Выбрать главу

Яна прыпаднялася, узяла рукапіс.

- Як гэта, ці тваё? Тваёй рукой напісана.

- Прашу цябе: прачытай. Хоць самы пачатак. І прашу: уголас. Каб я чуў, што ты чытаеш.

Ганна зірнула на яго здзіўлена, ямчэй села на канапе, пачала чытаць.

"1382 год. Крэва, замак. Пакой у Кутняй вежы. Не цямніца, але і не княскія палаты. Ложак, стол, крэсла. Пры пакоі камора.

На ложку Вітаўт. На крэсле Ганна расчэсвае валасы.

ГАННА

Які Ягайла звер!.. Пачвара ён якая!

ВІТАЎТ

Мне гэты звер сказаў, што ён цябе кахае.

ГАННА

А мне сказаў, што любіць ён цябе.

Мой Бог!.. Ужо маршчынкі на ілбе…"

Яна ўстала з канапы, села да стала, пачала перабіраць спісаныя аркушы паперы.

- Чакай, гэта ж нам Вензель паказваў… Дык ты, выходзіць, напісаў, а ён паказаў? Вы дурылі мяне?

- Так, гэта нам паказваў Вензель. Дырэктар антыкварнай крамы, дырэктар цырка, паштальён. І яшчэ ён, мусібыць, драматург. Бо што да мяне, дык я не помню, пісаў я гэта ці не пісаў?

- Не разумею.

- Я таксама. Толькі мы рознае не разумеем. Ты не разумееш, як я, напісаўшы гэта, магу не помніць, што я гэта напісаў. Але так бывае. Здараецца, што я знаходжу напісанае і ні па чым не магу пазнаць, што яно напісана мной. Толькі па почырку. Бо гэта было мной не напісана, а запісана. Як дыктант. Гэтак, думаю, Моцарт, Бах запісвалі сваю музыку. Такую музыку, як "Рэквіем", нельга напісаць, можна толькі запісаць, па-чутую.

Ганна перапыніла яго.

- Ты хочаш сказаць, што ты геній? Ці што вар’ят?

- Не ведаю. Ёсць слова, якое прыблізна вызначае гэткі стан. Ён называецца натхненнем, хоць насамрэч гэта стан трансу. Гэта ненармальна, так, але так ёсць. Толькі нават, калі яно так, дык хто і як дазнаўся, што я гэта запісаў? Ведаць гэта мог толькі той, хто дыктаваў.

- Ты хочаш сказаць - Бог?

- Я хачу сказаць, што нікому рукапіс гэты не паказваў. А па ім нам паказалі спектакль. Вось чаго я не разумею… І вось што думаю. Магчыма, калі я запісваю дыктанты, дык ствараю не ўяўны, а рэальны свет. Дакладней, не ствараю, ён ужо створаны тым, хто дыктуе, а я пераношу яго з аднаго вымярэння ў іншае. З паралельнага свету ў наш. Ну, як мы з маскоўскім Віктарам Маргерам, светамі памяняўшыся, перанесліся.

- Дык ты - гэта ты, ці ты - гэта ён?

- Не ведаю! Але думаю, што ўсё, што мы з табой перажылі, што паказваў нам Вензель у Маскве і паказаў у Крэве, усё яно з таго, паралельнага, прыдуманага мной свету, перанесенае ў свет рэальны. Толькі так ва ўсім гэтым можна нешта ўцяміць, а інакш…

- Але дырэктар антыкварнай крамы Назар Януаравіч Вензель не падобны да Бога!

- Так! Не падобны. І яго не было, ён не з’яўляўся ў маім жыцці, пакуль я не спакусіўся, пакуль не напісаў пра ледакол эпохі! - І ён грукнуў кулаком па стале. - Які да д’ябла ледакол!

Ганна адхіснулася і паглядзела на яго, як часцяком глядзела, з жалем - ён не трываў гэты яе пагляд.

- Дык цябе д’ябал спакушае? Можа, гэта ён і вершы табе дыктуе?

- Можа быць. Мы ўсе думаем, што талент ад Бога. А ён, можа быць, ад д’ябла! Навошта Богу нашы вершы?

- А д’яблу нашто?

- Не ведаю.

- Таму і блытаешся…

- У чым?

- У тым, ці Бог табе вершы дыктуе, ці ты іх для д’ябла пішаш.

Віктар пагартаў рукапісы, у яго дрыжалі рукі, і Ганна не прамінула заўважыць: "У цябе рукі дрыжаць".

- Вось я напісаў пра Купалу, - знайшоў ён тое, што шукаў. - "Ягоныя вершы - тлумачэнні Богу: хто ён такі і чаму ён гэтакі, які ёсць. Ён разумеў, што Бог і без яго пра яго ўсё ведае, але думаў: а раптам не? І тлумачыў, тлумачыў, тлумачыў - пісаў, пісаў і пісаў… "

- І ліст таварышу Сталіну - тлумачэнне Богу?

- Ліст таварышу Сталіну ён напісаў, калі ўжо яго не было!

- Каго не было? Сталіна?

- Купалы! Яго не стала не тады, калі не стала Івана Луцэвіча. Ён памёр тады, калі ў ім памёр Купала. І ліст Сталіну ён напісаў мёртвы! Разумееш? І я баюся, што таксама мёртвы буду пісаць, калі ўжо мёртвы не пішу!

- І пра ледакол ты мёртвы напісаў?..

Калі б Ганна не стамілася ў цягніку, калі б выспалася, яна, мусіць, не сказала б таго, што далей сказала. Спынілася б. Але яна стамілася і не выспалася, таму ўспомніла, як ёй абрыдлі ягоныя рэфлексіі - і не спынілася:

- Ведаеш, у мяне сяброўка ёсць. Яшчэ са школы. Ты з ёй не знаёмы, яна ў Варшаве жыве. За паляка замуж выйшла. Дык яна паляку свайму, някепскаму, дарэчы, мужу здраджвае не таму, што ёй гэтага хочацца, а дзеля таго, каб пасля перажываць. Ёй у асалоду пасля перажываць, што яна блядзь!

Жаласлівы пагляд Ганны стаў пагардлівым - гэтага ўжо было не стрываць.

Яна ведала, куды страляла.

І пацэліла.

Віктар згроб са стала рукапісы, ускінуў пад столь - лісты разляцеліся па ўсім пакоі; ён нагамі, бегаючы ад дзвярэй да вакна, расфутбольваў іх па кутах: "Пару гадзін перадыхніце - і да мяне!.. На ледаколе!.. Які да д’ябла ледакол!.. Які ледакол!.. Які да д’ябла!.. Які раман пра Купалу! Які да д’ябла пра Купалу раман! Якія да д’ябла вершы!.. Якія паэмы, калі ўсе раманы, вершы і паэмы напісаныя!.. "Замочкі, адмыкайцеся, царскіявароты, адчыняйцеся…" Ва ўсе часы адны і тыя тры сюжэты!.. Ён хоча, яна не дае!.. Яна дае, ён не хоча! Ці не можа!.. Ён і яна хочуць і могуць, але ім замінаюць!.. І тады гэта Шэкспір!.. "Рамэа і Джульета!.." І ўсё!.. Усё напісана!.. А тое, што я пішу, проста спосаб абазначыцца, вылучыцца. Уладкавацца - іншых спосабаў я не ведаю! Нічога болей не ўмею!.. І не хачу ўмець, давай скончым гэта, Ганя!.."