Правая рука Ганны была занятая, левай злавіць ці спрыту ў яе не хапіла, ці яна й не збіралася лавіць - і медальён булькнуў у вядро з вадой.
- Так, - глухавата, голасам, падобным да голаса крыжа, сказаў Сталін. - Я б таксама ведаць хацеў. Што гэта значыць, калі гэта ты?
Ганна падняла вочы да Купалы, апусціла, зноў падняла.
- Я ўставіла яго ў медальён, каб... каб ты зразумеў, хто цябе... каб не падумаў... - Яна заплакала. - Я не сама.
Госпадзі! Здрада за здрадай, здрада за здрадай. Праз усё жыццё і нават праз смерць.
"Што не сама?.. " - можна было ўжо й не пытаць, бо якая розніца, што?.. Хоць, мусіць, трэба было б спытаць, каб не плакала, але вусны гэтак ссохлі, што не разамкнуліся - і яна зняла з-пад чорнай накідкі белую хустачку. Намачыла яе ў вадзе, паклала на крыжавіну, якую ўзяла ў Кумца, падняла: "Папі."
46
- Вітацца са мной не хочаш? - паціснуўшы вялаватую руку Віктара, спытаў Грачын. - Дарма. Я сур’ёзныя пытанні для цябе вырашыў. Ажно тры. Першае: месца ў ЦК прафсаюзаў. З пасадай не ніжэй чым загадчык аддзела. Другое: ты не проста ў складзе групы, ты зацверджаны кіраўніком беларускай дэлегацыі ў Польшчу. І трэцяе: вы з Ганнай едзеце ў Індыю. Усё, як ты прасіў.
- Я не прасіў нічога.
- Ну, добра, прасіла Ганна. А ты не сказаў, што не хочаш. Ва ўсякім разе, - прыжмурана зірнуў на яго Грачын, - у Індыю. Так што збірайцеся. Пашпарты можаце ўзяць у замежнай камісіі Саюза пісьменнікаў. З вамі Ружэвічы ляцяць, каб гэта дэлегацыяй выглядала. А то прыпішуць турызм за дзяржаўны кошт.
Паслаць дачку ў Індыю, каб нейкія індыйскія цудадзеі дапамаглі ёй дзіця нарадзіць - гэта па-любому турызм за дзяржаўны кошт. Хоць з Ружэвічамі, хоць без.
Зрэшты, член дэлегацыі - не такая тэма для плётак, каб яе смакаваць. А вось кіраўнік дэлегацыі…
Грачын на дачы быў не адзін, у яго гасцяваў ягоны сібірскі сябар. З рускай, лапатай, барадой і беларускім прозвішчам Яцук.
- Андрэй Мікалаевіч, - прадставіў яго Грачын. - Чалавек, які за ўсё стаіць прынцыпова. І за ленінскую лінію ў партыі, і за сваю бараду.
Барада Яцука, беларускі прадзед якога яшчэ ў царскія часы быў сасланы ў Сібір, здзівіла: барадатага сакратара абкама партыі Віктар бачыў упершыню.
- Хто змагаецца, той перамагае, - казаў, калі селі абедаць, Грачын. - Андрэя Мікалаевіча змушалі пагаліць бараду яшчэ тады, калі ён інструктарам райкама быў. А ён: Маркс барадаты, Энгельс, Ленін з бародкай. Чаму мне нельга? Яму: ты не Ленін! А ён: так, не Ленін. Але Уладзімір Ільіч нідзе не казаў, як вы мне кажаце, што камуніст з барадой - поп. У статуце партыі не напісана, што камуніст не можа быць з барадой. І ў кожным кабінеце, дзе яго пясочылі, ён цытаваў першы артыкул Статуту: членам КПСС можа быць любы грамадзянін Савецкага Саюза, які прызнае праграму партыі, актыўна ўдзельнічае ў будаўніцтве камунізму і… Што там, забыўся, далей?.. Сплочвае партыйныя ўнёскі. А пра бараду ні слова. Гэта ўсіх на вілы падымала, да ЦК дайшло. Суслаў яго выклікаў: ды пагаліся ты! А ён яму… Як ты яму?.. Вось вы ў галёшах ходзіце, а я ў барадзе. У кожнага свае звычкі. Ні ваша звычка, ні мая для партыі не шкодныя. І калі вырашалася, быць ці не быць яму ў абкаме, а, можа, і ў партыі, яго Леанід Ільіч падтрымаў: для камуніста галоўнае тое, што ў галаве, а не тое, што на ёй расце. - І тут Грачын засмяяўся, Віктар упершыню пачуў, як бацька Ганны смяецца: хэкне і кашляне, кашляне і хэкне. - А ён Леаніду Ільічу за тое аддзячыў, у адстаўку прапанаваў падаць!.. За тваю галаву і характар, Андрэй Мікалаевіч, - падняў Грачын чарку. - За характар і галаву! - І выпіўшы, дадаў, кашлянуўшы і хэкнуўшы. - Ён, дарэчы, вершы піша. Усе беларусы вершы пішуць, ці што?..
- Усе, - засмяяўся Яцук, і смех ягоны быў густы, як ягоная барада. - Хоць хапіла б аднаго Купалы.
- Тады і Пушкіна аднаго хапіла б, - сказала Ганна. На што Грачын, закусваючы, крутнуў галавой: "Не. Расія - вялікая".
Яцук шырока раскінуў рукі.
- Во такая… "От Перми до Тавриды, от финских хладных скал до пламенной Колхиды". Расія ўпёрлася ў Пушкіна, як у сцяну, за якой нібыта больш і няма нічога. А за сцяной Міцкевіч у Польшчы, Бёрнс у невялікай Шатландыі, не кажучы ўжо пра Хаяма ці Нізамі. Нельга ў сцяну ўпірацца, трэба ламаць сцяну. З догмаў выбірацца, у якіх мы закарэлі.
Грачын, закусіўшы фінскім сервелатам з 300-й секцыі, паклаў відэлец.
- Ты не надта… Рэвалюцыянер. Веліч Расіі не ў прасторы. Пушкін пісаў, што Расія - душа свету. Вось у чым яе веліч.
Яцук зірнуў на Віктара:
- Пушкін такое хіба пісаў?.. - І працягваў, не чакаючы адказу, бо яму, мусібыць, захацелася павыглядаць эрудытам, кожнаму мужчыну, няхай ён нават у гадах, хочацца перад прыгожай жанчынай, хай нават яна дачка сябра, некім павыглядаць. - А вось Нізамі пісаў такое. Толькі не пра Расію. Ён пісаў, што душа сусвету, дух зямлі - Іран. А Пушкін пераклаў. Хоць, можа, і не Пушкін, не помню. Але ў нас так: ніхто, апроч Пушкіна, нічога вялікага напісаць, талковага сказаць не мог і не можа. І далей у нас: ніхто, апроч Леніна, Сталіна, Леаніда Ільіча… Давай моладзь спытаем: хіба не так?