- Як вы думеце, хто? Купчыха?.. Пабаялася б... Ганна?.. Яна магла не пабаяцца. Але які сэнс?.. Які сэнс, як вы думаеце?..
Убачыўшы, як адрэагаваў Сталін, Кашкадамаў зразумеў, што, пацепнуўшы плячыма, зрабіў памылку.
- Гэта знак! Некалі, таварыш Сталін, так і будзе!.. - І зноў датумкаўшы, што ляпнуў не тое, стаў тлумачыць. - У сэнсе, што рускі народ вас, як Бога...
Але і ў гэтым адчуўшы двухсэнсоўнасць, Кашкадамаў змоўк, а Сталін перапытаў Купалу:
- Дык як думаеце?.. Які сэнс? І для каго яна гэта? Для сябе?.. Для вас?.. Для мяне?.. Тады скуль наперад ведала?..
Купала не знаходзіў, што адказаць. Ён чакаў чаго заўгодна, але не гэтага.
- Так, - сказаў Сталін. - Не пасма валасоў. - І вярнуў, пстрыкнуўшы вечкам, медальён. - Насіце.
Купала ўзяў медальён, сціснуў у левай руцэ: "Але які сэнс? І для каго яна гэта? - гукнулася ў ім рэхам. - Для сябе?.. Для яго?.. Для мяне?.. Тады скуль ведала наперад?.."
Раскрыжаваны Сталін у медальёне святой Ганны ўразіў яго не меней, чым той, якога прынёс у чырвонай пушачцы ў Саюз пісьменнікаў, як узнагароду Купалу, кур’ер з Крамля. "Лётчык". Але яшчэ больш уражаны выявай Сталіна на крыжы ў медальёне праваслаўнай святой быў патрыярх Ціхан. У яго быў гэтакі твар, такія вочы, што, здавалася, ён другім разам памёр.
- Пакайцеся, - сказаў патрыярх ледзь чутна. - Самы час.
Сталін цяжка, як чалавек, якому баляць ногі, падняўся.
- Я зрабіў тое самае, што Бог, - паўтарыў ён, гледзячы ў змярцвелыя вочы Ціхана. - Богу ёсць у чым каяцца?.. - І не пачуўшы ні слова ні ад патрыярха, ні ад каго-небудзь, усміхнуўся. - Тады і мне няма ў чым.
- Пераварочвайце крыж, - безнадзейна махнуў рукой Ціхан. - Пераварочвайце.
Ніхто ні са старых, ні з новых могілак не спяшаў падысці да Купалы, і толькі пасля таго як патрыярх нервова азірнуўся: "Ну хто?.." - невядома скуль, як з месячнага святла зляпіўшыся, з’явіліся трое расплывістых, якіх Купала з часу паніхіды ў Саюзе пісьменнікаў не бачыў, а яны раптам выскачылі паперадзе Кругляца, падбеглі і перавярнулі крыж. Прычым гэтак хутка, што Купала, сабраўшыся сказаць: "Пачакайце, адну руку не прыбілі..." - толькі рот паспеў раскрыць, ледзь не падавіўшыся травой з пяском.
Ён ляжаў тварам у зямлю, маўчаў - і нейкі час над ім маўчалі.
- Вы насамрэч збіраецеся мяне раскрыжаваць? - пачуўся нарэшце голас Сталіна. - Вы?.. Мяне?..
У голасе, якім ён гэта спытаў, адчувалася ўся немагчымасць такой дзеі, і Купала таксама адчуваў яе немагчыць, хоць, прыціснутаму крыжам, кінутаму тварам у зямлю, з ротам, забітым травой і пяском, адчуваць што-небудзь было яму ўсё цяжэй.
- Кладзіцеся, - глуха сказаў Сталіну патрыярх. - Я не магу адмяніць прысуд улады, вы не можаце адмяніць Божы прысуд.
- Вы не Бог... - пачаў Сталін, але чамусьці спыніўся. Можа быць, праз тое, што хвіліну таму сам раўняўся з Богам, а, можа, і не таму; магчыма, яму цікава стала, што ж будзе далей, хто ж асмеліцца на такое, і ён дагаварыў. - Але што ж, няхай так...
Ён сеў на крыжавіну, трохі пасунуўся ўніз, выцягнуў ногі, паклаўся спінай, раскінуў рукі - распластаўся на крыжы. У зялёным, глуха зашпіленым фрэнчы, у чорна-бліскучых ботах.
Які цяжкі быў Сталін! Быццам Вялікі Воз з цвікамі ўз’ехаў на Купалу - і ён ледзь здолеў павярнуць галаву ўбок, каб хоць трохі дыхаць. Немагчыма ўявіць было, што чалавек ніжэйшага за яго росту і не большых памераў можа быць такім цяжкім. Ці гэта грахі ягоныя такія?..
"Ну?.. Хто?.." - голасам, у якім не было ніякай надзеі на тое, што нехта на яго адгукнецца, зноў спытаў Ціхан, і нечакана Круглец, голас якога Купала пазнаў па віленскім вымаўленні, сказаў: "Мы можам. Я, Няжыла з Кумцом. Ён у нас Вільню забраў. Так што..."
- Так, мы можам, - сказалі двое ў адзін голас, мусібыць, Кумец з Няжылам, і праз хвіліну над Купалам зацюкаў малаток. Раз, другі, трэці… Купала ўсё чакаў, што скажа Сталіну крыж, але крыж не падаваў голасу.
Не чуваць было таксама, каб Сталін ці застагнуў, ці ўскрыкнуў, ён нават не зварухнуўся на крыжы. Толькі выдыхнуў нешта. Адно нейкае слова. Купала не расчуў, якое, яму здалося: "Смерць".
- Ды што Вільня! Ён жыццё ў мяне забраў! - раптам закрычаў нехта надрыўна, амаль істэрычна, і да крыжа, да твару Купалы падскочылі хромавыя, да бляску начышчаныя боты: - Малаток мне! Малаток! - і за хромавымі ботамі падбеглі боты кірзовыя, за імі чаравікі, большыя і меншыя, адны, другія, туфлі, мужчынскія і жаночыя, скураныя чорныя і скураныя карычневыя, жоўтыя, белыя парусінавыя, і ногі ў нейкіх анучах, абмотках, басанож, і лес чалавечых ног гусцеў і гусцеў, і над гушчаром гэтым мацнелі і мацнелі мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя ўскрыкі, плачы, енкі, якія зліваліся, як у хоры, у адзіны стогн, што шырыўся далей і далей, уздымаўся вышэй і вышэй над дрэвамі, дамамі, саборамі, над крыжамі магіл і храмаў плыў і плыў у нябёсы, дзе слаўся без канца і без краю Божы Шлях, па якім каціўся і каціўся Вялікі Воз, нагружаны цвікамі, якія хтосьці - цюк, цюк, цюк - уганяў і ўганяў у Божае цела, у Божы свет, у якім цвікі бліскалі і выглядалі зоркамі…