацыю, тыцнуў пальцам у Кашкадамава.
- Гэты вырадак хрысціў! Святар з партыйным білетам! З пасведчаннем слугі д’ябла!.. Таму дачка ваша, - перавёў патрыярх палец у бок Сталіна, - калі вырасце і дазнаецца, якая нячыстая сіла далучала яе да вялікай таямніцы, новы хрост прыме! Тут, у Вялікім саборы, разам з дзецьмі сваімі!
"Цюк, цюк, цюк, цюк." - плылі і плылі ў зыркім месячным святле, нахіляліся да ног Купалы твары, людзі ў вайсковым і цывільным, і некаторых ён пазнаваў: маршал Блюхер, камандармы Убарэвіч і Якір, лётчык Чкалаў, рэжысёр Мейерхольд, паэт Клычкоў, пісьменнік Бабель, але большасцю людзі былі незнаёмыя: цюк, цюк, цюк, цюк, цюк.
Пра тое, што Сталін хрысціў дачку, Купала чуў. Ганна казала. Зацягнула яго сярод ночы ў Данскі манастыр, да сабора прывяла: "Мяне ў ім хрысцілі. Разам з дачкой Сталіна, які сябраваў з маім бацькам. Я ўжо вялікая была, усё помню. А праз дзесяць гадоў Сталін бацьку майго расстраляў. - І яна паўтарыла, але зусім інакш, чым толькі што сказала. - Усё помню".