- А мне што рабіць? Вось вы…
- Што я?.. Пачакай…
Яцук пашукаў па кішэнях, знайшоў пігулкі, паклаў адну пад язык, рас-смактаў. Кінуў кіроўцу: "Спыніся на хвіліну, мы пройдземся… Прыціснула…"
Выйшлі з машыны, пайшлі ўздоўж дарогі.
- Кожны раз, калі вып’ю, сэрца разыходзіцца. І каму ні кажу, хоць Грачыну, хоць Брэжневу, давайце гарбату пап’ем, ніхто слухаць не хоча. Андропаў толькі, але ён увогуле не п’е. У яго іншыя магчымасці кроў разагнаць. Навошта піць, калі можаш з’есці, каго хочаш… - прыпыніўся Яцук, азірнуўшыся на кіроўцу, які ехаў за імі. - А за што са мной павінны расправіцца?
Ён, пэўна, асцерагаўся грачынскага кіроўцы, які калі не Андропаву, дык Грачыну ўсё дакладзе, таму і не падтрымаў размову, пачатую ў машыне.
- За выступ на з’ездзе.
- Я не выступаў на з’ездзе.
- А дзе?
- На банкеце пасля з’езда. Ці на прыёме, як яго назваць… Выпіў і сапраўды выступіў. Як выступаюць на п’янках. Падышоў да Леаніда Ільіча, павіншаваў яго з паспяховым з’ездам і параіў сысці. Бо наступны з’езд можа быць не такім паспяховым. Ты ж ведаеш, што ён сам збіраўся падаць у адстаўку? Грачын табе пра гэта казаў?
Можа, трэба было пайсці на прыём?.. Па спаленым запрашэнні…
- Казаў. Ведаю.
- Ведаеш. Дык вось і ў мяне сур’ёзная праблема. Пытанне да сябе самога, на якое не магу сабе самому адказаць. Калі б Грачын не прапанаваў мне на з’ездзе выступіць і я не разлічваў на ягоную падтрымку, калі б не ведаў я, што Брэжнеў сам хоча папрасіцца ў адстаўку, сказаў бы я тое, што сказаў яму, ці не? Прапанаваў бы сысці? Нават па п’янцы?..
Яцук пацёр адной рукой грудзі, другой палез у кішэню, хацеў, мусібыць, дастаць яшчэ адну пігулку, але перадумаў, махнуў рукой.
- І яшчэ… Я зрабіў гэта не толькі таму, што перакананы ў неабходнасці сыхода Брэжнева. У піку Грачыну я гэта зрабіў, які спачатку ўгаварыў мяне на з’ездзе выступіць, а пасля адгаварыў. І, пэўна, вырашыў, што я - куды вецер паверне. Дык вось не! Але каму я даводзіў, што не? Грачыну? Брэжневу? Суславу з Андропавым, якія былі побач, усё чулі і цяпер ціснуць на Брэжнева, каб мяне з ЦК, з партыі?.. Я даводзіў гэта сабе! Дзеля сябе я ўсё гэта казаў, дзеля свайго гонару. Як і бараду дзеля гонару нашу, на якога ражна яшчэ яна мне патрэбная, адны нязручнасці з ёй…
Яцук казаў пра тое самае, што адчуваў Віктар, стоячы на сцэне Палаца з’ездаў. Ці амаль пра тое, калі не зважаць на бараду, якой Віктар не меў.
Няма барады - няма праблемы.
- Цяпер глядзі… - цягнула выгаварыцца Яцука, як і Віктара каля Вечнага агню выгаварыцца цягнула, але ён не змог, нават перад Ганнай не змог, а Яцук перад ім, амаль незнаёмцам… Зрэшты, перад незнаёмцам лягчэй, гэтак перад выпадковым спадарожнікам выгаворваюцца… - Вось ты не сказаў тое, што хацеў, і ў цябе праблема. А я тое, што хацеў, сказаў, няхай і не там сказаў, дзе хацеў, і ў мяне таксама праблема. І не толькі таму, што Брэжнеў не сышоў, што Суслаў і Андропаў з Грачыным угаварылі яго застацца… Дарэчы, мы з ім, з Грачыным, можна сказаць, сябруем, дык вось як гэта? Мне ён прапануе сказаць Брэжневу, каб падаў у адстаўку, а Брэжнева ўгаворвае не падаваць. Што вынікае з гэтага?
- З гэтага вынікае, што ўгаворваючы Брэжнева не сыходзіць, Грачын усё ж хацеў, каб ён сышоў, бо разлічваў на ягонае месца. І вас, выходзіць, падстаўляў.
Віктару здалося, што Яцук упершыню паглядзеў на яго не як на зяця Грачына. Але ўсё ж сказаў:
- Не падстаўляў, а, так скажам, скарыстоўваў.
- Гэта не адно і тое?..
Яцук падняў каменьчык з дарогі, падкінуў на руцэ… Відаць было, што ён не надта хацеў паварочваць размову ў гэты бок.
- Ну, няхай сабе адно… У цябе ёсць сябры?
- Ёсць.
- Колькі?
- Не лічыў. Можа, тузін.
- Няхай тузін. Ях вучняў у Хрыста. Дык будзь гатовы, што адзінаццаць з іх цябе ці скарыстаюць, ці прададуць.
- Хрыста прадаў адзін.
- Так, адзін. І гэта неверагодная рэч у чалавечай гісторыі здрадаў. Фенаменальны вынік. Можна сказаць, сусветны рэкорд. Хоць ёсць яшчэ рэкорд абсалютны. Вось ты ў Індыю едзеш, дык там Буду не прадаў ніхто. І не таму, што ён не хацеў быць Богам, а таму што першымі ягонымі вучнямі былі звяры. Алень, лань, слон, не помню, хто яшчэ. А звяры не прадаюць. Толькі людзі.
Яцук казаў, як пропаведзь чытаў. Гэты сакратар абкама мог быць святаром.
- Буда хоць і не хацеў, але Богам стаў.
- Бо людзі Бога захацелі.
Так. Багі ёсць толькі таму, што іх хочуць людзі.
- Выходзіць, нават Бог не ведае, кім стане. А можа Бог людзей прадаць?