На адзін з камянёў упаў месячны цень. І гэткім самым, як ягоны месячны цень, выглядаў прывід, што паўстаў перад Віктарам. Быў ён у ботах з ялавай скуры з хромавымі халявамі, у сініх з малінавым кантам галіфэ, у зелянковага колеру гімнасцёрцы, падпаясанай скураной дзягай з кабурой на правым баку, і ў сіняга колеру з крапавым аколышкам фуражцы. "Маёр Вырак! - адной рукой дастаючы з кішэні гімнасцёркі чырвонае пасведчанне з адціснутымі на ім мечам, сярпом і молатам, другой рукой выхапіў прывід пісталет з кабуры, і па па рухах ягоных відаць было, што гэта самае прыемнае з усяго, што даводзілася яму рабіць і тады, калі ён маёрам быў, і цяпер, калі стаў прывідам маёра. - Устаць! Не рухацца! У мяне загад расстраляць Віктара Маргера, сына ворага народа!.."
Твар прывіда плыў у месячным святле, як у рацэ, калі глядзіш на ваду з кладкі, але Віктар пазнаў яго па ўчэпістых, якія глядзелі, не міргаючы, рознакаляровых вачах і вузкім, як бы завостраным носе: гэты прывід быў тым чалавекам у ботах з ялавай скуры з хромавымі халявамі, у сініх з малінавым кантам галіфэ, у зелянковага колеру гімнасцёрцы, падпаясанай скураной дзягай з кабурой на правым баку, і ў сіняга колеру з крапавым аколышкам фуражцы, які прыехаў у чорным варанку, каб арыштаваць і завезці на суд "тройкі" ў Маладэчна бацьку Віктара.
- Да сцяны!.. - павёў пісталетам прывід. - Да бліжэйшай, каб не хадзіць далёка.
У яго бацькаў пісталет! Адкуль у яго бацькаў пісталет? Ён забіў бацьку? І цяпер з’явіўся, каб з ягонага пісталета забіць мяне?
Бліжэйшай сцяной была заходняя, на сутыку якой з паўночнай узвышалася Княская вежа, а недалёка ад вежы - пралом у сцяне, праз які Віктар па дзесяць разоў на дзень забягаў у двор замка, і можна было б паспрабаваць праз гэта пралом выскачыць, але ў ім стаялі, нібы чакаючы яго, прывіды крыжакоў. За спінай Віктара прагульвалася па паўднёвай сцяне, каб скінуць гэтай ноччу ягоны камень, чарадзейка ў белай сукні, ва ўсходняй сцяне разгараўся прывід вогненнага ваўкалака, не перакрыты шлях быў, калі не лічыць прывід маёра, які, расставіўшы ногі, стаяў перад Віктарам, толькі да паўночнай сцяны. Яна была вышэй за тры астатнія, занадта высокая, каб на яе ўзабрацца, хіба што па лесвіцы ў Княскай вежы, якая абрушаная на другім паверсе, але па яе абломках можна і вышэй ускараскацца, - мітусліва шукаў Віктар шлях да паратунку, і пакуль ён выбіраў яго, прывід стрэліў. Віктар бачыў, як пырснуў з пісталета агеньчык, як выляцела куля і, падляцеўшы да яго, завісла, як залацістая пчала, нібы вырашаючы, куды ёй далей ляцець - і, рэзка павярнуўшы ўлева, дзе стаялі ў праломе заходняй сцяны прывіды крыжакоў, паваліла аднаго з іх на цагляны друз.
Гэта быў бацькаў пісталет! Імянны пісталет бацькі, якім яго ўзнагародзілі за тое, што ваяваў з ворагамі, а не страляў сваіх! Вось і стрэліў пісталет так, як бацька б стрэліў, а прывід маёра Вырака, убачыўшы, што Віктар стаіць, як стаяў, падумаў, пэўна, што ўпершыню ў жыцці прамахнуўся, яшчэ шырэй расставіў ногі, каб лепш прыцэліцца - і Віктар нырнуў пад ягонае галіфэ, слізгануў між ног, пракаціўся па траве да Княскай вежы і скочыў у яе падзямелле. "Лаві яго! Лаві!" - кінуліся да вежы следам за ім усе прывіды, што жылі ў замку, крыжакі, чарадзейка, вогненны ваўкалак, душы забойцаў Кейстута, а ён у цемры нічога не бачыў і ніяк не мог знайсці лесвіцу, што вяла наверх, абдзіраў, шукаючы яе, далоні аб шурпатыя камяні сцен, нарэшце намацаў прыступкі і пабег па іх усляпую, памятаючы, як лесвіца ў сцяне закругляецца, і колькі ў ёй прыступак, вось тут яны павінна былі б скончыцца, бо далей лесвіца абваленая, а прыступкі ўсё не сканчаліся, і ён бег, бег, бег, дабег да сваёй школы, у падворку якой стаяў п’едэстал, з якога скінулі помнік Сталіну, да тэхнікума, насупраць якога стаяў помнік Леніну, да інстытута, у двары якога зелянеў пад зялёнымі дрэвамі помнік Герцэну, справа ад якога чарнеў, нібы вёў у пекла, уваход у качагарку, дзе Ганна сказала яму, што яна дачка ці Купалы, ці Берыі, пры якім служыў маёр Вырак, які арыштаваў бацьку Віктара і стаў прывідам, самым страшным з усіх, якія сніліся Віктару і якіх ён мог уявіць, прывідам дзяцінства, школы, тэхнікума, інстытута, прывідам усяго ягонага жыцця, якое вярнула яго туды, дзе пачалося, у Крэўскі замак, дзе яму зноў трэба бегчы ў цемры па лесвіцы, у якой няма прыступак, хіба толькі ў самым пачатку, толькі на першы паверх, але ён не мог успомніць, колькі іх, пакуль зверху не пачулася: "Са склепу на першы паверх сямнаццаць прыступак. Некалі вы іх, Віктар Паўлавіч, заплюшчыўшы вочы, прабягалі".