Сталін засмяяўся. Коратка, адным смяшком, але засмяяўся. І дзіўна было чуць гэты смех на крыжы.
- З’явіліся! Пасля расстрэлу прыйшлі. Баяліся, што іх таксама… Між іншым, нацыяналісты. Толькі грузінскія. Берыя дык увогуле…
Хто Берыя ўвогуле, Сталін не дагаварыў, бо крыж хіснуўся, яго падцягнулі да выкапанай яміны, паставілі ў яе і пачалі прысыпаць… "Пачакайце, - раптам уваткнуў рыдлёўку ў зямлю інжынер-лейтэнант, прайшоў кругам і, паглядзеўшы на выцягнутага, з закінутай на папярэчыну крыжа рукой, Купалу, на прагнутага ў каленях, бо яму ногі, калі прыбівалі, не выпрасталі, і праз тое ён выглядаў яшчэ меншым, амаль карлам, Сталіна, сказаў нерашуча: "Усё ж трэба было б неяк ушанаваць… Не Дысмас з Гестасам…"
Патрыярху, мусіць, не спадабалася, што імёны разбойнікаў, якіх з Хрыстом раскрыжавалі, чыгуначнік назваў так, як іх звычайна каталікі называюць, ён пракінуў раздражнёна: "Дык маліцеся на іх!" - і равеснік інжынер-лейтэнанта, малады чалавек у мундзіры з пагонамі правінцыйнага сакратара крыкнуў са старых могілак: "Каб ушанаваць, можна хросным ходам вакол манастыра прайсці! З раскрыжаванымі! З патрыярхам, са святымі! Калі такое было?.." - на што патрыярх Ціхан перахрысціўся: "Не было і не будзе, я не пайду!" - а Берыя, падышоўшы, узяў яго пад руку: "Пойдзеш!"
Вось што яму да гэтага хроснага хода? Будзе ён ці не будзе, з патрыярхам ці не. Нічога, апроч таго, што можна ўладу паказаць. Нават мёртваму.
Усе, апроч Ціхана, прапанову правінцыйнага сакратара ўспрынялі з імпэтам. Бязбожнік Кашкадамаў тут жа ўспомніў, што ён таксама святар і мае права хросны ход павесці, калі патрыярх не хоча. "Толькі хто крыж панясе? Яго ж не падняць аднаму?"
"Мы можам, - сказаў Няжыла. - Я і Кумец з Кругляцом. Бо, можа быць, Купала..."
"Бог, ваш бог! - загарэўся ўжо ідэяй, убачыўшы ў ёй нешта такое, што можна скарыстаць, Кашкадамаў. - Бярыце крыж!"
Кумец з Кругляцом разламалі драбіны, прыбілі да бакавін папярэчыны. Выйшлі яшчэ два невялікія крыжы, якімі можна было падпіраць папярэчыну крыжа вялікага. Віленскія пакутнікі яго паднялі: "Мы гатовы".
- Талковыя, - здзівіўся Кашкадамаў. - А ў такой даўніне жылі. Толькі крыж павярніце! Што гэта вы яго - вашым богам наперад?
- Можам і вашым, - сказаў Няжыла. - Калі Вільню нам верне.
Рушылі да выхаду з могілак, на Данской павярнулі ў абыход манастыра налева. Паперадзе віленскія пакутнікі з крыжам, Сталіным і Купалам на ім; следам Берыя пад руку з патрыярхам Ціханам і сакратаром беларускага партыйнага ЦК Геем, за імі Мяркулаў з Кашкадамавым, маршал Тухачэўскі з маршалам Блюхерам, камандармы Убарэвіч і Якір, лётчык Чкалаў з пісьменнікам Бабелем, рэжысёр Мейерхольд з паэтам Клычковым, архіепіскап Амвросій і ягоны пляменнік Бантыш-Каменскі, архімандрыт Данскога манастыра Ісідар і генерал-аншэф Нарышкін, манахіня Агнія і губернатар Акінфаў, секунд-маёр Баскакаў з незаконнай дачкой Кацярынай і законнай дачкой Соф’яй, гаспадар рэстарацыі "Яр" Аксёнаў і ганаровы грамадзянін Аляксандраў, князь Баграціён і ротмістрша Дэмбская, княжна Гарчакова і двойчы лаўрэат дзяржпрэміі СССР Гарушына, паэт Павел Васільеў і дырэктар Эрмітажу Васільчыкаў, генерал-пракурор Шахоўскі і купецкі сын Жыгалкін з падпалкоўніцай Алягеўскай, протаіерэй Дабрагурскі і фрэйліна Дзмітрыева, паэт Майкаў і стольнік цара Арчыла Вахтангавіча Мацвей, капітан Забіякін і ледзі Суханава-Падкалзіна, гісторык Ключэўскі і акадэмік АН БССР Кайгародаў, заводчык Дзямідаў і архітэктар Басэ, масон Зіноўеў і мецэнат Засіма, камергер Нарышкін і заслужаная настаўніца РСФСР Назарава, генерал-маёрша Ізвольская і