Выбрать главу

"Так идёт, что ветви зеленеют,

Так идёт, что соловьи чумеют,

Так идёт, что облака стоят!.." - глуха пачаў, калі рэха залпу скацілася на старыя могілкі, Васільеў, і не дачытаў, заплакаўшы.

Некалі паэт Павел Васільеў перапісаў гекзаметрам усім вядомыя "шэсць умоваў таварыша Сталіна". Выйшла эпіграма, Купала помніў пачатак: "Ныне, о муза, воспой Джугашвили, сукина сына…" Потым хадзілі чуткі, што Горкі, які ў сваім нашумелым артыкуле "Літаратурныя забавы" назваў Васільева палітычным ворагам, палічыў сябе вінаватым і прасіў за яго, але Сталін пакінуў паэта, якому было ўсяго дваццаць сем, у расстрэльным спісе.

"Так ідзе, што воблакі стаяць."

- Вось і не стала антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі, - не звярнуўшы, як здалося Купалу, ніякай увагі на лірычныя дэкламацыі ў час расстрэлу, задаволена сказаў Сталін. - Малайчына палкоўнік. Самога сябе расстраляць не кожны здольны. Хаця… Вы ж спрабавалі, Іван Дамінікавіч, скончыць самагубстам. Я таксама, між іншым. Даўно, калі яшчэ ў семінарыі вучыўся. Кожны нармальны чалавек, аднойчы ўцяміўшы, у якім свеце ён жыве, самагубствам спрабуе скончыць. Ці падумвае пра гэта. Але сілы волі, духу не хапае. Мне ў той час не хапіла. І я падумаў: калі нехта некага забівае, дык ці не робіць ён тым самым найвялікшую паслугу таму, каго забіў?.. Хто ўжо не будзе мыкацца да старасці ў несправядлівым, подлым свеце. У здрадах, прыніжэннях, крыўдах, хваробах. І не памрэ старым, бездапаможным ідыётам, абмачыўшыся ад страху праз тое, што памірае… Вы што маўчыце?

- Думаю. Тады, выходзіць, не толькі палкоўнік, але і Берыя малайчына.

- Калі забіў мяне?

- Калі вас забіў.

- Так. Калі забіў, малайчына. Тым больш, што ў яго не было ніякай патрэбы мяне забіваць.

- А мяне?..

Купалу ўжо ўсё адно было, хто і чаму яго забіў, ён іншым быў заняты, спрабаваў разгадаць пасланыя яму сілай нячыстай, кур’ерам з Крамля, "лётчыкам", і чыстай сілай, святой Ганнай, знакі, дый наперад ведаў ён, што адказу ад Сталіна не пачуе, таму не збіраўся пытацца, але размова так склалася, што пытанне само вырвалася: "А мяне?.." - і Сталін уздыхнуў:

- Вам гэта цікава?

- Як сказаць... Цяпер ужо не надта. Але ўсё адно больш, чым некаму.

Сталін памаўчаў, як бы ўзважваючы, адказаць ці не?..

- Ну, што ж... Калі мы вырашылі арганізаваць партызаншчыну ў Беларусі і прызначылі вашага добрага знаёмца Панамарэнку начальнікам партызанскага штабу, я паклікаў яго да сябе. І між іншым спытаў. жартам спытаў, я з ім даўно жартую: ты што гэта, Панцеляймон, найпершага беларускага нацыяналіста ленінскім ардэнаносцам і сталінскім лаўрэатам зрабіць парэкамендаваў? Вось я - найпершы савецкі нацыяналіст, але ж не ардэнаносец і не лаўрэат. Скажы, пытаю, Панцеляймон, ты б мяне ў сталінскія лаўрэаты парэкамендаваў, калі б ведаў, што я нацыяналіст, няхай сабе і савецкі? А пра Купалу ты ведаў, нават дакладную пісаў: "Падлягае арышту і суду як вораг народа". Дык для чаго ты мне перад вайной яго падсунуў? Каб падставіць мяне? Сталін, маўляў, нічога не разумее? У людзях, у кадрах не разбіраецца?.. Так вось я пажартаваў, а Панцеляймон, пэўна, падумаў, што гэта не жарты. І, перапудзіўшыся, вунь да тых хлопцаў пабег... Бачыце іх?.. А яны яму, думаю, сказалі, каб ён сам з гэтым разбіраўся. Ды вы не ў той бок гледзіцё, да мяне павярніце галаву. Вунь туды, дзе гэты Васільеў плача. Не ведаў гэтую Коган, убачыў толькі пасля смерці, а стаіць і плача. Уражлівы такі. Ведаеце, за што яго расстралялі? За тое, што ён, п’яны, прыпеўкі спяваў. "Как-то по лесу я шла, А в лесу прогалина, Я присела и прочла Шесть условий Сталина". А ён думае, што за эпіграму гекзаметрам. Ну, вядома, калі за гекзаметр, дык ён ахвяра. А за прыпеўкі... Ну, бачыце цяпер?..

Купала, павярнуўшы, наколькі здолеў, галаву да Сталіна, убачыў спачатку плячо ў фрэнчы і руку на папярэчыне крыжа, а пасля - крайком вока - Берыю з Мяркулавым, якія, тулячыся да манастырскай сцяны і як бы хаваючыся пад ёй, ішлі ад крэматорыя.