Знясілены, ён сеў на канапу, на месца, дзе сядзела Ганна, паклаў падушку на калені, на падушку галаву, на галаву рукі. Сплёўшы і сціснуўшы пальцы, паўтарыў здушана, скрозь слёзы: "Давай скончым гэта, Ганя. Давай як-небудзь гэта скончым!.."
Ганна паднялася з-за стала:
- Што? Што скончым?.. - Пачала збіраць паперы, прамаўляючы, як сама сабе, раздражнёна: - Ён не хоча ва ўладу. Ён не хоча ў літаратуру. У што тады ён хоча? У дзярмо?.. - І спытала: - Ты ў дзярмо хочаш? Каб я табе порткі прала?.. - Дастала аркуш з-пад крэсла. - Ну, твой жа почырк? Ты пісаў!.. - І, сеўшы на падлогу, стала чытаць уголас: "Калі гэты стан, Які ўва мне, і ёсць усё, што Богам Паслана можа быць, тады не так і многа Бог можа нам паслаць… І калі больш нічога, Калі ўсё гэта ўсё… то ўсё на свеце - зман".
Яна ўскочыла.
- Ты пра сябе гэта напісаў! Пра нас! Калі пра сябе, пра нас, тады ўсё зразумела. А так - не!
- Што - не?
- Дзеля чаго яна жыццём ахвяруе?.. Дзеля чаго Ганна рызыкуе, зразумела. Дзеля Літвы! А дзеля чаго Любоў? Каб царскія вароты расступіліся?.. Дзеля гэтага? - скамечыла і кінула Ганна ў твар яму, ён якраз галаву падняў, выцягнуты з-пад крэсла аркуш рукапісу. - Гэта не вартае жыцця!
Яно так прагучала, нібы не толькі тое, дзеля чаго прынесла сябе ў ахвяру Любоў, але і тое, чым ён, Віктар, займаецца, тое, што піша, а значыць, усё, што ў ягоным жыцці ёсць, не вартае жыцця.
Тады што ў ягоным жыцці жыцця вартае?..
Нічога.
Так балюча ўдарыць можа толькі жанчына, якая помсціць.
За што?..
Ён падняўся з канапы, каб пайсці, каб сказаць, сыходзячы: "Тады разам нам, Ганя, рабіць у гэтым жыцці няма чаго", - а яна раптам гэтак паглядзела, як глядзела на Юр’евай гары, выструньваючыся на цырлачках, каб убачыць тое, што бачыць ён, і раптам кінулася да яго, прыціснулася, як да той гары, каб адчуць магніт пад ёй, які так прыцягвае, што праз усё жыццё не адпускае, і ў паглядзе гэтым прачыталася, і ў тым, як яна прыціснулася, адчулася, ясна зразумелася: "За Крэва!.." Яна помсціла не яму, а Крэву, якое паспрабавала ўжо забраць яго ў яе - і можа яшчэ паспрабаваць.
- Тады што ў маім жыцці майго жыцця вартае, Ганя? - спытаў ён замест таго, што збіраўся сказаць. - Я ў Крэве з вялікімі князямі жыў. З крэўнай раднёй. А ў Маскве мне жыць з кім? З тваім бацькам? З Брэжневым, з Андропавым? Хто мне яны? Ці, можа, жыцця майго вартае тое, што яны даюць?
І яна адказала, бо ў яго было Крэва, а ў яе была Масква:
- Так! Нам жыць з тым, што яны даюць! І паехалі, пакуль даюць, браць.
XLV
Гэтай дарогай Купала ўжо аднойчы йшоў - толькі з процілеглага боку. Ад Краснай плошчы да Данской. Па Васільеўскім спуску на Вялікую Ардынку, з яе на Люсінаўскую і на Серпухаўскі вал. Ганна так павяла яго, калі вярнуліся з Горак і пайшлі ў манастыр. Сказала, што гэта вуліцы яе дзяцінства, на якіх ёй заўсёды добра.
- Іосіф Вісарыёнавіч, як вам там? - спытаў Берыя, калі выйшлі на Серпухаўскі вал і стала відавочна, што "хросны ход" скіроўваецца да Крамля. - Нармальна?..
Сталін хмыкнуў.
І праўда. Знайшоў, пра што спытаць.
А ўвогуле: пра што гаварыць на крыжы?..
- Я чаму спытаў? - не адчапляўся ад Сталіна Берыя. - Я тут падумаў: гэта добра, што вы на крыжы! Хто на крыжы, той ажывае!
- Раўней нясіце! - падскочыў да віленскіх пакутнікаў Мяркулаў, які таксама вырашыў выявіць клопат пра Сталіна. - І павярніце, правадыр павінен уперад глядзець!
Кумец з Кругляцом яго нібыта й не пачулі, а Няжыла сказаў: "Іншым разам і назад глянуць варта".
Ад Серпухаўскага валу да Краснай плошчы бліжэй было б прайсці па Шабалаўцы, але ці то ў Кашкадамава былі тыя ж вуліцы дзяцінства, што і ў Ганны, ці "кур’ер з Крамля", які як раптам з’явіўся, гэтак раптам і знік, сказаў яму не спяшаць - прайшлі Серпухаўскі вал і павярнулі на Люсінаўскую…
Над Масквой світала. Па Люсінаўскай вуліцы, названай так па імені нейкай рэвалюцыянеркі, якую звалі Люсі, паўзлі першыя палівачкі. Першыя аўтобусы падбіралі першых пасажыраў. Маладзіца ў васільковай сукенцы не паспела ўскочыць у аўтобус, кіроўца крануўся, а яна забегла наперад і стала перад ім, рукі раскінуўшы: ці вазьмі, ці задушы!