"Ды які ён здраднік?.. Які літвін?.. І якая Арда?.. Нас з магіл паднялі, каб такое слухаць?.." - зашапацелі ззаду, упершыню выявіўшы нязгоду з тым, што адбывалася, нябожчыкі, князі з генераламі, купцы з чальцамі Прэзідыума Замаскварэцкага Савета, а жаночы голас спытаў высока: "Чаму гэта ён здраднік, калі ягоны бацька быў ваяводам Івана Грознага? Калі дзяды і прадзеды ягоныя царам служылі?.."
Ганны голас! Ён не памыліўся, пазнаўшы яе ў манашцы. Але што яна, жывая, робіць сярод мёртвых?.. І ўсё нутро ў ім сцялася: "Ці яе таксама?!."
- Павярніце, - сказаў ён уніз. - Павярніце крыж…
Няжыла паглядзеў на яго: "Навошта?.." - "Я прашу вас: павярніце…"
- Не трэба! - устрапянуўся Сталін, які паўсюль хацеў быць першым, а на крыжы, відаць, першым быць не надта хацеў, але Кумец з Кругляцом ужо рушылі кругам адзін на месца другога, дапамагаючы Няжылу павярнуць крыж, працэсіі за якім канца-краю не было відаць. Нябожчыкі займалі ўсю вуліцу разам з ходнікамі, ішлі, ніяк не замінаючы жывым, працякаючы скрозь іх, скрозь набітыя імі аўтобусы, скрозь грузавікі і легкавікі, адзін з якіх раптам рэзка звярнуў да ўзбочыны, дзе, трымаючы сабаку на ланцужку, стаяў у карычневым пінжаку з сіне-бела-чырвоным шалікам чалавек, які, пэўна, сабаку таго выгульваў, і паспрабаваў адскочыць за слуп каля аўтобуснага прыпынку, але не паспеў, легкавік прыплюшчыў яго разам з сабакам да слупа, і той чалавек, нават не ўцяміўшы, што з ім сталася, аддзяліўся ад гурмы жывых, скрозь якіх працякалі нябожчыкі, далучыўся да тых, хто скрозь жывых працякаў, і пайшоў побач з баронам Бюлерам, не зважаючы на лямант, які ўсчаўся на аўтобусным прыпынку, азірнуўшыся толькі на сабаку, што коратка ўскуголіў, адляпіўся ад слупа і пабег услед за гаспадаром.
Гэтак хутка ўсё.
Купала быў агаломшаны. Гісторыя смерці, пра якую распавяла Ганна, увачавідкі паўтарылася. Толькі загінуў на ягоных вачах не хтосьці іншы, не невядомы яму мастак, з якім Ганна пад вянец употай збіралася, а ён сам. Купала. Ён ніколі не насіў гэтакіх шалікаў, але шалік - адно, што было не ягонае. І яшчэ сабака.
За стырном легкавіка, прадваеннага "КІМ-10", сядзела модна апранутая кабета, з якой нічога не сталася. Нават капялюшык з яе не ўпаў. Яна выйшла з машыны, атрэсла спадніцу і пайшла па ходніку насустрач Хроснаму ходу, які працякаў скрозь яе, а яна праходзіла скрозь яго, скрозь заводчыка Дзямідава і архітэктара Басэ, масона Зіноўева і мецэната Засіму, камергера Нарышкіна і заслужаную настаўніцу РСФСР Назараву, генерал-маёршу Ізвольскую і паручніка Войска Данскога Ілавайскага, нікога з іх не заўважаючы, не спыняючыся, толькі папраўляючы раз-пораз, нібы на ветры, капялюшык.
Купала пазнаў яе. Гэта была Лізавета. Стрыечная сястра Ганны. Лектарка музея Леніна ў Горках.
- Супрацоўніца трэцяга аддзела трэцяга ўпраўлення - казаў, нібы агучваў нямое кіно, Берыя. - Тое, што вы зараз бачылі, мусіла стацца з вамі ў Горках. Ганна павінна была прывезці вас у музей, а ўсё астатняе даручалася Лізавеце. Таму яна і выпраўляла вас з музея на лецішча. Ноч, дарога, падпітыя паэт з акторкай… Ён кінуўся машыну спыняць, каб падвезла… Сам вінаваты.
Купала прадчуваў нешта такое, калі Ганна запрасіла яго ў Горкі. І, пэўна, так і было б, калі б не Рэйнбат-Рэзвая-Марозава, якая не дала Лізавеце выправіць іх на лецішча. "Куды ў дождж ды на ноч гледзячы?.. "
- Так, - агучыў тое, пра што Купала падумаў, Мяркулаў. - І так было б найлепей. Вам ордэн Леніна далі. Прынялі рашэнне на Сталінскую прэмію вылучыць. Дык каму ў галаву прыйшло б, што... - І ўбачыўшы, як здрыгануўся Купала на крыжы, Мяркулаў жорстка, нібы за нешта адпомсціў, скончыў. - Але і ў гатэлі выйшла не горш. Зноў віно, жанчыны. Гэта Лізавета патэлефанавала ў нумар, дзе вы гасцявалі, і сказала, што вас Ганна чакае… А яна чакала не адна.
Не адна.
Нешта з таго, што, здавалася, назаўсёды замглілася, пачало праясняцца. Ён успомніў, як выйшаў з нумара ў калідор і ўбачыў кіроўцу, які вазіў іх у Горкі. Яшчэ падумаў: Ганну ў гатэль прывёз?.. Але ж машына не Ганны была, ён не купляў ёй машыну.
Гледзячы з крыжа, Купала шукаў і не знаходзіў Ганну сярод безлічы манашак, а яна ўжо прабралася наперад, ішла, адцясніўшы Берыю, побач з патрыярхам, і калі ён убачыў яе, каменьчык на медальёне наскрозь прапёк левую далонь, якую ён расціснуў: "Лаві. І скажы мне, што гэта такое?.."
Вусны ягоныя перасохлі, ён ледзьве вымавіў гэтыя некалькі слоў.