паручнік Войска Данскога Ілавайскі, дуэлянт Навасільцаў і карлік графа Зубава Якубоўскі, прэм’ер-маёр Сабакін і член Прэзідыума Замаскварэцкага Савета, паліткамісар палка імя Валадарскага Смірноў, імератынскі князь Яшвілі і дачка юрыста Юрасоўская, секунд-маёр паліцыі Ішуцін і падпалкоўнік ГРУ Каменскі, князі (чатыры) і княгіні (сем) Абаленскія, князі (шэсць) і княгіні (шэсць) Гарчаковы, князі (восем) і княгіні (шэсць) Урусавы, князі (пяць) і княгіні (пяць) Хаванскія, князі (сем) і княгіні (сем) Чаркаскія, князі (чатыры) і княгіні (дзевяць) Шахаўскія, князі (дзесяць) і княгіні (дзевяць) Шчарбатавы, князі (восем) і княгіні (сем) Валконскія, князі Дадыян і Дадыянавы (восем) з княгінямі Дадыян і Дадыянавымі (восем), князі (пяць) і княгіні (сем) Вяземскія, князі (дзевятнаццаць) і княгіні (дзевятнаццаць) Галіцыны, князі (дваццаць адзін) і княгіні (дваццаць дзве) Даўгарукія, штаб-лекар Меч і раб божы Міхаіл, выпускнік Марскога кадэцкага корпуса, афіцэр Чырвонай арміі Нахімаў і хатняя настаўніца Мікалаева, пападдзя Гур’ева і жонка обер-дырэктара Гусятнікава, мешчанін Кекішаў з маладзіцай Мясновай, генеральша Молер і купецкая ўдава Нахоткіна, сенатар Небальсін і фур’ер лейб-гвардыі Ізмайлаўскага палка Пісараў, сын архіварыуса Няспанаў і пратапрасвітар Нікольскі, ротны абозны Шустаў і мануфактур-саветніца Чарокава, памешчык Агонь-Даганоўскі і камер-фрэйліна Акулава, служачы Маскоўскага камісарыяцкага камітэта Шостка і асэсарша Шніткіна, артыстка імператарскіх тэатраў Чарняўская і карнэт Чаркаскі, купчыха Царавіцінава і баярын Хрушчоў, жонка контр-адмірала Хітраво і граф Фон Гротэ дэ Бука, юнкер Фон Брумер і жонка паручніка Фаміна, палкоўніца Фабр і калежскі асэсар Угрумаў, правізар Лук’янаў і царэвіч Леон, вахмістр Бухвостаў і барон Бюлер, дырэктар Румянцаўскага музея Веневіцінаў і прафесар медыцыны Веніямінаў, баранэса Вольф і доктар Геральдштэйн, статс-дама Глебава-Страшнёва і князь-кампазітар Галіцын, манахіня Зачацьеўскага манастыра Алімпіяда і член РСДРП Арэхаў, кавалер-дама Гарчакова і тэатрал-аматар правінцыйнага маштабу князь Імерэтынскі, обер-правіянтмайстар Кіслінскі і штабс-капітанша Кленус, першая жонка Казлова-малодшага Хамутова і другая жонка Казлова-малодшага Талстая, крыгс-цалмайстар Скрыпіцын і сталінскі сокал Рыбко, прыдворны обер-гафмейстар Куракін і заслужаны артыст РСФСР Ларын, цётка Тургенева Цяплова і цётка Пушкіна Сонцава, купцы Пярвушын і Прасцякоў, генерал ад інфантэрыі Левачоў і прапаршчык Мінскага пяхотнага палка Левашоў, ревалюцыянер Траяноўскі і брыгадзір Сувораў, ардынарны прафесар Камароўскі і нехта Коста Анастасій, на надмагіллі якога напісана, што ён пражыў 64 гады, а больш не напісана нічога, - і ўсе гэтыя людзі, даўнія і нядаўнія нябожчыкі меркавалі, што яны абыдуць манастыр і палягуць у свае магілы, але тут да старшыні таварыства аматараў крэмацыі Кашкадамава, які, пазбегнуўшы раскрыжавання, стаў яшчэ больш актыўны, чым раней, раптам падскочыў, узяўшыся як ніадкуль, не падобны ні да нябожчыка, ні да жывога, чалавек у лётным шлеме з чырвонай зоркай, нешта Кашкадамаву сказаў, махнуўшы рукой у бок Серпухаўскага вала, і Кашкадамаў, стаўшы паперадзе віленскіх пакутнікаў, з Данскога правулка, дзе ў абыход манастыра трэба было зноў павярнуць налева, павёў хросны ход на Серпухаўскі вал. "Цераз Маскварэцкі мост на Красную плошчу!" - закрычаў старшыня таварыства аматараў крэмацыі, на што "лётчык" паківаў задаволена, а Купалу, які пазнаў у ім "кур’ера з Крамля", чамусьці падумалася, што з гэтага паходу на Маскву не ўсе нябожчыкі ў свае магілы вернуцца.