Выбрать главу

У тое, што бацьку яе расстралялі, паверыць не цяжка было. А вось у тое, што Сталін дачку хрысціў, што Ганна разам з ёй хрысцілася...

"Не верыш і не вер, - ні ў чым не стала пераконваць яго Ганна. - Ідзі за мной, ўлюбёнае месца на старых могілках пакажу".

Яны прайшлі паўз Малы сабор амаль да жалезнай брамы ў сцяне паміж старымі і новымі могілкамі і звярнулі ўлева на зарослую дарожку, пасярэдзіне якой узвышалася над астатнімі помнікамі бронзавая постаць анёла. "Крылаты геній, - за руку падвяла Купалу да анёла Ганна. - Нават стоячы на каленях, схілены над магілай, ён узвышаецца над усім і ўсімі. Ведаеш, чаму?.. Бо гатовы ўзляцець! Бачыш?.. Калі мая маці аднойчы, моцна раззлаваная на бацьку, сказала яму, пры мне сказала, што ён сябруе са Сталіным на каленях, бацька прывёў мяне сюды. Каб я зразумела, што і на каленях стаяць можна па-рознаму. Што нават з каленяў можна ўзляцець. І я зразумела. Але не адразу. Зразумела пасля таго як бацькі не стала.

Яна пагладзіла анёла па крыле.

- Восень была. Кастрычнік. Я той дзень запомніла. Пад вечар Сталін быў у нас у гасцях. Наўмысна, мусіць, прыйшоў, ведаючы, што брат нашай маці тыдзень таму расстраляны разам са старэйшай дачкой. Яшчэ адна дачка, малодшая, і сын - на Лубянцы. А маці, таксама ўсё ведаючы, боршч Сталіну налівае. Зубы сцяўшы. Той кажа: "Які чырвоны! Я люблю, калі такі чырвоны. У белай талерцы." Маці сабралася нешта адказаць - бацька яе апярэдзіў. "Іосіф, у тваёй талерцы - кроў. Ты кроў хлябаеш. Смокчаш косткі людскія." Сталін не чакаў, лыжку ўпусціў, кіцель запырскаў. Узяў сурвэтку, белую такую, на ёй чырвоныя плямы выступілі. Выцерся і боршч даеў. "Смачны", - сказаў. Падняўся і пайшоў. А ўночы прыйшлі па бацьку. Як ён глядзеў на мяне, калі яго выводзілі! Маўляў, ну што я табе пра анёла казаў?

У Ганны выступіла і бліснула пад месяцам сляза. Яна скінула яе на надмагілле: "Дорага абыходзяцца палёты…"

Памаўчаўшы, падвяла Купалу да надпісу на пастаменце.

- Анёл гэты над грудком Ганны Трубяцкой. Мяне ў яе гонар назвалі. І маці мая з Трубяцкіх, якія род свой вядуць ад унука вялікага князя літоўскага Гедыміна. І брат яе, якога разам з дзецьмі знішчыў Сталін, ведаючы, што яны - наша радня. Потым і маці маю. Яна прасіць пайшла за бацьку, Сталін сказаў: "Правільна, што сама прыйшла."

Купала ўважліва ўгледзеўся ў яе напоўненыя месячным святлом вочы.

- Дык ты літвінка?

- Як сказаць. Продкі збеглі з Літвы пяць стагоддзяў таму. Але...

Ганна прытулілася да яго, абняла. Моцна, парывіста, як не абдымала раней.

"Не забывай, што ты крылаты. Што крылатыя ўзлятаюць нават з каленяў".

І пазней, па смерці, ён успомніў! На ўсё забыўся, а гэта ўсплыло. Успомніў, як тады, калі злятаў у лесвічны пралёт, мільганула думка, што, можа быць, і падаючы, узлятаюць, але гэтак хутка думка мільганула, як водблеск далёкай маланкі, якая недзе там, за небасхілам, і пра якую нават не скажаш, ці маланка яна…

- Дачку пахрысціў, а Хрыста адмяніў! - не спыняўся патрыярх. - Двурушнік! А што замест?.. Рай на зямлі?.. На Калыме! Мільёны! Мільёны людзей дзеля раю на зямлі ў зямлю закапаў! Святароў, хоць сам у семінарыі вучыўся, выразаў пад корань! Мяне, патрыярха... - перахапіла Ціхану горла, успомніў, відаць, як яго на Лубянцы токам катавалі, прыніжалі, змушалі сваё дзярмо есці, каб ведаў, хто ёсць ён сам, і што ёсць ягоная, Богам дадзеная яму ўлада перад уладай таварыша Сталіна, які раптам сказаў глуха: "Я сынам сваім ахвяраваў. Зрабіў тое самае, што Бог..." - і гэткага блюзнерства патрыярх ужо не стрываў, руку ўскінуў, хіснуўшыся: "Анафему маю ў самым пачатку вашай крыважэрнай улады ніхто не адмяняў! Не можа быць даравання бязбожнаму ўладару цемры часоў гэтых! Таму на крыж! На крыж, як разбойніка, каб пакутаваў, каяўся, маліўся і прасіў Госпада грахі дараваць!.."

Патрыярх страшны быў - і Купала ўспомніў ягоную цёплую і мяккую, нават пульхную руку. Як пірог, якім частаваў Ціхан яго і Брусава ў Вільні.

Як даўно яно было! Яшчэ на той вайне. Хоць любая вайна адна і тая.

Брусаў пасля вайны, расчараваўшыся ва ўсім, пра што з фронту ў "Рускія ведамасці" пісаў, пайшоў савецкай уладзе служыць. Уступіў у партыю, займеў грамату з удзячнасцю рабоча-сялянскага ўраду. Таксама браў, што давалі.

Але гэта не апраўданне. Тое, што грэх не на адным табе, на некім нават большы, цябе не апраўдвае.

- Каго на крыж?.. - стаяў, вылупіўшы вочы на патрыярха, Кашкадамаў. - Ты што... Ды мы цябе... - не знаходзіў ён слоў, азіраючыся і не разумеючы, чаму ўсе стаяць і маўчаць, нічога не робяць, не падключаюць ток, не раздзіраюць Ціхана на кавалкі, а той уперыўся ў яго: