Выбрать главу

- А ў вас не капае? - паднялася з лавы, бо ўжо сцямнела, Марыя Аляксандраўна, і Мацвееў падаў ёй руку:

- У нас няма вады. Толькі агонь.

У качагарцы ўсё было, як было, адно што печ не гарэла. Мацвееў расчыніў дзверцу топкі: "Зараз распалім". - "Дык цёпла ж тут…" - хутчэй праспявала, чым сказала, Маня, а Мацвееў кінуў у печ распалку. "Не для цяпла, для красы. Яна тут і стаіць для красы, ніхто ўжо яе не паліць. Я дворнік, а не качагар. Толькі жыву ў качагарцы. Хоць гэта няправільна: у качагарцы павінны жыць качагары. Як у Балгарыі балгары, - узяў ён бутэльку "Гымзы" са скрыні і спытаў: - Маня, а ў Савецкім Саюзе хто жыве?"

- Ідыёты, - праспявала Маня. - І яшчэ камуністы.

- А камуністы не ідыёты? - адкаркаваўшы бутэльку, пачаў разліваць віно па шклянках Мацвееў. - Нядаўна нават з’езд ідыётаў быў, і некаторыя ідыёты там выступалі.

Вось чаму ён ключ памяняў.

Характар у Мацвеева быў не цукар. Ён казаў: "Мы не ядзім цукар, каб стварыць сацыялізм". Але не казаў, што гэта не ягоныя словы, а Платонава.

- Вы з ідыётамі вып’еце? - нахіліўся Мацвееў, наліваючы, да Марыі Аляксандраўны, і калі тая адмовілася, Маня ўзяла яе шклянку: "Я таксама Марыя Аляксандраўна. І я вып’ю з ідыётамі, бо няма болей з кім".

Выпілі.

У печы разгараўся агонь. Водблескі ягоныя мільгалі ў стомленых, прыгаслых вачах Марыі Аляксандраўны, у засяроджаных, утаропленых у агонь вачах Мацвеева, прабягалі па заўсёды насцярожаным, быццам паўсюль за ім назірае ягоны бацька, твары Сяргея, бліскалі ў ясных вачах Мані. Як непадобныя былі гэтыя людзі качагаркі да тых людзей, з якімі сядзеў ён за сталом паўдня таму на ўрадавай дачы! Так непадобныя, нібы яны з іншага свету.

Віктар перасеў з грачынскай машыны ў электрычку, бо вырашыў вярнуцца з чужога свету ў свой. У сваю качагарку.

Хто толькі ні сядзеў тут, гледзячы ў агонь! І Платонаў з Мандэльштамам, і Круча са Шклярам, і Барада з Каралевічам… Ягоныя людзі. Адны сыходзілі - прыходзілі іншыя. Качагарка перастала быць качагаркай, але агонь гарэў.

А Мацвееў наліваў і наліваў…

- Подласць уваходзіць у склад сяброўства, - раптам сказаў ён, наліваючы, і Марыя Аляксандраўна ўстрапянулася:

- Вы ўжо выпілі, Мацвееў?..

- Яшчэ не.

- А словы не дагаворваеце, нібы выпілі. Платонаў пісаў: "Подласць уваходзіць у склад сяброўства, калі сябруеш з нягоднікам".

Мацвееў кіўнуў.

- Подласць уваходзіць у склад сяброўства, калі сябруеш з нягоднікам. Але яна і так уваходіць у склад сяброўства, бо ўваходзіць у склад усяго.

Ён сказаў гэта неяк… подла. Так, нібы прамовіў ісціну. І ўсе прамаўчалі, нібы згадзіліся з ім. Усе, апроч Мані.

- Няпраўда, - прапяяла Маня. - Я ведаю рэчы, у якіх подласці няма.

- Няўжо? - здзівіўся Мацвееў. - Напрыклад?

- Каханне.

- Чаму? Бо ты вершы пра яго пішаш?..

Паэтэса. Хто яшчэ папрэцца са скрыняй віна ў качагарку?

- Але пішаш ты, Маня, пра здраду, а не пра каханне. Бо ўсё яно ў здрадах. Ці здрада не подласць? Вы як мяркуеце, Марыя Аляксандраўна?

Незразумела было, у якой Марыі Аляксандраўны ён гэта спытаў, старэйшая сказала: "Вы сацыяліст і п’янтос, сацыяліст і цынік, Мацвееў", - а малодшая падсунулася бліжэй да старэйшай: "Вось мы з Сяргеем… Ён кажа, што кахае. А я не ведаю… Не ведаю, ці кахаю, бо што такое каханне, не ведаю. Хоць сапраўды ўсе вершы пра яго пішу. А вы ведаеце, што яно такое? Было яно ў вас?.. "

Даўным-даўно, калі ў качагарцы яшчэ жылі качагары, пра тое самае спытала Марыю Аляксандраўну Ганна. І тая сказала: "Каханне - гэта калі тваё жыццё не ў табе, а ў іншым чалавеку. У мяне такога не было".

Цяпер Марыя Аляксандраўна прамаўчала. Апошнімі гадамі яе ўсё часцей распытвалі пра мужа, пра іх адносіны, і яна стала думаць, што кахала яго.

Не прамаўчаў Мацвееў.

- Каханне - гэта секс у качагарцы. Секс у качагарцы і больш нічога, - наліў ён Мані. - Ты хіба не па гэта прыйшла?

Маня не стала яму адказваць, а Сяргей ускочыў, пачырванеўшы, ён яшчэ ўмеў чырванець: "Не па гэта! У нас ёсць дзе гэтым заняцца! А сюды яна прыйшла вершы пачытаць!" - "Дык няхай чытае, а не балбоча! Ці не хоча? Тады я пачытаю…"

Мацвееў падняўся, падкінуў вугалю ў печ, якая ўздыхнула дымам.

- Адзін паэт нядаўна напісаў: "Плыви, страна, эпохи ледокол!.." А гадоў дзесяць таму пісаў зусім іншае. І вось тут, стоячы каля печы, чытаў. Паэму пра кацельную чытаў. Пра краіну Мацвеевых, прысвечаную мне, Мацвееву.

Соринки света вылетают в ночь

Из той трубы, в кой дьявол обитает,

Фабричную котельную питает,

Где молча мы - к чему слова толочь? -