Выбрать главу

"Ну і што?.. Затое прагуляемся, - сказаў Сталін. - Вас калі-небудзь па Маскве на руках насілі?"

Ва ўзбуджаным голасе ягоным было чаканне. Амаль радаснае. Мусібыць, ён успомніў, як яго ў маўзалей неслі. А потым выносілі. І цяпер падумаў, што вернуць.

44

Нельга было Віктару пакідаць Крэва. Трэба было хоць пастухом там застацца, хоць прывідам, хоць валуном у замкавай сцяне, але не пакідаць. Ні ў Мінск не сунуцца, ні ў Маскву.

Застаўся недапісаным раман пра Купалу, і ён адчуваў, ведаў, што нідзе, апроч Крэва, ён яго не дапіша. І паэма пра Крэва, якую ён пачаў, засталася недапісанай.

Раніцай, яны яшчэ не паспелі выспацца, прыбегла запыханая сельсавецкая сакратарка: "Ганна Васільеўна! Там вам… - І выдыхнула тое, з чым бегла: - Звоняць! З Масквы! Каб вы ў Маскву ехалі!.."

З Масквой не мела Крэва ніякіх зносінаў ад часоў князя Андрэя Курбскага, які збег у Крэўскі замак ад Івана Грознага, таму сакратарку, якая папрасілася: "Я ў вас трохі прысяду, нейкія ў каленях дрыжыкі", - можна было зразумець. "Хто званіў?", - спытаў Віктар, хоць мог не пытаць, ясна было, хто званіў, і сакратарка зноў выдыхнула: "Крэмль!"

Грачын зноў умешваўся ў ягонае жыццё.

- Ты ў фантазіях тут жывеш! У выдумках! У казках! А жыццё ў рэальнасці. І трэба вяртацца ў рэальнасць, каб жыць, а не выдумляць, што жывеш! - нечакана, бо яму здавалася, што пасля таго, што ўбачыла, адчула, яна сама хоча тут яшчэ пабыць, усхадзілася Ганна, калі ён сказаў, што нікуды з Крэва не паедзе. - І мы ў Індыю сабраліся!

- Што мне рабіць у тваёй Індыі?

- Такая ж яна мая, як і твая! Ты не хочаш, каб у нас дзеці былі!

Гэта быў аргумент, які яго зламаў. Яна ўбіла сабе ў галаву, што Індыя - месца, дзе здарыцца дзіва, а супраць дзіва не можа быць аргументаў. Дый не скажаш тваёй жанчыне, якая марыць нарадзіць табе дзіця, што не хочаш, каб яна дзіця табе нарадзіла.

Па дарозе заехалі ў Смаргонь, і ён пазнаёміў яе з бацькамі. "Твой дзе ваяваў?" - спытаў Ганну бацька, і калі пачуў, што нідзе, не зразумеў: "Як гэта? Як тады ён партыяй кіруе?"

"Нейкая яна надта гарадская, - сказаў бацька, ужо развітваючыся. - Порткі, калі абсярэшся, не памые". А маці сказала: "Дык не трэба абсірацца".