Выбрать главу

- У якім сэнсе?

- Ну, адступіцца ад іх… Рукой махнуць. Гарыце вы гарам. У геене вогненнай.

Яцук кінуў каменьчык над дарогай так, як над вадой кідаюць, каб ён паскакаў. Але няўдала, каменьчык адразу адляцеў на ўзбочыну, і падобны да папа партыйны сакратар уздыхнуў:

- Дык ён і адступіўся. І мы гарым. Таму і дым над трубамі.

Кіроўца, які ехаў за імі, дагнаў, паказаў на гадзіннік…

Сеўшы ў машыну, Яцук выпіў яшчэ адну пігулку. Па дарозе маўчаў. Калі прыехалі ў аэрапорт, дзе іх машыну прапусцілі на ўзлётнае поле, і дзе Яцук, мусібыць, падумаўшы, што калі не кіроўца, дык Віктар іх размову можа Грачыну пераказаць, пачаў здаваць назад.

- Ты, зямляк, усё ж трымайся Грачына. Брэжнеў хворы, зусім кепскі, яму нядоўга засталося. Ад сілы паўгода. Ці, можа, год. Яго таму і ўгаварылі не рабіць ніякіх заяваў. Каб з’езд не напружваць, каб не было размоў у партыі, што яго прыбралі. Бог прыбярэ - і ўсё нармальна. На ягонае месца, вядома, Андропаў меціць, але і ў Грачына шанец ёсць. А, значыць, і ў цябе. Скарыстайся ім. Адзін шанец ты ўжо правароніў, гэта другі. Трэцяга можа не быць.

- А які быў першы?

- Такі самы, як і ў мяне. Выступ на з’ездзе. На ўвесь Савецкі Саюз, на ўвесь свет!.. Ну, пасядзеў бы, пакуль Брэжнеў жывы. Але яно таго варта. Такое варта жыцця! А цяпер табе трэба моцна думаць, як яго пражыць. І прапанова Грачына - не горшы варыянт. Пры ўладзе больш магчымасцей зрабіць тое, пра што ты не сказаў. Так што глядзі… Хто вышэй стаіць, той далей бачыць. - І, развітваючыся, Яцук пляснуў Віктара па плячы: - Калі ў геене вогненнай не згарыць!

XLVII

Кумец і Няжыла з Кругляцом спыніліся. Усе спыніліся і глядзелі, як Ганна, намачыўшы хусцінку, падала яе на крыж Купалу і як ён піў. Спачатку ротам ваду з хусцінкі выціскаючы, а потым, успомніўшы, што ў яго адна рука не прыбітая, рукой.

Калі папіў, яго раптам заліхаманіла. Маці яму мокрай хусцінкай губы мачыла, твар выцірала, калі яго, малога, невядома скуль і з чаго ўзяўшыся, гарачая ліхаманка біла. Два тыдні амаль. Бацька думаў, што памрэ, ксяндза паклікаў. А маці нічога не думала: ночы не сплючы, на грудзях калыхала. І выкалыхала.

Адна яна не здрадзіла яму. Ні ў чым і ніколі. А ён яе ў агні кінуў.

"А мой ты гаротны!.. - падляцела і злавіла хустачку, якую выпусціў ён, калі яго заліхаманіла, Спагада. - До ўжо грахі сабе выдумляць, тут без цябе грэшных хапае. - І кінула хусцінку ў твар Ганне. - На!.. Атруты нальюць і яшчэ вады пададуць, каб запіць!"

Ганна нічога ёй не адказала. Церабіла хустачку. Раптам пабялела, хіснулася, але ўстаяла, не ўпала, і Купала скрозь крыж, скрозь дрэва адчуў, як нешта моцна-моцна ўдарыла, спынілася і зноў забілася ў чалавеку за ягонай спінай.

Сэрца?..

Малы Маскварэцкі мост прайшлі моўчкі.

- Даўно мы тут не былі, - прадыхнуў, калі ступілі на Вялікі мост, Кумец, які дасюль маўчаў. - Пад гэтым мостам нашы коні стаялі. Мы схавалі іх на ўсякі выпадак… Эх, якія коні! Помніш, Няжыла? Помніш, Круглец?.. Я і свайго гнядога, Ястраба свайго помню і помню вашых Ластаўку і Сокала. Як смала, чорную, і як снег, белага. Ястраб! - раптам грукнуўшы тарцом свайго крыжа ў насціл маста, пагукаў Кумец, і ў адказ яму ледзь чутна, быццам з далёкай далечыні, данеслася іржанне.

Пачуўшы яго, віленскія пакутнікі спыніліся на хвіліну, Няжыла сказаў: "Яны чакаюць нас…" - і ўсе рушылі далей.

- Коней нам Альгерд падараваў, - распавядаў, пакуль ішлі па Вялікім мосце, Кумец. - Мы ў дружыне ягонай служылі. Яшчэ тады, калі ён княжыў у Віцебску і дапамагаў Смаленску ў бойках з Масквой. Потым замірыцца з ёй надумаў, паслаў нас на перамовы. З партрэтам ягоным, на якім стаяў ён з пададзенай для поціску рукой. Партрэт у залатой раме - роўна пуд золата! Князь Іван, які ў Маскве княжыў, раму залатую забраў, партрэт Альгердаў спаліў, а нас у цямніцу кінуў. І нас там катавалі, пакуль валадарыць у Маскве не стаў князь Сямён, які сказаў, што лепш сабак карміць, чым літоўскіх паганцаў, і загадаў зацкаваць сабакамі.

Патрыярх зыркнуў на Кумца:

- Дык вы, выходзіць, не віленскія, а маскоўскія пакутнікі?.. Святыя паганцы? - І плюнуў. - Цьфу! Нават спрачацца не хачу!

- А што аспрэчваць? - стомлена спытаў Сталін. - Тое, што нехта выдае сябе за сведку гісторыі, зусім не значыць, што ён кажа праўду. Гісторыя сведчыць, што найбольшыя хлусы якраз яе сведкі. Вось што могуць сказаць гэтыя святыя пакутнікі, якія ўкралі пуд золата?

- Мы не кралі! - страсянуў крыж Няжыла, а Сталін з’едліва здзівіўся:

- Праўда?

- Праўда! - сам ужо ўвесь страсянуўся, ледзь крыж не кінуўшы, Няжыла, гэтак яго абурыла з’едлівае здзіўленне Сталіна, і не адзін Купала, пэўна, падумаў: "Колькі ні страсай паветра - нічога не дакажаш тым, хто хоча думаць, што ты ўкраў".