Выбрать главу

Кім ён быў?.. Хто яго ведае, кім ён быў, Мацвееў. Ясна, што антысаветчыкам, але ж антысаветчык - гэта яшчэ не ўвесь чалавек. І не ўвесь чалавек - біёлаг, хоць, гледзячы на Мацвеева, можна было падумаць, што біёлаг - гэта і ёсць увесь чалавек. За антысаветчыну яго пасадзілі ў псіхушку, пасля выпусцілі, але ў біёлагі ўжо не бралі - і ён падаўся ў качагары.

У дзённіках Платонава, якія дазволіла паглядзець Марыя Аляксандраўна, Віктар прачытаў: "Чалавек сам сябе не ведае, уведаць яго мусіць пісьменнік". І вось Віктар стаў пісьменнікам, але ўведаць Мацвеева не здолеў. Неяк сказаў яму пра гэта, Мацвееў развёў рукамі: "Значыць, ты пісьменнік так сабе. А вось Кліментаў ведаў мяне ўсяго".

Ён называў Платонава ягоным сапраўдным прозвішчам. Не псеўданімам.

Чаму? Бо лічыў яго сапраўдным чалавекам? Сапраўдным пісьменнікам?..

Платонаў, калі жыў тут, час ад часу падмятаў двор каля свайго пад’езда, праз што займеў мянушку "дворнік" і прыдуманы пра яго літаратурны анекдот. Мацвееў усім той анекдот расказваў - і толькі ў ім называў Платонава ягоным літаратурным псеўданімам, бо інакш анекдот было не зразумець. "Бяжыць па зімовай Маскве хлопчык, які шкло ў вакне пабіў, а яго даганяе дворнік. "Ну чаму я жыву ў гэтым праклятым халодным горадзе, дзе за мной дворнікі ганяюцца? - думае задыханы хлопчык. - Чаму б мне не жыць на якой-небудзь трапічнай выспе, не сядзець пад пальмамі на Кубе..." А ў гэты час на Кубе пісьменнік Хемінгуэй сядзіць пад пальмай і, знемагаючы ад спёкі, разважае: "Што я раблю ў гэтым трапічным пекле? Чаму я не ў Парыжы на Манпарнасе, чаму не п’ю прахалоднае віно ў кавярні La Closerie des Lilas, паблажліва слухаючы, што мне расказвае пра літаратуру пісьменнік-марксіст Жан-Поль Сартр?.." А тым часам на Манпарнасе ў кавярні La Closerie des Lilas сядзіць пісьменнік-марксіст Жан-Поль Сартр, п’е прахалоднае віно і думае: "Што я забыўся сярод гэтых буржуяў, у свеце, які не мае сэнсу, калі ёсць Масква, дзе пісьменнік Андрэй Платонаў стварае сапраўдную літаратуру…" А ў гэты час дворнік Платонаў даганяе хлопчыка, які пабіў шкло, і думае: "Даганю - заб’ю…""

- Ён быў сапраўдным, але жахлівым! - то гаротна, то весела ўспамінаючы жыццё, ускліквала Марыя Аляксандраўна. - Проста жахлівым, як і ўсе пісьменнікі.

Час ад часу Марыя Аляксандраўна падмятала, узяўшы гэтую звычку ў мужа, двор каля свайго пад’езда, але "дворнічахай" яе ніхто не называў.

Усё жыццё яна таксама хацела быць пісьменніцай. Калі Платонава не стала, збіралася мемуары напісаць, ды нічога не напісала.

"Бо графіня, - казаў Мацвееў. - А што і дзе напісалі графіні? Графы напісалі, графіні - не".

- Мой выпадак, - сказала Марыя Аляксандраўна, знаёмячыся з Ганнай, пра якую яшчэ не ведала, што яна з роду Трубяцкіх. І Ганна не зразумела, а Віктар зразумеў, пра што яна. Незразумела толькі было, як яны, блакітна-кроўныя, адно адное распазнаюць?..

"Жахлівага" мужа Марыя Аляксандраўна, падобна было, не кахала. А калі і кахала, дык не надта. Не казала пра гэта, але падобна было. А Мацвеева любіла. "Я на два гады ўзрост змяніла, каб у рэвалюцыйны дзевяцьсот пяты нарадзіцца, дзень народзінаў памяняла, каб з’явіцца на свет у дзень свята ўсіх працоўных, мяне ідыёткай сацыялістычная рэвалюцыя зрабіла, а вы, Мацвееў, адразу ідыётам, сацыялістам нарадзіліся, як жа вас не любіць можна?.." - казала яна і падлівала яму лішні апалонік супу, падкладвала лішнюю лыжку кашы.

Мацвееў быў антысаветчыкам, але сацыялістам. Казаў: "Я за сапраўдную роўнасць!" І ён не любіў буржуяў, не любіў блакітнакроўных, але любіў графіню Марыю Аляксандраўну.

- Дзе гэты чалавек? - узіралася яна ў прыцемкі. - Яго ніколі няма, калі ён патрэбны, і заўсёды на месцы без патрэбы.

Мацвееў з’явіўся са скрыняй балгарскага віна "Гымза", якое неслі хлопец і маладзіца гадоў дваццаці. На тое, што сам ён без нічога ідзе, а скрыню маладзіца цягне, Мацвееў не зважаў.

- Маня, - сказаў пра яе Мацвееў. І больш не сказаў нічога.

Хто такая Маня, Віктар не ведаў. А хлопца пазнаў, яго Круча з ім знаёміў. Сяргей. Сын намесніка старшыні КГБ Круглова, "куратара" культуры. Бацька, генерал, намеснік Андропава, змагаецца ў КГБ з антысаветчынай, а сын генерала антысаветчыку Мацвееву ў качагарку віно носіць.

Савецкі Саюз.

- Усё п’еш, Мацвееў?… - скрушна спытала Марыя Аляксандраўна. - І моладзь спойваеш?

- Кліментаў піў, - падаў Сяргею ключ, каб адчыніў дзверы ў качагарку, Мацвееў. Ён ва ўсім раўняўся на Платонава, толькі пісаць не ўмеў.

Ключ быў не такі, як у Віктара. Мацвееў памяняў замок. Хоць не мяняў яго ад пары, калі яны разам качагарылі. "Заходзь, калі захочаш".

- Кран пацёк, - паскардзілася Марыя Аляксандраўна, а Мацвееў рушыў у качагарку: "Пакуль не вып’ю, няхай цячэ. Ці ў двары пачакайце, ці ў нас".