Выбрать главу

- Нехта возьме, - сказаў Сталін, якому, як выглядала, не хацелася маўчаць. - А нехта задушыць. У кожнага ў руках хай невялікая, як у кіроўцы аўтобуса, але ўлада. Тым усе і жывуць.

"Цікава… Я гляджу ўперад, ён глядзіць назад, а бачым адно і тое."

- А вы як да ўлады? - не перапыняючыся, спытаў Сталін. - Любіце?

- Не, - адразу адказаў Купала. - І не любіў ніколі.

Адказаўшы, падумаў, што адказ ягоны можна зразумець па-рознаму, а Сталін, перамаўчаўшы, прамармытаў на гэта: "Тым больш."

Кіроўца адчыніў дзверы, маладзіца ў васільковай сукенцы скочыла ў аўтобус.

Не скарыстаў кіроўца ўладу.

Ці скарыстаў?

- Што тым больш?..

- Што мы розныя. Я любіў уладу, вы - не. А разам на адным крыжы. Як вы думаеце, чаму?

- Так выйшла

- А як так выйшла?

- Выпадкова.

- Не. Не выпадкова. Мы на адным крыжы, бо рабілі адно і тое. Я з гэтага боку - вы з таго. Гэтак і вісім, - з нейкім, як здалося, задавальненнем скончыў Сталін. Потым дадаў, калі паўз храм Узнясення Гасподняга за Серпухаўскай брамай праходзілі: - Нездарма Няжыла крыж не паварочвае. Яго хоць так нясі, хоць гэтак… Ці вы пра гэта не думалі?

Не раз ён пра гэта думаў.

Успомнілася лета ў Акопах. Сухое, спякотнае. Ды хіба толькі тое спякотнае!.. Колькі ён вінаваціўся перад сабой, перад светам. Балюча, пакутліва. Але што мог зрабіць? Што можна зрабіць на крыжы?

- Думаў. Але што я мог зрабіць на крыжы?

- Зноў апраўданні, - чмыхнуў Сталін. - Па-мойму, я прастудзіўся. І не ўзяць насоўку. Вось прыбіваюць рукі і не думаюць, што насоўку будзе не ўзяць.

З храма выйшла манашка. З вядром. Пэўна, прыбіральшчыца. Толькі чаму манашка, калі храм не дзейнічае - у ім даўно ўсялякія канторы.

- Ва ўсіх і ў кожнага апраўданні, - доўжыў Сталін. - Толькі іх і чуў… Тады скажыце: калі ёсць яны ў вас, чаму не могуць быць у мяне?

Манашка пачакала, пакуль з ёй параўняўся крыж, укленчыла, потым лёгка падхапілася і пайшла з хросным ходам. Нешта ў хадзе, у постаці яе падалося Купалу бачаным, знаёмым… Але не павярнуцца на крыжы, не разгледзець манашку было.

- Шыю не скруціце, - сказаў Сталін. - Можа, яшчэ вешаць будуць.

З Люсінаўскай выйшлі на Вялікую Ардынку - вуліцу, па якой пачыналася дарога з Масквы ў Залатую Арду.

- Тут блізкага мне чалавека, - казала Ганна, калі ўпершыню вяла яго па Вялікай Ардынцы і спынілася каля Іверскага правулка, адкуль добра відаць быў храм Іверскай іконы Божай маці, - з якім мы ў гэтым храме павянчацца ўпотай збіраліся, забілі. Мастака. Ён па Маскве ў шаліку сіне-бела-чырвоным хадзіў. Яму казалі, што на шыі ў яго царскі сцяг, а ён казаў, што французскі шалік. Пасля карціну намаляваў. "Залатая Арда". На ёй цары ўсе маскоўскія і Сталін у шапцы хана Узбека, што стала шапкай Манамаха. Дык за дзень да вянчання на яго машына наехала. Выйшаў раніцай сабаку выгуляць. І разам з сабакам… Я да Берыі кінулася: за што вы жаніха майго?!. А ён: "Гэта былая каханка ягоная, якой ён машыну купіў, на яго наехала". Ну, нібы насмерць яна ўзраўнавала, калі пра мяне дазналася. Так што сам, маўляў, вінаваты… Сталін потым казаў: "Не трэба каханкам купляць машыны! Вунь Маякоўскі застрэліўся, а каханка ягоная за катафалкам на машыне ехала, якую ён для яе купіў".

"Я не купляў." - паспрабаваў пажартаваць Купала, і Ганна сказала: "Не надта ўдалы жарт".

Так. Не надта.

Потым, ужо каля Данскога манастыра, спытала: "А ў цябе была хоць адна каханка, якая хацела цябе забіць?" І калі ён адказаў, што такіх, дзякуй Богу, не было, зноў спытала: "А за што тады Богу дзякаваць?.. "

Шалёная яна ўсё ж.

- Некалі ў Данскім манастыры, - падаў голас Няжыла, - наша войска стаяла. Па гэтай дарозе вялікі гетман Хадкевіч на Крэмль яго вёў. Вунь там, над Кліменцеўскім астрогам, - махнуў ён рукой наперад, - зусім блізка ад Крамля літоўскія сцягі былі ўзнятыя. Нашы коні падковамі ў крамлёўскую сцяну білі. Увайшоў бы гетман у Крэмль - і Масковія стала б Літвой. Еўропай. А так Ардой, Азіяй засталася.

Сталін заварушыўся на крыжы.

- Скуль вы пра тое ведаеце?

- Кнігі па гісторыі чыталі, - сказаў Круглец. - Не кароткі курс ВКП(б).

Сталін на гэта прамаўчаў, а Ціхан, які крочыў, унурыўшыся, раптам ускінуў галаву.

- Патрыярх Гермаген уратаваў Маскву. Заклікаў паўстаць "супраць літоўскіх людзей". На заклік ягоны Мінін з Пажарскім апалчэнне сабралі - і пагналі літву з палякамі! З Крамля, з Масквы, са святой.

- Байкі! - не даслухаўшы, запярэчыў Круглец патрыярху. - Яны шаблі ў руках ніколі не трымалі, вашы Мінін з Пажарскім. Ваяводаў знайшлі!.. Ды ў муку вялікі гетман тое апалчэнне перамалоў бы, калі б не князь Трубяцкі! Літвін з роду Гедымінавічаў, а выступіў на баку Масквы, здраднік.