- Што могуць засведчыць людзі, якія забілі вас, Іван Дамінікавіч? Тое, што зрабілі гэта па загадзе? Забілі, бо загадаў крыважэрны.
- Дык так і было! - у адзін голас выгукнулі, прыпыніўшыся, Берыя з Мяркулавым, а Сталін зноў нібы здзівіўся: "Няўжо?.." І зноўку Купалу падумалася, што гэтае з’едлівае "няўжо?" нічым не пераб’еш.
- Гэта даўняя завядзёнка, - гнуў сваё Сталін. - Дзеля свайго апраўдання выдумляць тырана! І чым ён страшней, тым лепш. Маўляў, мы не былі б такія, калі б не ён такі. Хоць насамрэч ён... хоць я даў вам магчымасць быць такімі, якія вы ёсць. Вызваліў ад цяжкой і стамляючай неабходнасці быць іншымі. І за гэта вы мяне...
"Ура!.. - пакацілася з Краснай плошчы па брукаванцы Васільеўскага спуску. - Ура! Ура!.."
Па Васільеўскім спуску пад воклічы "ура!" рухалася насустрач ім такая шчыльная людская плынь, што нябожчыкі, выходзячы на плошчу, ледзьве працякалі скрозь яе, і Няжыла з Кумцом і Кругляцом з цяжкасцю падаваліся за Кашкадамавым, які мкнуўся да маўзалея, да трыбуны, дзе стаялі, як звычайна на святы, хоць ніякага свята сёння не было, людзі ў капелюшах, але віленскія пакутнікі не сталі таўчыся ў цеснаце, і, як Кашкадамаў ні цягнуў, ні штурхаў іх улева, да Крамля, павярнулі правей, падняўшыся з крыжам на адзінае не занятае на ўсёй Краснай плошчы месца: лобнае.
48
Развітаўшыся з Яцуком, чалавекам, з якім невядома на якую перспектыву пазнаёміў яго Грачын, на грачынскую дачу Віктар не вярнуўся. Папрасіў кіроўцу падкінуць да электрычкі і паехаў у Маскву.
Апроч як у кватэры Ганны, ад якой не меў ён ключа, начаваць яму ў Маскве не было дзе. Але ў яго быў ключ ад качагаркі ў падвале дома Герцэна, узяты некалі на памяць пра Літаратурны, якому дастаўся дом Герцэна, інстытут.
Змяркалася. У вечаровым святле інстытуцкага двара сядзела на лаве каля флігеля жанчына. Віктар і ў прыцемках адразу пазнаў яе па постаці: гэтак яна сядзела тут, на лаве каля флігеля, у якім жыла, калі ён вучыўся ў інстытуце. А калі скончыў, яна жыла ўжо ў іншым месцы, з Цвярскога бульвара перасяліўшыся на Малую Грузінскую вуліцу.
Яна была ўся ў сабе, гэтая не прыгнутая ні нялёгкім жыццём, ні няпростым часам, жанчына, якой было пад восемдзесят, палову з якіх яна пражыла ў гэтым доме, і ёй тут было што ўспомніць. Болей, чым яму.
Ён пазнаёміўся з ёй у першую восень сямідзясятых гадоў. Двор быў засыпаны лістотай, дворнічыха падмятала яе каля ўваходу ў флігель, спыніла Віктара, калі ён бег, спазняючыся на лекцыі, не ведаючы яшчэ, што ў гэтым інстытуце можна не толькі спазняцца на заняткі, але і не хадзіць на іх: "Малады чалавек, вы ўмееце рамантаваць тэлевізары?"
Гэта была не дворнічыха. Віктару казалі, што ў флігелі гэтага дома жылі шмат якія, уключна з Мандэльштамам і Платонавым, літаратурныя знакамітасці, і дасюль жыве ўдава Платонава, але ён не падумаў, убачыўшы яе з мятлой, што гэта яна. Марыя Аляксандраўна Кашынцава з графскага роду Шарамецьевых.
Рамантаваць тэлевізары Віктар умеў: скончыў тэхнікум, дзе яго навучылі гэтаму. Але як яна гэта ўгадала - па двары штодня прабягалі дзясяткі студэнтаў?
Яны зайшлі ў двухпакаёвую з адгароджаным закутком, які называўся трэцім, "зялёным", бо быў абклеены зялёнымі шпалерамі, пакоем, дзе стаяў старэнькі тэлевізар. Марыя Аляксандраўна змяла з яго пыл: "Даўно не працуе. Я і не глядзела яго, але чаго ён так стаяць будзе? Калі ён зроблены, каб паказваць, няхай паказвае, усе павінны рабіць сваё".
Віктар зрабіў сваё, тэлевізар стаў паказваць, а Марыя Аляксандраўна, час ад часу запрашаючы Віктара на каву, стала расказваць пра тое, чаго нельга было ўбачыць у тэлевізары.
"Платонаў адну аповесць напісаў для аднаго, як ён казаў, чалавека. Толькі для аднаго. Для Сталіна. І Сталін тую аповесць прачытаў. Хацеў пасадзіць аўтара, але гэта было б банальна, і ён пасадзіў нашага сына. Пасля адпусціў, але сын захварэў на сухоты і ўжо дома памёр. Пакуль ён хварэў, бацька глядзеў за ім, не адыходзіў, так любіў, падхапіў сынавы сухоты і памёр таксама. Ніколі і нічога не пішыце, Віктар, для аднаго чалавека".
- Мацвеева чакаю, - сказала Марыя Аляксандраўна, калі ён падышоў да яе. - Кран капае. Ведаеце, што самае жахлівае ў жыцці? Усю ноч не спаць, слухаючы, як капае кран, і разумець, што ты нічога з гэтым не можаш зрабіць. А кран, як на галаву: кап-кап-кап-кап… Дзе гэты Мацвееў?.
Сына страціла, мужа пахавала, а самае жахлівае, калі ўночы капае кран.
Мацвееў быў чалавекам, які прывёў некалі Віктара ў качагарку: "Тут можна жыць асобна ад СССР".
Ён не любіў СССР Казаў, што па біялагічных законах такой краіны не мусіла быць.