6
Бог уратаваў…
Віктар апрытомнеў у пакоі з двума ложкамі, на адным з якіх ляжаў ён з катэтарамі ў абедзвюх руках, абкручаны трубкамі і правадамі, а на другім сядзела, неадрыўна гледзячы на яго, Ганна. "Вярнуўся?.. - спытала яна, нібы некуды ён ад’язджаў, і заплакала. - Гэта ў мяне пасля аварыі, - сказала скрозь слёзы, калі ён спытаў, што з ёй? - Доктар абяцаў, што пройдзе. Пачакай…"
- І ты пачакай. Што са мной? Дзе я?..
- У лякарні.
- Даўно?
- Не. Ты хутка ачуняў.
- А з табой што?
- Са мной нічога, апроч слёз.
Ганна выйшла - і праз хвіліну ў пакоі, які нагадваў шпітальную палату, з’явіўся чалавек у халаце, пэўна, доктар, толькі халат ягоны быў не белы, а сіні, і сам ён быў падобны да опернага Мефістофеля. "У вас сур’ёзная чэрапна-мазгавая траўма, - казаў ён, здымаючы катэтары і вызваляючы Віктара з наплеценых на яго правадоў і трубак, падведзеных да нечага такога, што нагадвала вылічальную машыну з вялізным асцылографам. - Несумяшчальная з жыццём. Таму вас падключылі да рэгенератара функцый унутраных органаў".
- Хіба мозг - унутраны орган?
- А які?
- Я думаў, што знешні.
- Які знешні?
- Антэна.
- А... Космас… Ёсць такая тэорыя. З гледзішча псіхіятра, можа быць, і знешні. Але з гледзішча хірурга, унутраны. Бо пад чэрапам, а не над, - дробненька пастукаў доктар Віктару па галаве, што як бы азначала, што функцыі мозга адноўленыя, а, можа быць, значыла нешта іншае. - Яшчэ ў вас бізуновая траўма шыі, таму мы надзелі на вас "ашыйнік", які ўжо можна зняць. Падымайцеся… - дапамог ён Віктару ўстаць з ложка, пасадзіў на крэсла і стаў здымаць з яго гіпсавы "ашыйнік", з якога выпалі і пакаціліся па падлозе два бліскучыя шарыкі. "Што гэта?" - спытаў Віктар, і доктар, па якім відаць было, што ён зрабіў нешта не так, што шарыкі не мусілі выпадаць, а Віктар не мусіў іх бачыць, адказаў, што нічога такога. Проста магнітныя шарыкі, якія ствараюць магнітнае поле, што змяншае боль.
Можа, яно і так, але і боль зменшыўся, і памяць праяснілася якраз тады, калі доктар зняў ашыйнік з шарыкамі. І выразна, набліжана, як у тэлескопе, Віктару ўбачылася тое, што нібы за туманам віднелася, расплывалася ў памяці…
Калі з Кутузаўскага праспекта, дзе месцілася 300-я секцыя, Ганна вырашыла паехаць у ГУМ па карціну і тэлескоп, яна папрасіла бацьку прыслаць ягоную машыну. Патэлефанавала яму: "Хто ведае, якіх памераў тыя рэчы, трэба такая машына, каб улезлі".
"Ты б яшчэ прапанавала яму самому прыехаць, каб карціну паглядзець", - незадаволена, бо не любіў, калі ў ёй пракідваліся замашкі "іншапланецянкі", якой патрэбная ўрадавая машына, каб у краму з’ездзіць, буркнуў Віктар, і Ганна тут жа пралапатала ў трубку: "Віктар хоча, каб ты сам прыехаў паглядзець карціну…"
Як пасля аказалася, дарма яна гэта пралапатала.
Калі пад’ехаў "ЗІЛ-114", чорны лімузін на сем месцаў, Грачына ў ім не было. Ганна, якой загадчыца 300-й секцыі сказала, каб яны паспяшаліся, "бо такія рэчы ў крамах не залежваюцца, хутка знаходзяць гаспадароў", кінула кіроўцу: "Хутчэй!" - і яны панесліся. З’ехаўшы з Новаарбацкага моста, кіроўца газануў на скрыжаванні пры ўжо чырвоным светлафоры, потым рэзка затармазіў, але позна - і ў бок лімузіну ўрэзаўся "Масквічок". Трохтонны лімузін на сталёвай раме адкінуў таго "Масквічка" да ходніка, але ўдар быў моцны - і якраз у правы бок, туды, дзе сядзеў Віктар. Счарнела ў вачах - і падумалася, што гэта таму, што ён у чорным лімузіне…
З таго моманту ён пачуваў сябе амаль гэтаксама, як пачуваўся ў стане, калі пісаў вершы. Дакладней, не пісаў, а як бы запісваў іх, прыслухоўваючыся да таго, хто іх дыктаваў. Гэта быў Голас, які то набліжаўся здаля, найчасцей з вышыні, і пры першых гуках ягоных прападала ўсё знешняе, што замінала гэты Голас чуць, а ўнутры, недзе над сэрцам, дзе трымціць тое, што мае назву душы, узнікала музыка, мелодыя, рытм, на які без ніякіх высілкаў, нібы самі па сабе клаліся словы, што прамаўляў Голас, які гэтак жа раптам, як набліжаўся і прамаўляў, аддаляўся і нямеў, калі Віктар пачынаў зважаць на іншыя галасы, якія спакушалі не прыдуманым, няхай сабе і пад нябесную музыку, а рэальным, з усімі ягонымі пернікамі жыццём, і на гэтых пераходах з рэальнасці ў фантастыку, у фантасмагорыю і з яе зноў у рэальнасць Віктар звычайна доўга блукаў, пакуль вяртаўся да ўсведамлення таго, у якім ён свеце.
- Вось і ўсё, - выключыў апарат, які называў рэгенератарам унутраных органаў, падобны да Мефістофеля доктар. - Найгоршае, што можа вас чакаць, перыядычная страта памяці. Але з часам усё нармалізуецца, так што будзьце здаровы! І ведаеце, - праводзіў ён Віктара да дзвярэй, у якіх чакала Ганна, - на вашым месцы я купіў бы вашай жонцы кветкі. "Я не жонка", - усміхнулася так, нібы рада была, што яна не жонка, Ганна, і доктар зачыніў за імі дзверы: "Тым больш".