Выбрать главу

"Ён з ворганаў! - паламанымі іголкамі закалола ў жываце. Там, дзе ўзрэзаў ён жывот пасля допыту ў ДПУ. - Як я адразу не здагадаўся, што ён з ворганаў! Інакш скуль яму ведаць пра данос?.. Ён справакаваў мяне!.. І што цяпер?.. Зараз арыштуюць?.. Потым?.. Ды за кнігу, надпісаную таварышу Сталіну, перанадпісаную чорту лысаму.." - панічна закруцілася ў галаве, а гандляр, расчыняючы перад ім дзверы крамы, шапнуў на вуха сухімі і гарачымі, нібы распаленымі губамі: "Не бойцеся, ніхто вас не арыштуе. Вас заб’юць".

Выйшаўшы на Красную плошчу, Купала дастаў папяросы, закурыў, хоць звычайна не паліў на вуліцы, і доўга стаяў, сунімаючы дрыжыкі ў нагах. Калі здолеў ісці далей, азірнуўся на ГУМ: у вакне над крамай, дзе ён купіў тэлескоп, стаяў і курыў Берыя.

Дзіўна, што ў той краме ўвогуле нешта прадавалася, бо ГУМ тады не працаваў. Сталін загадаў выселіць гандляроў з Краснай плошчы - і ў будынку, які займаў цэлы квартал Кітай-горада, размясціліся розныя камітэты ды камісарыяты. Быў там і асобны кабінет Берыі, з якога той назіраў, як Купала йшоў па Краснай плошчы з залацістым тэлескопам, і як ён, убачыўшы наркама ўнутраных спраў, скамянеў. "Ну ўсё! Зараз "лётчык" прынясе яму кнігу - і ўсё." А Берыя неяк так паківаў галавой, што не зразумець было, усё ці яшчэ не ўсё, і Купала стаяў каменна, як помнік, сярод плошчы, пакуль гаспадар кабінета, бліснуўшы шкельцамі пенснэ, не адышоў ад акна.

Цяпер у тым акне адбіваўся Бог.

Купала ніколі не бачыў Бога, але пазнаў Яго. Ён быў такім, якім калісьці прымроіўся, уявіўся маленькаму Купалу на стозе каля Вячы - над скошанай лугавінай у начных нябёсах над Прудзішчамі. Цяпер Божы твар наплываў, набліжаўся, усміхаўся ва ўсе нябёсы над Краснай плошчай, дзе на трыбуне маўзалея стаялі кіраўнікі партыі і ўрада ў шэрых гарнітурах і капелюшах, адзін з якіх, найкруглейшы з усіх, глядзеў у залацісты тэлескоп.