- Археолаг. Але ў руху ўдзельнічаў.
- Якім руху?
- Нацыянальным.
- Значыць, нацдэм. Жывы?
- Памёр.
- Сам?
- Сам.
- Калі?
- Даўно. У дзевятнаццатым.
- Дзіўна.
- Што тут дзіўнага?
- Што нацдэм і сам памёр. Тым больш, што ў нас любілі расстрэльваць археолагаў.
- Ён у Польшчы памёр.
- Гэта і ёсць у нас. Ці ва ўсякім разе недалёка. А чаму, калі паляк, вуліца ў Мінску?
- Ён не паляк.
- А хто?
Больш як дваццаць гадоў таму памерламу Луцкевічу, да якога незразумела з чаго прычапіўся намеснік народнага камісара ўнутраных спраў СССР, нашкодзіць было нельга, і Купала ўзлаваўся:
- Нацдэм!
- Ну вось, - зморшчана сказаў Мяркулаў. - Так вы нам усё пра ўсіх і раскажаце.
Купала не здагадваўся, што камісар распытваў пра Луцкевіча, цягнучы час, бо яму ў носе заказытала, і ён зморшчыўся, чакаючы, калі чхне. У яго ў носе заўсёды з’яўлялася такое лёгкае казытанне, калі ўзнікала, знаходзілася выратавальная думка, ідэя.
- Апчхі!..
Нібы перапрашаючыся за сваю нястрыманасць, Купала падаў насоўку.
- Будзьце здаровы!.. Бачыце, як практычна мець карычневую насоўку з чырвонымі кантамі. Амаль і не відно крыві.
Мяркулаў насоўку не ўзяў. Шморгнуў носам:
- Што ж гэта за кроў, якой не відаць?.. Вы калі апошні раз з таварышам Сталіным сустракаліся?
"Вясной сорак першага на ўручэнні прэміі..." - сабраўся адказаць Купала, але злосць з яго не ўся, як чых з камісара, выйшла, і нехта ў ім замест яго самога раптам спытаў: "А чаму вы пасля крыві - адразу пра таварыша Сталіна? Вы неяк гэта звязваеце?.." - і Мяркулаў, нічога на ягонае пытанне не адказаўшы, разгарнуў перад ім тую, якую дастаў з тэчкі, кнігу: "Прачытайце, калі ласка, надпіс на тытульным лісце. Гучна, каб я чуў".
На тытульным лісце кнігі "Ад сэрца", за якую атрымаў Купала Сталінскую прэмію, было напісана: "Таварышу Сталіну - правадыру ўсіх часоў і народаў". Усё, як трэба. Калі б толькі два першыя словы не былі скрэсленыя.
"Таварышу Сталіну - правадыру ўсіх часоў і народаў", - прачытаў Купала зусім не гучна, і камісар узвіўся: "Вы не закрэсленае чытайце! Чытайце тое, што над закрэсленым напісалі. Вось тут, пад назвай кнігі! Ну?.. Што вы знямелі?" - "Я не знямеў." - "Тады чытайце". - "Чорту лысаму…" - прачытаў Купала і замаўчаў. - "Далей! - стукнуў кулаком па стале Мяркулаў. - Чорту лысаму і далей! Якому чорту?.." - "Чорту лысаму - правадыру ўсіх часоў і народаў", - прачытаў ужо гучней Купала, падумаўшы, што й насамрэч д’ябал - правадыр усіх часоў і народаў, але камісар думаў іншае. "Вы пісалі?" - "Не помню". - "Як гэта не помніце? Почырк ваш?" - "Падобны да майго". - "Падобны… Значыць, падобна, што пісалі вы. А скрэсліў хто? Вы скрэслілі?" - "Не помню." - "Як не помніце, калі праўка над скрэсленым зробленая той жа рукой? Вашай рукой?.." - "Падобна, што маёй. Але ж подпісу майго няма..." - паспрабаваў неяк бараніцца Купала, з жахам уяўляючы, што будзе, калі гэты надпіс з праўкамі пакажуць Сталіну, ці апублікуюць у газетах, але абараніцца Мяркулаў яму не даў. - "У такім разе падобна, - падаўся да Купалы камісар, - што скрэслілі вы не толькі сакратара ЦК таварыша Гарбунова, але і таварыша Сталіна! Перарабілі яго ў чорта лысага! І пасля гэтага вы яшчэ спрабуеце мяне палохаць? Намякаць, што я звязваю імя таварыша Сталіна з крывёй? Ды я вас!.. Ды вы сто разоў гэтаму Луцкевічу, які сам памёр, пазайздросціце! - перагнуўся камісар цераз стол і моцна, так, што тыя хруснула, зацягнуў на горле Купалы гальштук. - Ну?!. Сталін лысы? Сталін чорт? Д’ябал?.."
Купалу на гэта не было чаго, ды ён і не мог нічога, задыхаючыся, сказаць. Прахрыпеў: "Сталін не лысы..." - успамінаючы, як год таму, ідучы ў Крэмль на ўручэнне прэміі, надпісаў кнігу "Ад сэрца" Сталіну, але па дарозе.
- Я магу нікому гэтую кнігу не паказаць, - раптам супакоіўшыся, аслабіў пятлю на шыі Мяркулаў. - Яна ж, - усміхнуўся ён, - без подпісу. Але і вы мне не паказвайце свой нораў. Дамовіліся?
Трымаючыся за горла, Купала сутаргава кіўнуў.
- Паколькі па дакументах вы нябожчык, а размовы з нябожчыкамі ў нас ніхто не запісвае, магу прызнацца, што ў мяне таксама ёсць праблема, - вярнуўшыся на месца, сабраў тэчку і паклаў яе ў шуфлядку стала камісар. - Не такая, як у вас, але ёсць. І я падумаў, пакуль размаўляў з вамі: а раптам вы дапаможаце яе вырашыць? Вы мне, я…
Ён не дагаварыў "я вам", бо наўрад ці ўяўляў, чым і як можна дапамагчы нябожчыку. А вось як зратавацца самому, Мяркулаў, як яму здалося, прыдумаў. "Прыглядзі тут, я адыду на хвіліну!.." - кінуў ён, выходзячы з кабінета, памочніку, і ў дзвярах, павярнуўшыся і прыжмурана глянуўшы на Купалу, прадэкламаваў: "Я люблю цябе, Д’ябал, я люблю Цябе, Бог…" [1]