Моладзь маўчала. Віктар маўчаў, моцна здзіўлены тым, што пачуў ад Грачына пра Яцука. Не пра ягонае змаганне за сваю бараду, а пра тое, што ён прапанаваў Брэжневу ў адстаўку падаць. "Дзе?.. Калі?.." - шукаў Віктар зручны момант, каб спытаць пра гэта, а Ганна, па якой відаць было, што ў палітычных дэбатах, усчатых Яцуком, ёй няўтульна, чакала моманту, каб перавесці размову на іншае. І спытала, не дачакаўшыся:
- Тата, а куды мы едзем?
- Як куды? У Індыю.
- Ясна, што ў Індыю. Але куды? Да каго?
- Да Індзіры Гандзі, - зноў густа засмяяўся Яцук. - Бо ў нас няма нікога, апроч дарагога Леаніда Ільіча, а ў Індыі няма нікога, апроч дарагой Індзіры Гандзі. - І падняўся. - Пара мне, Васіль Дзям’янавіч, праз дзве гадзіны самалёт. Лятаю і лятаю над вялікай Расіяй. Туды-сюды, сюды-туды. І калі з неба глядзіш, бачыш трубы завода новага, думаеш: нешта ўсё ж мяняецца. А на зямлю спусцішся: той самы дым над трубамі. Усё, як было. Ну ды што ж… Дадому далячу, а далей відаць будзе. Як там у Купалы? - павярнуўся ён да Віктара.- "Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, не скуеш толькі дум ланцугамі". Я люблю Купалу. У бацькі майго ўсе старыя кнігі ягоныя былі, а мне Машэраў, пакуль жывы быў, новыя дасылаў. Там ужо не толькі вершы. Артыкулы, выступы… - І раптам, кінуўшы вокам на Ганну, змяніў тэму. - А ты на з’ездзе свежа выступіў. З энергіяй, з напорам. Як вецер. Дарэчы, калі я Андропаву пра дым над трубамі сказаў, ён мне на гэта: "Дык ўсё ў свеце дым". Таксама вершы піша. Пасля кажа: "Дым плыве, куды вецер дзьме. Вы супраць ветру?" Не, кажу, я за вецер, - падаў Яцук руку Грачыну. - Ты мяне не праводзь, з дзецьмі пабудзь.
"Трэба пагаварыць з ім, трэба пагаварыць…" - падняўся Віктар услед за Яцуком. - "Давайце я вас правяду". - "Праводзь, калі Васіль Дзям’янавіч не супраць. Ён казаў, што ты раман пра Купалу пішаш, мне цікава", - абняўся з Ганнай Яцук: "Эх, якая красуня! Уся ў маці і нават прыгажэйшая!" - а Грачын, зыркнуўшы падазрона на Віктара, плячыма пацепнуў: "Чаго мне супраць быць? Пагаварыце, як паэт з паэтам".
Паехалі на машыне Грачына. "З гаража табе, Андрэй Мікалаевіч, гэбіста пашлюць", - сказаў Грачын. Нібы ягоны кіроўца не з гаража прысланы і не гэбіст.
- Дык пра што раман? - спытаў Яцук, калі селі ў машыну. - Пра каго, зразумела, але пра што? Пра Купалаву смерць? Я, між іншым, таксама цікавіўся: сам ён, ці яго…
- Не сам.
- Адкуль ты ведаеш? У архівах, я глядзеў, пра гэта нічога. Ніякай зачэпкі, ніякага намёку на тое, што з ім расправіліся. І я думаю, што не. Што гэтага не было.
- Я без архіваў ведаю, як было.
- Як гэта?
- Як бы ніяк, але ведаю. З вамі хіба так не бывае?..
Віктар паехаў праводзіць Яцука не для таго, каб разбірацца ў гібелі Купалы. Зараз яму трэба было разабрацца ў сабе - і здалося, што Яцук можа дапамагчы ў гэтым. Калі ён, дзіўны партыец, якога могуць скінуць з вяршыні ўлады, казаў на дачы Грачына пра краіну, якая ўпёрлася ў сцяну, пра тое, што трэба сцяну ламаць, выбірацца з догмаў, Віктар думаў: "Я мусіў, я павінен быў сказаць гэта на з’ездзе!" І цяпер спытаў:
- Як вы думаеце: з вамі расправяцца?
Такога працягу размовы Яцук, пэўна, не чакаў. Маўчаў, не адказваў. Мусібыць, узважваў: ці ўдавацца ў такую размову?
Паўза зацягвалася. Віктар разумеў: калі Яцук наўпрост зараз не адкажа, дык ніякай гаворкі не будзе. А яму вельмі хацелася з гэтым барадатым, падобным да папа чалавекам адкрыта пагаварыць.
- Вы ўзважваеце, ці варта пра такое размаўляць з паэтам, які на з’ездзе партыі свежа, як вы сказалі, падлізаў яе кіраўніку? Дык вось я хацеў выступіць, як вы. Але не здолеў. Не хапіла мяне на гэта. Спалохаўся ўлады. І цяпер гэта мая сур’ёзная праблема, разумееце?
Яцук маўчаў. Віктар пашкадаваў, што купіўся на ягоныя словы, на ягоную бараду, за якую змагаўся абкамаўскі сакратар з усёй партыяй, а Яцук, не адказаўшы на пытанне Віктара, сам спытаў:
- Дык ты пра гэта раман пішаш?
Ён адыходзіў ад размовы.
- Не толькі, але…
- Пра гэта, значыць. Што ж, вечная праблема… Свабода і ўлада, мараль і ўлада… І гэта праблема Купалы, праз якую яго не стала. Рана ці позна яна паўстае перад кожным. І кожны сам яе вырашае. Так - ці інакш.
- Пакуль я ніяк яе не вырашыў.
- Калі сам не вырашаеш, вырашаюць за цябе. Вунь Грачын сказаў, што ты ідзеш у прафсаюзы. На немалую пасаду. Вось гэта і ёсць вырашэнне. З прафсаюзнага ЦК у ЦК партыйнае дарога нядоўгая. Васіль Дзям’янавіч сам яе прайшоў, так што ведае, што робіць.