Так, прабягаў. Ён пасунуўся да сцяны, паклаў на яе далонь, адчуў знаёмую, не забытую праз гады шурпатасць камянёў і, кранаючы іх пальцамі, пабег "Адна, дзве, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць… тут праз адну можна пераскочыць… дванаццаць, трынаццаць, чатырнаццаць, пятнаццаць, шаснаццаць, сямнаццаць… тут, дзе некалі былі дзверы на першы паверх, павінен быць праём, але яго няма… а пад нагой яшчэ адна прыступка… як гэта?… ён добра памятаў, што лесвіца тут, абваленая разам са сцяной, канчалася, вышэй трэба было караскацца па яе абломках… можа, ён адзінаццатую прыступку не пераскочыў?.. яшчэ раз сямнаццаць… але праёма няма… і пад нагой зноў прыступка… васямнаццаць, дзевятнаццаць, дваццаць…" - на трыццаці ён перастаў лічыць, проста бег, бег і бег, не ведаючы, бо не бачыў, куды, усведамляючы толькі тое, што бяжыць уверх па лесвіцы без прыступак, што лесвіца ў замку, бо пад пальцамі шурпатая сцяна… ці гэта неба такое шурпатае, пабіла яго громам з маланкамі?.. - ткнуўся ён у спіну задыханай Ганны, схапіў яе за руку, і цераз плячо Ганны ўбачыў дырэктара антыкварнай крамы, які ў вялізнай зале з карцінамі і габеленамі на сценах сядзеў на крэсле, што нагадвала трон.
XLI
"У кожнага свой крыж", - паўтарыў святы Серафім, зірнуўшы на Кашкадамава, і над могілкамі скразануў лёгкі пошум. Да гэтага моманту нябожчыкі назіралі за ўсім, што адбывалася, не сказаць каб абыякава, але і без асаблівага інтарэсу - за сваё жыццё і смерць яны ўсялякага наглядзеліся. А тут зашапталіся. Мёртвым таксама цікава, хто першы ў чарзе з таго свету на…
"На які?.. "
- Быў суд! І ніхто не можа вырак суда адмяніць! - закрычаў Кашкадамаў, які пасля праклёну патрыярха стаяў знямелы, а цяпер трохі ачомаўся і зразумеў, як і ўсе, для каго вызваліцца месца на крыжы, калі зняць з крыжа Купалу. - Каюся! - нечакана, як падкошаны, упаў ён на калені перад Ціханам, стаў біцца галавой аб надмагільны камень. - Што злыдню Тучкову, ворагу царквы дапамагаў, што вас катаваў, мітрапаліта Сергія мучаў, грабніцу святой Ганны разрабаваў, што золата краў, каюся, каюся, каюся!.. - біўся ён аб надмагілле, і ўсе нябожчыкі з новых могілкаў глядзелі на Сталіна, а са старых - на патрыярха.
З рук Маякоўскага выслізнуў цвік, які даў яму Сталін, ён доўга шукаў яго ў траве на магіле, знайшоў, ціха сказаў як сабе самому: "Праблема. Ці выцягнуць два цвікі, ці ўвагнаць адзін?.."
Ціхан паківаў: маўляў, так. Праблема.
- Божая ўлада вышэй за царскую, - сказаў патрыярх, памаўчаўшы. - Але яна не для таго, каб царскую ўладу адмяняць. І Божы суд за царскі вышэй, але ён не адмяняе царскі. Таму як ёсць. - перахрысціў ён Купалу на крыжы, - так ёсць.
"Вымыў рукі..." - гэтак жа ціха, як самому сабе, сказаў Маякоўскі, і Ціхан рэзка ўскінуў галаву, ды адказаць не паспеў, бо раптам падляцела да яго: "За што? За што? За што?.." - закалыхалася перад ім Спагада, якую ён адпіхнуў раздражнёна: "Бог ведае!.." - а над Купалам адразу ж, каб апошні цвік увагнаць, нахіліўся палкоўнік Несцярэнка, стаў расціскаць ягоную, сціснутую ў кулак, левую далонь: "Ды што вы тут з апошніх сіл сціскаеце? - і, расціснуўшы кулак, убачыў апёк на далоні, пакінуты чырвоным рубінам. Разгубіўся, паклаў медальён на грудзі Купалу. - У яго і праўда стыгматы..."
- Гэта ў каталікоў! У неўротыкаў ды вар’ятаў стыгматы! - закалаціла патрыярха, а Купала нягнуткімі пальцамі, якія ледзьве не зламаў Несцярэнка, падняў вечка медальёна - і ў вочы яму глянуў Сталін. У зялёным, глуха зашпіленым фрэнчы, у чорна-бліскучых ботах. На чырвоным крыжы на тле белай эмалі.
- Госпадзі, даруй! Уратуй і памілуй! - перахрысціўся святы Серафім.
- Свят, свят, свят. - І накінуўся на святую Ганну. - Ты што яму дала? - а тая глядзела няўцямна: "У маім медальёне Хрыстос быў. Не ведаю, як... Хіба па смерці..."
Яна зірнула на Кашкадамава - той таксама выглядаў здзіўленым, толькі што не хрысціўся. "Так, калі я забіраў, таксама Хрыстос быў. - І пацепнуў плячыма. - Перамаляваў нехта".
Сталін прысеў каля Купалы, узяў медальён.