- Што "мы цябе"? Хто - "мы"?.. Ты вырадак! Калі святаром быў, ты не толькі ў храме служыў. Яшчэ і ў ГПУ! У шостым, д’яблавым аддзяленні! Злыдню Тучкову, якому даручыла д’яблава ўлада "ліквідацыю" Бога, дапамагаў! А як толькі з’явіўся ўказ пра канфіскацыю царкоўных каштоўнасцяў, ты што зрабіў? Сваю ж царкву абрабаваў! І здаў не ўсё нарабаванае, не ўсё... Грабніцу святой Ганны памятаеш? - зірнуўшы на святую Ганну, якая дробна заківала, ступіў Ціхан да Кашкадамава, і вочы ў яго гэтак гарэлі, што той адхіснуўся. - Дзе медальён з рубінам? Дзе крыж залаты з алмазамі? Дзе ладанка з ніткай з плашчаніцы Хрыста?.. - наступаў і наступаў на Кашкадамава патрыярх. - Злодзей! Рабаўнік! Веру прадаўшы, краў і прадаваў золата! Праваслаўныя святыні! На крыжы тваё месца, разбойнік! Праклінаю! На крыж цябе, на крыж!..
"Вялікі Воз нагружаны цвікамі", - паглядзеў у неба Купала, і Сталін, які стаяў каля яго, сказаў голасам, які прагучаў нібы зверху: "Так. Але я зрабіў тое самае, што Бог".
Купалу здалося, што Сталін кажа не толькі пра сына, прынесенага ў ахвяру. Пра нешта яшчэ. Пра створаны ім свет.
Гэта міт, нібы ён ахвяраваў сынам. Не вызваліў яго з палону, не памяняў на палоннага нямецкага фельдмаршала: "Я салдата на фельдмаршала не мяняю". Але праўду казаў некалі ў Вільні Ціхан. "Няма нічога больш трывалага, чым міт, які ўсвядомлены мільёнамі людзей як рэальнасць. Яго немагчыма пабурыць..."
Гэтакім самым мітам можа стаць створаны Сталіным свет. І Сталін не сам-адзін яго ствараў, вунь колькі памагатых!..
"Гэта я, Госпадзі?.."
- У мяне крыжоў няма, - буркнуў у бок патрыярха палкоўнік Несцярэнка. - Лётчык толькі адзін прынёс.
- Які лётчык?
- Ну, можа, не лётчык. Блазен нейкі ў лётным шлеме. Так што хіба з двух бакоў.
Патрыярх не зразумеў: "Як гэта?.." - і палкоўнік, рукі раскінуўшы, стаў з ім спінай да спіны: "Вось так, спінай да спіны і прыбіць..."
Прапанова палкоўніка супярэчыла, мусібыць, уяўленням патрыярха пра раскрыжаванне, ён прамовіў няўпэўнена: "Так, пэўна, нельга. Да таго ж іх трое. Хіба зняць аднаго..." - "Каго? - спытаў Несцярэнка. - Купалу?.." - а таварыш Коган плечыкамі пацепнула: "Не разумею. Усе могілкі ў крыжах, у любога нябожчыка можна ўзяць", - на што святая Ганна сказала строга: "Гэта іх крыжы!" - і святы Серафім дадаў: "У кожнага - свой".
40
Іх абступіла цемра, і цемра сказала: "Цяпер у гэтай вежы на дзве смерці будзе болей".
У голасе Ганны не было страху, бо яна не ведала легендаў Крэўскага замка, у падзямелле якога прыйшла некалі, каб забраць Кейстута, паганская багіня смерці Мерцва, якая і засталася тут, дыханнем сваім змяртвяючы кожнага, хто спускаўся ў замкавыя лёхі. Не чула Ганна і пра замураваных у сценах замка крыжакоў, якія сталі прывідамі і нікога з тых, каго вырашыў замак забраць у вечнасць, з яго не выпускаюць, а ўцекачоў даганяе і згрызае замураваны ў кутняй вежы вогненны ваўкалак. Нічога гэтага не ведаючы, не помнячы, Ганна не спалохалася, а Віктару стала страшна. Не праз тое, што ён задыхнецца тут у абдымках Мерцвы, што застанецца недапісаным раман, не. Ён спалохаўся сваімі дзіцячымі страхамі, з якімі, паслухаўшы якую-небудзь страшную гісторыю пра замак, пра прывіды, якія ў замку жывуць, сніў іх, прачынаўся сярод ночы і ўжо да раніцы заснуць не мог - гэтак тыя прывіды тупалі ў садзе. Будзіў дзеда, які супакойваў яго: "Гэта яблыкі падаюць…" - і Віктар не еў, хоць яны смачныя, спелыя былі, паданкі, баяўся, што з’есць прывіда і сам прывідам стане.
Страхі гэтыя ўваходзілі ў яго па начах, калі замак ажываў, калі чуліся ў ім галасы, тупат коней, бразганне жалеза, рыпы ланцугоў пад’ёмнага маста, калі з’яўляліся на ягоных парушаных сценах цені князёў, калі ў лёхах замка чуліся стогны, а ў байніцах свістаў вецер і енчылі праклятыя душы забойцаў Кейстута, калі позніх падарожнікаў клікала ў незваротныя госці Мерцва, - і Віктар баяўся яе, баяўся вогненнага ваўкалака, прывідаў, баяўся дачкі млынара, у якую закахаўся жахлівы дух падзямелляў замка, куды той дух, чорная хмара, дачку млынара зацягнуў, баяўся чарадзейкі ў белай сукні, якая з’яўляецца ўночы на замкавых мурах, у якіх столькі камянёў, колькі людзей жыло і жыве ў Крэве, у кожнага камень свой, і чарадзейка час ад часу камяні з муроў скідвае: з высокай сцяны скіне - дарослы чалавек назаўтра ў Крэве памрэ, з малой - памрэ дзіця, - і Віктар баяўся, каб тая чарадзейка ягоны камень не скінула, не пераблытала ў цемры з іншым…
Паступова вочы прывыкалі да цемнаты, нешта забялела перад ім, ён працягнуў руку, па ёй слізнула гладкае, прахалоднае - змяя! Ён лавіў у маленстве змей, мядзянак, хапаючы іх каля самай галавы, але як у цемені ўбачыш, дзе ў гэтай змяі галава? Схапіў тое, што слізнула па руцэ, наўздагад, і Ганна сказала: "Бяры-бяры, самы час табе пераапранацца", - гэта быў пояс яе сукенкі. Ён падаў яго ёй на голас, адчуў, як дакрануўся пальцамі да яе рукі - і на момант дотыку ўсё ўбачыў так, нібы не было тут цёмна: Ганна стаяла перад ім, нацягваючы на сябе сукенку. Адняла сваю руку ад ягонай - і ён зноў аслеп.