- Самалёты ў Індыю з Крэва не лятаюць, - схаваў канверт у кішэнь Віктар, і Назар Януаравіч Вензель, падымаючыся па нябачнай лесвіцы, пракінуў зверху: "А некалі ляталі. Вы нават не ўяўляеце, колькі раней самалётаў з Крэва ў Індыю лятала!.."
Калі яны выйшлі ў двор замка, была ноч. Над руінамі велічна плыў Вялікі Воз. Каля паўднёвай сцяны прагульвалася жанчына ў белым з белым сабачкам. Каля ўсходняй сцяны разгараўся прывід вогненнага ваўкалака, каля заходняй тоўпіліся прывіды крыжакоў, каля паўночнай стаяў з пісталетам у руках прывід маёра Вырака. Жанчына ў белым падышла да яго: "Маёр, прагуляйце сабачку. Нешта стомленай сёння я сябе пачуваю". І калі маёр з сабачкам, які абгаўкаў крыжакоў, зніклі ў праломе заходняй сцяны, жанчына ў белым падбегла да Віктара і Ганны: "Каб вы ведалі: спачатку з’явіліся прывіды, а потым ужо людзі. І які прывід у чалавека ўсяляўся, такі і з’яўляўся ў свет чалавек. Пасля ён паміраў і зноў ставаў прывідам. Дык вось з якога прывіду з’явіўся маёр Вырак, усе ведаюць. А з якога з’явілася Любоў, не ведае ніхто. Я ў яе пыталася: чаму, дзеля чаго ты так зрабіла, сабой ахвяравала? Яна мне: "Вам не зразумець". Я тут амаль тысячу гадоў - і мне не зразумець. Ды вы праходзьце, пакуль маёр не вярнуўся. Вы не ўяўляеце, як ён абрыд тут усім са сваім пісталетам. Паназабівае мужчын, жанчын, дзяцей, а людзі думаюць на мяне, на крыжакоў, на ваўкалака..."
- Бачыце, - аднекуль зверху, нібы з-пад Вялікага Возу пачуўся голас дырэктара антыкварнай крамы. - Тут адзінае месца ў свеце, дзе жыццё такое, якое яно ёсць. Сапраўднае, без ніякіх падробак. Не нейкі там залаты пыл.
XLIII
Высокі, ці не ў тры чалавечыя росты крыж паднялі - і толькі тады ўбачылі, што ў Купалы не прыбітая левая рука. Пра яго ўвогуле забыліся, накінуўшыся на Сталіна, перад якім цяпер, калі ён не ляжаў пад нагамі, а ўзвысіўся, зноў адчулі трымценне. Таму завагаліся: не класці ж, каб прыбіць руку паэта, тварам у зямлю правадыра, - і маладзенькі чыгуначнік у форме інжынер-лейтэнанта, які прынёс з сутарэнняў крэматорыя рыдлёўку, каб крыж укапаць, успомніў, што ў крэматорыі і драбіны ёсць. Па іх збегалі, прыставілі, упёршы верхнюю папярэчыну ў падбароддзе Купалы, да крыжа. Чыгуначнік, падняўшыся, паспрабаваў, увагнаць цвік у Купалаву сціснутую далонь, той не лез, хлопец стукнуў мацней, урэшце ўдарыў з размаху, цвік сагнуўся - і, не ўтрымаўшы раўнавагі, чыгуначнік услед за малатком зляцеў з драбінаў. Ускочыў, схапіў малаток, сабраўся палезці зноў, але Несцярэнка яго апярэдзіў. Падняўшыся ўпоравень з Купалам, працягнуў яму руку: "Ведаеце, не кожны палкоўнік - паэт, але і не кожны паэт - палкоўнік. Бывайце!"
Каб такое сказаць, не абавязкова было па драбінах лезці. "Ці нечага я, - падумаў Купала, - не зразумеў?" Падаў руку з медальёнам: "Вазьміце. Зараз прыб’юць, не будзе як трымаць", - але Несцярэнка медальён не ўзяў: "Куды браць? На расстрэл?.. - злез і адкінуў, спыніўшы інжынер-лейтэнанта, драбіны. - Не прыбівайце, няхай сам адной рукой за папярэчыну трымаецца".
Мусібыць, яго ўсё ж моцна яго ўразілі Купалавы стыгматы.
Сталі рыхтавацца да расстрэлу. Да Несцярэнкі падышоў паэт Васільеў, пяць гадоў таму расстраляны і пахаваны ў магіле незапатрабаваных прахаў: "Палкоўнік, дасцё пралетарскага пісьменніка Горкага стрэльнуць? Ён напісаў, што я вораг. Мяне праз гэта расстралялі, дык маю права на сатысфакцыю". - "Тады двубой, калі сатысфакцыя, - разважліва сказаў Несцярэнка. - Яму таксама зброю дам… Аляксей Максімавіч, даць вам пісталет?"- "Не, - адмовіўся Горкі. - Я страляць не ўмею". - "Нічога вы не ўмееце, - уздыхнуў палкоўнік. - Ні цвік увагнаць, ні стрэліць. А столькі, калі людзей паслухаць, натварылі ўсяго…"
Крыж трымалі так, што Сталін вісеў тварам да новых могілак, да крэматорыя, а Купала - да могілак старых, да Малога сабора, таму не мог бачыць, а толькі чуў, што адбывалася за ягонай спінай. "Адыдзіце, таварыш Васільеў, вы не запісаны. Таварыш Коган, калі ласка, да сцяны, - казаў Несцярэнка. - І вы, таварышы святыя Ганна і Серафім, не трэба мне паказваць вашы партбілеты, да сцяны. Валяр’ян Уладзіміравіч, вы сюды, да Сяргея Міронавіча… Аляксей Максімавіч, не цягнуць жа мне вас. Тое, што я Васільеву стрэліць у вас не даў, не азначае, што вы памілаваны. Ды адыдзіце вы, Васільеў!.. Трохі ўлева, Уладзімір Уладзіміравіч, я побач з вамі стану..."
На хвіліну ўсё сціхла, потым пачуўся - прычым жывы, не мёртвы, абуты ў падкаваныя боты - тупат дзясятка ног. Прыгавораны да расстрэлу і прызначаны ягоным выканаўцам палкоўнік Несцярэнка скамандаваў: "Аддзяленне, стой! Зброю да бою!.." - і тут узляцеў, празвінеў, як малы звон на Малым саборы, голас Коган: "Павел! Я хачу папрасіць вас, Павел! Калі ўсё скончыцца, прачытайце верш!.." - "Які?.." - "По стране красавица идёт… Так идёт, что ветви зеленеют, Так идёт, что соловьи чумеют, Так идёт, что облака стоят!.." - "Мяне забілі, я не помню." - "Успомніце! Гэта я так ішла, Павел! Гэта я..." - "На руку! Цэлься!.. Плі!" - дакамандваў Несцярэнка, і за спінай трэснула, грымнула залпам, і нешта стала валіцца, падаць з гэтакім гукам, як увосень у намоклыя лапухі даспелыя яблыкі падаюць.