На будынку лякарні, з якой яны выйшлі недалёка ад Лубянкі, не было ніякай шыльды, і Ганна, перахапіўшы ягоны позірк, сказала, што гэта "крамлёўка". Таму яна без шыльды, як і 300-я секцыя. А калі селі ў "ЗІЛ", з якім, як і з ёй, нічога не сталася, толькі кіроўца памяняўся, спытала: "Ты як пачуваешся? Мог бы ты зараз замест кветак купіць мне карціну, па якую мы ў ГУМ ехалі? Баюся, што яе могуць прадаць".
Ён пачуваў сябе дзіўна. Зірнуў у люстэрка: выглядаў даўно няголеным.
А раніцай галіўся. І гэта таксама дзіўна. Але дзіўна - не кепска. І калі ўжо так закарцела Ганне тую карціну мець…
У ГУМе яны ў каго толькі ні пыталіся пра антыкварную краму 300-й секцыі - ніхто не ведаў, дзе яна, што гэта такое? Нарэшце грузчык з віннага аддзела гастранома правёў іх па закутках, па складах універмага і паказаў на лесвіцу ў сутарэнні: "Туды".
Крама сапраўды аказалася ў сутарэннях. Крамніца, жанчына ў зялёнай блузцы, высокая, хударлявая, белатварая, з доўгімі і чорнымі, як смала, валасамі і жаўтаватымі, нібы ў савы, вачамі, усміхнулася, калі яны спыталі пра тэлескоп і карціну: "З гэтым вам да дырэктара". І правяла да дзвярэй, якіх за шафай у дальнім куце крамы не відаць было: "Тут".
На дзвярах вісела шыльдачка, на якой прыгожа, з вензелямі, было напісана: "Вензель Назар Януаравіч. Дырэктар".
У вялізным, большым за спартыўную залу кабінеце дырэктара можна было б гуляць у футбол, калі б ад сцяны да сцяны не быў ён застаўлены рэчамі. Каля самай дальняй сцяны стаялі легкавыя машыны, матацыклы і ровары, бліжэй - ложкі, канапы, крэслы, патэфоны, радыёлы, самавары, жырандолі, кніжныя паліцы з кнігамі і без, этажэркі з партабакамі і запальнічкамі, ордэнамі і медалямі, шафы, на якіх і ў якіх стаяла розная драбната са шкла, крышталю, каменя, срэбра, золата… Карціны і скульптуры, дываны і абрусы былі навалены ад падлогі да столі - не зразумела было, як усё гэта стаіць, вісіць і, чапляючыся адно за адно, не падае.
Дырэктар, хударлявы, з учэпістымі рознакаляровымі вачамі, якія глядзелі, не міргаючы, і вузкім, як бы завостраным носам чалавек, выгляд якога, бо быў ён чамусьці ў лётным шлеме, здзівіў не менш, чым ягоны кабінет, сядзеў за сталом пасярэдзіне залы. На стале залаціўся тэлескоп, збоку стаяла на мальберце карціна, на якой у гэты залацісты тэлескоп глядзеў Сталін. За карцінай віднеўся яшчэ адзін столік з трыма кубкамі ды імбрыкам на ім, з канапай і зэдлікам побач.
- О, якія госці! - падхапіўся "лётчык", як адразу назваў для сябе гэтага чалавека Віктар. - Мне тэлефанавалі, тэлефанавалі… - рушыў ён, трохі прыкульгваючы, насустрач. - І вы нават не ўяўляеце, які для мяне гонар ваш візіт, - пацалаваў ён руку Ганне. - Я ведаў, меў шчасце ведаць вашу маці, вялікую актрысу Ганну Трубяцкую! Яна была не толькі вялікай актрысай, не толькі… - павярнуўся ён да Віктара, якога да ўсяго, з чаго здзівіўся ён раней, здзівіла яшчэ і тое, што "лётчык" назваў Ганну не дачкой цяперашняга вялікага начальніка, аднаго з кіраўнікоў краіны, а дачкой колішняй, амаль забытай акторкі. - І ведаў вашага бацьку, - узяў Віктара пад локаць "лётчык". - Духоўнага бацьку, духоўнага, - неяк дробненька, мітусліва ўдакладніў ён, убачыўшы недаўменне на твары Віктара. - Каго вы называлі духоўным бацькам? Ну? Успомнілі?.. Вядома ж, успомнілі, як можна забыць… Дык вось гэты тэлескоп належаў яму. Нядоўга, але належаў. А гэтая карціна, Ганна, падараваная вашай маці. Вось глядзіце, - павярнуў ён мальберт. - На звароце карціны напісана: "А.Т от И.С. 28.06.1942". Што гэта за дзень, вы памятаеце? - адным вокам зыркнуў ён на Віктара. - Ну, вядома ж. Не можаце вы не помніць дзень, у які быў забіты ваш бацька. Духоўны, я кажу, духоўны. - І другім вокам "лётчык" зыркнуў на Ганну. - Як вы думаеце, чаму менавіта ў гэты дзень Сталін карціну для вашай маці надпісаў?.. Подпісу на карціне няма, але графалагічная экспертыза засведчыла, што почырк ягоны. Так што рэчы гэтыя па праву, як спадкаемцам, належаць вам, і ніякіх грошай за іх я з вас не вазьму. Хоць каштуюць яны... - зрабіў паўзу, нібы завагаўся, якую цану назваць, дырэктар крамы, і сам сябе паправіў... - хоць каштавалі яны іх гаспадарам дорага. Вельмі дорага.
Ганна падышла да карціны. Насцярожана так - крок, другі, трэці. Стала з таго боку, у які павярнуў карціну дырэктар крамы - тварам да Віктара.
І глядзела, глядзела, глядзела на Сталіна, які глядзеў у тэлескоп.
Віктар ніколі не бачыў у яе такога твару. Іншым разам мільгала на ім нешта з таго, што праглядвалася на музейных партрэтах царскіх ды княскіх, блакітнакроўных асобаў: я вам не роўня! А тут яно з’явілася не адно на твары, заклубілася ў вачах - і не знікала, напаўняючы іх усё глыбей. "Я вам не роўня!"