- Смерды! - раптам выразна скрозь стогн і енк расчуў Купала голас Сталіна. - Пасля смерці грызці... смерды...
42
- Ёсць людзі, якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць, - паўтарыў дырэктар голасам маёра Вырака, прывіда, ратуючыся ад якога, Віктар праз усё жыццё прабег, не ведаючы, куды бяжыць. Аказалася, у антыкварную краму, дзе ўсё тое, што было.
- Рады бачыць, вельмі рады бачыць вас, - падняўся з трону Вензель, каб пацалаваць руку Ганне. - Маглі б і запрасіць у Крэва, у свой замак, маглі б запрасіць, Віктар Паўлавіч, - паківаў ён Віктару. - Я ж вас у Маскве ў сваю краму запрашаў, а вы мяне нідзе і нікуды, і так выглядае, нібы я сам запрасіўся, праз што мне, паверце, няёмка, але. Але я пачуў, падслухаў, праўду кажучы, што вы казалі пра вялікіх князёў, пра Кейстута, Вітаўта, Ягайлу, і падумаў, што лепш адзін раз убачыць, чым сем разоў пачуць, а паколькі ў маёй краме не толькі антыкварныя рэчы, але і антыкварныя людзі з іх рэчамі і ўсім тым, што было ў іх жыцці, дык вось я і вырашыў, што вам цікава будзе паглядзець, як яно ўсё насамрэч было... вам жа таксама цікава гэта, панна Ганна, вы ж таксама літвінка, - прапанаваў ён Ганне крэсла побач з тронам, і тая сказала, сядаючы: "Я дзеля гэтага і прыехала з Масквы", - а дырэктар падсунуў да трону, толькі з другога боку яшчэ адно крэсла: "Сядайце, Віктар Паўлавіч, ці вы жадаце на трон?.."
Пакуль ён не спытаў пра гэта, Віктар ніякага жадання не меў на трон узбірацца, а тут раптам так захацелася, што ледзьве здолеў адмовіцца: "Дзякуй, не жадаю", - і сеў на крэсла, на якім яму здалося, што ён, як і Ганна, прыехаў у Крэва з Масквы дзеля таго, каб паглядзець відовішча, якое падрыхтаваў для іх дырэктар антыкварнай крамы, штукар, круцель, ці хто там ён яшчэ.
- Што спачатку? - спытаў дырэктар Ганну. - Пра тое, як Вітаўта ўратавалі? Ці як Кейстута задушылі? - І павярнуўся да Віктара. - Ці як вунію падпісвалі?
- Пра тое, як Вітаўта ўратавалі, - нагу на нагу закінула, ямчэй сядаючы, Ганна, і голас яе быў такі, нібы ніколькі не здзівіла яе ні зала ў парушаным замку, ні Вензель з ягонай прапановай, як быццам так яно ўсё і мусіла быць.
- Не меў сумневу! - нібы ў захапленні выгукнуў Вензель. - Сумневу не меў, што менавіта выратаванне Вітаўта паглядзець вы захочаце, бо ў гісторыі Крэўскага замка гэта найцікавейшае з усяго! Асабліва для тонкіх натур, - не паленаваўся ён на камплімент Ганне, пляснуў у далоні: "Пачынаем!" - і над узвышэннем у цэнтры залы, якое нагадвала тэатральную сцэну, запалілася святло, у якім замільгалі цені, паступова набываючы чалавечыя абрысы. - Вяртаемся ў жнівень 1382 года, у Крэўскі замак, дзе вялікі князь Ягайла зняволіў стрыечнага брата свайго князя Вітаўта, праведаць якога дазволіў ягонай жонцы Ганне разам з яе пакаёўкай Любоўю. Перад вамі пакой з каморай. Не цямніца, але і не царскія палаты. У каморы, пакуль нам не бачная, Любоў. Мужчына на ложку - Вітаўт, жанчына, якая на крэсле перад люстэркам расчэсвае валасы, Ганна. Глядзіце, як было.
ГАННА
Які Ягайла звер!.. Пачвара ён якая!
ВІТАЎТ
Мне гэты звер сказаў, што ён цябе кахае.
ГАННА
А мне сказаў, што любіць ён цябе.
Мой Бог!.. Ужо маршчынкі на ілбе…
ВІТАЎТ
Не, ты ў мяне заўсёды маладая!
(Юрліва.)
І болей не прыкідвайся такой:
"Даруй мне, Вітаўт! Сёння з галавой
Не тое штось…"
Што мне да галавы!..
ГАННА
Якія ўсё ж няўрымслівыя вы!..
Пералюбілі, пэўна, паў-Літвы
Ты і браты твае!.. Дзяцей панарабілі!..
Вы жонак хоць сваіх на пальцах палічылі?
Ці не хапае пальцаў?..
ВІТАЎТ
Ты ў мяне
Адзіная…
ГАННА
Ну, хто б сказаў іначай!..
Але ж усё - не так! Як цені па сцяне,
Сыходзім мы. І цені нашы плачуць…
Дачка таксама плача. Не кажу,
А яна плача. дзеці ж адчуваюць.
І слёз яе, што соллю высыхаюць,
Я не дарую гэтаму смаўжу!
(Падымаецца з крэсла, сядае на ложак.)
Каханы мой, адзіны, любы мой,
Я і сама сабе так адчуваю.
ВІТАЎТ, гладзячы Ганну па валасах.
Нібы не тое нешта з галавой?
ГАННА
Ды не жартуй ты!.. Так, нібы з табой
Апошні раз. І як нам быць, не знаю.
І што рабіць?.. Я так цябе кахаю!..