Выбрать главу

І так дачушку нашу я люблю!..

ЛЮБОЎ, выходзячы з каморы.

Што загадаеце, я тое і зраблю.

ГАННА

Сядзела б ты ў каморы!.. На вяроўцы

Цябе я не цягнула. Пакаёўцы

Што я магу ў вязніцы загадаць?..

ЛЮБОЎ

А я магла б не пакаёўкай стаць?

А вы, як пакаёўка, у каморы

Ці не маглі б тым часам пасядзець?

ГАННА

Ты нешта загаворваешся ў горы.

(Да Вітаўта.)

Пра што яна? Ты можаш зразумець?

ВІТАЎТ

Магу. Яна гатовая на смерць

За тое, каб пабыць. са мной... на тваім месцы.

ГАННА

Любоў, ты звар’яцела?..

(Да Вітаўта.)

Ці смяецца

Яна з мяне?..

(Да пакаёўкі.)

Ці нешта з галавой

Тваёй усё ж не так?..

(Сама да сябе)

Ці так?..

(Да Вітаўта.)

Ты, значыць, ляжаш з ёй,

А я ў каморы сяду?

(Да пакаёўкі.)

Ды крывёй

Ты захлынешся зараз тут, курвіна!..

ЛЮБОЎ

На тое ваша воля.

ВІТАЎТ

Ты нявінна?

ЛЮБОЎ

Нявінна, так.

ВІТАЎТ

І разумеет ты,

На што ідзеш?..

ГАННА

Ты, Вітаўт, не святы.

Я ведала. Але што так, пры мне!..

ЛЮБОЎ

Ды князь мяне і пальцам не кране.

АННА

Ты мне расказвай!.. Не кране мяне!

Кране!.. Але вунь цені на сцяне,

Як мы. І дзецям бацькі не стае.

ЛЮБОЎ

Шкада дзяцей мне.

ГАННА

Дзеці не твае!..

(Рашуча.)

Дык вось: кладзешся... голая ўстаеш.

Сваю апратку князю аддаеш,

А ён табе дае сваю апратку.

(Да Вітаўта.)

Я так сказала ўсё? Не зблытала парадку?..

(Ідзе ў камору.)

ЛЮБОЎ

Яна пераступіла праз сябе.

Цераз гардэчу ўсю. Праз рэўнасці завею.

Цераз усё, што ў ёй. Я праўда вар’яцею.

Вось як кахае, князь, яна цябе.

Даруй ты мне. я так кахаць не ўмею.

Але хачу. хоць як. але кахаць.

Ты можаш, князь, мяне пацалаваць,

Каб мне ў жыцці было з чым развітацца…

(Паўзмрок на сцэне… Стук у дзверы.)

ГОЛАС ПРОРЫ

Княгіня! Князь! Даволі! Час збірацца!

(Адчыняюцца дзверы.)

Выходзь, княгіня! Пакаёўка дзе?

ГАННА

Ідзе. А што ў цябе на барадзе?..

Ці муха, ці пчала ў цябе тут села?

Уджаліць зараз! Кыш ты!.. Паляцела…

(Выходзіць з пераапранутым Вітаўтам, дзверы зачыняюцца.)

ЛЮБОЎ адна.

Як дзіўна адчувае сябе цела.

Асобна ад мяне. Ці так, як я хацела,

Зрабіла я? Ці ўсё я так адчула?..

Калі ўсё толькі так, дык, пэўна, падманула

Сама сябе я. Калі гэты стан,

Які ўва мне, і ёсць усё, што Богам

Паслана можа быць, тады не так і многа

Бог можа нам паслаць. І калі больш нічога,

Калі ўсё гэта ўсё. то ўсё на свеце - зман.

Святло над сцэнай пагасла - і ні герояў на ёй, ні самой сцэны не стала. З хвіліну ўсе маўчалі.

- Цікава, - першым падаў голас рэжысёр пастаноўкі. Я сам не ведаў, іначай гэта ўяўляў… Як вам, Ганна Васільеўна? Вы задаволены?

Ганна сядзела, як каменная.

- Не магу зразумець, - сказала яна нарэшце. - Ганну разумею, а Любоў - не. - І павярнулася да Вензеля, у каторы раз перапытаўшы. - Хто вы, Назар Януаравіч? Хто вы такі?

Той усміхнуўся.

- Зараз, бадай, паштальён. Так, у нейкім сэнсе - паштальён. Лісты з мінуўшчыны дастаўляю. Вось і Віктару Паўлавічу, - дастаў ён канверт з кішэні, - прынёс. Каб не гадаў, чаму адзін з ягоных сяброў праз вас, Ганна Васільеўна, перад ім прабачаўся.

Ганна паднялася.

- Скуль нам ведаць, што сцэны, якія вы паказваеце, і лісты, якія прыносіце, не падробныя?

- А няхай Віктар Паўлавіч сам пабачыць, - падаў паштальён канверт Віктару. - І сам скажа: падробны ліст, ці не?

Віктар дастаў з канверта паперу. На ёй ягонай рукой быў напісаны тэкст ягонага выступу на з’ездзе. Тэкст, які ён пакінуў Кручы, каб той перадаў яго замежным журналістам. Тэкст, які ён не прамовіў, і пра які ніхто, апроч яго і Кручы, не ведаў.

Адкуль ён у Вензеля?..

- Што там? - спытала Ганна, але спытала, каб проста спытаць, яе зараз займала іншае. - Чаму яна так зрабіла? - глядела Ганна ў пустату, у цемрадзь, у якой зніклі, як іх і не было, героі адной з мільярдаў маленькіх чалавечых трагедый. - Дзеля чаго?

- Не магу сказаць, бо не ведаю, дарагая Ганна Васільеўна, - праводзіў іх уніз па нябачных прыступках нябачнай лесвіцы дырэктар антыкварнай крамы, ён жа дырэктар цырка, ён жа паштальён. - Меў надзею, што вы мне скажаце, але вось і вы... Зрэшты, калі вас гэтая гісторыя так моцна закранула, магу вярнуцца, пацікавіцца, - спыніўся ён ужо на выхадзе з замка. - Так, бадай, вярнуся, а вам шчаслівай дарогі ў Індыю!