Маці Ганна спадабалася. "І лытка ня брыдка, і кумпяк сабе так. Ды яшчэ і не дурная". Спытала Ганну, не стрываўшы: "А пра дзіцятка думаеш?" І калі яны ўдзвюх, без бацькі і Віктара, пагаварылі пра гэта, маці дастала з куфра даматканую крэўскую посцілку. "Тры шлюбныя ложкі ёй засцілаліся: бабулі маёй, маці маёй і мой. Засцялі свой, замову, я табе напішу яе, на зачацце прачытай - і не трэба будзе на край свету па дзіця ехаць".
Ганна настолькі сур’ёзна ўсё гэта ўспрыняла, што Віктар спытаў: "Дык, можа, у Крэва вернемся? Там яшчэ і ложак, які гэтай посцілкай засцілаўся, стаіць". Яна сказала: "Дома ў Маскве засцелем".
Які ў яго ў Маскве дом?..
Ён тут, ягоны дом, дзе маці ў запеччы ціха, каб ніхто не пачуў, сказала, што ў бацькі рак і што ён не хоча, каб нехта пра тое ведаў, каб яго шкадавалі. "Нават я нібы не ведаю, але дачка Гэльчына, помніш Гэльку, яна ў бухгалтэрыі са мной працавала, а дачка яе ў шпіталі цяпер медсястрой, сказала мне, і я табе кажу, бо ты ў Маскве, дык, можа, там гэта лечаць, бо ні ў Смаргоні, ні ў Мінску, я пыталася, не…"
- Нікуды я не паеду! - адрэзаў бацька, калі Віктар, развітваючыся, доўга не выпускаў яго з абдымкаў: "Слухай, чорт стары, у цябе ж медаль "За абарону Масквы", дык давай хоць паглядзіш, што абараняў", - а бацька вырываўся з абдымкаў: "Ты бабу сваю абдымай, каб я ўнука дачакаўся!.." - і падазрона зыркаў на маці.
Квіткоў у купэйныя вагоны, нават у мяккія, у якія, бо дарагія, амаль заўсёды квіткі можна было набыць, ні на адзін цягнік да Масквы не знайшлося, толькі ў плацкартныя. Ганна пайшла да начальніка вакзала, той сказаў: "Адно месца". - "Ты едзь, а я днямі…" - прапанаваў Віктар, але Ганна не захацела зноў шукаць яго ні ў Смаргоні, ні ў Крэве: "Разам паедзем! У плацкартным. Гарбаты пап’ем з народам, пагаворым, пабачым, чым і як народ жыве".
Народ пачаў жыць, як толькі крануўся цягнік, і правадніца, сабраўшы квіткі і раздаўшы бялізну, пайшла па вагоне: "Каму чаю?"
- Я без чаю не скучаю, - схадзіў у прыбіральню, дзе выліў прынесены правадніцай чай, дзяцюк у чорным бярэце з чырвоным вымпелам і ў чорнай куртцы, з-пад якой віднелася цяльняшка. І дастаў з чамаданчыка паўлітэрак гарэлкі. - Каму яшчэ выліць і наліць? Марская пяхота частуе!
- Калі ўсе п’юць, тады ўсе чай бяруць, бо так шклянак не дам, - сказала правадніца, а дзядзька ў пінжаку з дзіркай на локці, які сядзеў побач з марскім пехацінцам, паставіў на стол паходныя, пластыкавыя, якія вымаліся адна з адной, чаркі і прадэкламаваў: "Если водка будет восем, всё равно мы пить не бросим, передайте Ильичу: нам и десять по плечу!"
- А вам, - спытаў марскі пехацінец не так Віктара, як Ганну. - Вы дакуль едзеце? Да Смаленска ці да самай Масквы?.. - І калі Ганна, нават не зірнуўшы на Віктара, махнула рукой: "Налівайце!" - падняўся са шклянкай: "Люби меня, как я тебя, и будем вечно мы друзья!"
- А мы вас ведаем, вы ў Маладэчне ў нас выступалі. Пасля ў Маскве, мы па тэлевізары бачылі, - падселі да іх з бакавых месцаў мужык з кабетай, па выглядзе сямейная пара. - Наша дачка ў Маскве ў балетным тэатры. Во, - паказала фотаздымак кабета, - як схуднела. Дык мы яе падкарміць. - І мужык паставіў на стол яшчэ адну пляшку, а жонка ягоная расклала на сурвэтцы яйкі, памідоры, гуркі…
У Віктара была адна даўняя знаёмая, акторка на пенсіі, якая любіла ў цягніках чай піць і размаўляць з народам. Далёка яна не ездзіла, грошай столькі не мела, каб далёка ездзіць. Купляла квіток да першай станцыі, Барысава ці Маладэчна, заходзіла, як толькі пачыналася пасадка, у вагон, даставала мяшэчак з ядой: яйкі, соль, памідор з гурком, - раскладвала ўсё на сурвэтцы і, дачакаўшыся спадарожнікаў, замаўляла на ўсіх чай. Праваднікі звычайна лаяліся: "Яшчэ цягнік не рушыў! Які чай!" - але кожны раз яна кожнага з іх неяк угаворвала, частавала спадарожнікаў, пагаварыўшы з якімі: як завуць, хто, куды і чаго едзе? - на першай станцыі выходзіла і доўга глядзела ўслед апошняму вагону.
Неяк Віктар, ён не помніў ужо, да чаго, распавёў гэтую гісторыю Ганне, яна сказала: "Сумна. І да слёз шкада".
Але цяпер ёй было весела.
"Ой сівы конь бяжыць, на ім сіва грыва, ой спадабалася, ой спадабалася мне тая дзеўчына", - заспяваў пад Смаленскам бацька дачкі, якая схуднела ў Маскве ў балетным тэатры, а за Смаленскам марпех пачаў клеіцца да Ганны. Віктар прапанаваў яму выйсці ў тамбур, той выйшаў: "Ды ты што, мужык? Ты б хіба да такой не клеіўся? Я ж так, каб весялей было".
Каб весялей было, Ганна вярнула Віктара ў Маскву. Калі мыліся пасля цягніка, сказала: "Я ўся пахну народам. - І, прачытаўшы замову на зачацце, засцяліла ложак крэўскай посцілкай. - Давай паляжым".