Выбрать главу

Люблю грозу в конце июня,

Когда в Москве идет парад,

И хмуро мокнет на трибуне

Правительственный аппарат! [3]

- згадаліся нечыя нібы жартаўлівыя вершы, але якая нагода для параду ў канцы чэрвеня? Ніякай. І тым не менш Красная плошча была запоўненая дэманстрантамі, а за Гістарычным музеем стаялі, гатовыя да маршу, вайскоўцы.

Тэлескоп, у які глядзеў з трыбуны маўзалея накруглейшы з усіх кіраўнік партыі і ўрада, забралі ў Купалы на ўваходзе ў Крэмль, калі ён ішоў па прэмію. Прычапіліся: "Што ў вас?" Быццам не бачылі, што не рушніца. І забралі. Сказалі, што трэба праверыць, бо амерыканскі. Маўляў, ці мала што. "І ўвогуле: адкуль ён у вас? Як вы маглі яго ў ГУМе купіць, калі ў ГУМе нічога не прадаюць?" Дык ён аддаў ім тэлескоп і не спытаў пра яго, выходзячы з прэміяй… Хоць пра прэмію так не марыў, як пра тэлескоп.

Пра тое, што яму прысудзілі Сталінскую прэмію, ён дазнаўся ў Грузіі. У Цхалтуба, дзе адзначыў гэта з Эліко. "Сны чароўныя будзіла, ты, грузінка…" А пасля на выставе ў той жа Грузіі карціну ўбачыў, на якой Сталін стаіць на гары і, як пад карцінай напісана было, глядзіць у будучыню. У амерыканскі тэлескоп, са зніжкай куплены ў краме, дзе прадавалася маёмасць ворагаў народа.

Гісторыю гэтую ён распавёў аднойчы Ганне, якая так зірнула на яго, нібы ён прамяняў мару на прэмію. Яна не сказала, што ён прамяняў мару на прэмію, але гэтак на яго зірнула. Ён таксама не сказаў, што так яно і ёсць, - і цяпер Ганна стаяла ў ягоных нагах каля ягонага крыжа, церабіла хусцінку і ўсё пыталася, ці не хоча ён піць?

Піць яму не хацелася. Не хацелася яе чуць, але яна ўсё пыталася.

Тады яна таксама пыталася… Прычапілася: "Хто на цябе данос напісаў?" Нібыта такое можна ведаць. Хіба што здагадвацца.

Яны ўтрох прыйшлі да яго ў госці. Маладыя, акрыленыя такія…

Арляняты.

"Гэй, узвейце сваім крыллем,

Арляняты, буйна, бурна!.."

Хто б мог падумаць...

Калі застольнічалі, адзін з іх паглядзеў яму ў вочы, дзіўна так зірнуў, дробна-дробна міргаючы: "А праўду кажуць, што вы ненавідзіце Сталіна, і вершы пра яго, пра партыю, пра савецкую ўладу наўмысна пішаце кепска?.."

Гэта было недзе праз паўгода пасля таго, як яго на допыт у ДПУ выклікалі. І паўгода ў доме ягоным не было гасцей. Нават запрошаных.

Ён глядзеў на хлопца, які пра Сталіна спытаў, разумеючы, што пытанне ягонае лепш не пачуць. Але пачуў, бо арляняты. І таму, што арляняты, адказаў. І вось цяпер з тым, каго ненавідзеў, ён на адным крыжы.

- Хто б мог падумаць! - адарваўся ад тэлескопа і ступіў да мікрафона, зняўшы капялюш і выцершы лысіну, кіраўнік партыі і ўрада з прозвішчам Хрушчоў, які па смерці Сталіна заняў ягонае месца. - Вунь як высока лятаюць савецкія сокалы - нават у тэлескоп не відаць! Вышэй за Бога! - стукнуў ён кулаком па гранітнай трыбуне. - А яны там, за акіянам, страшным судом нас палохаць будуць! - І пагразіў кулаком, мусібыць, за акіян. - Мы вам пакажам страшны суд!

Тыя, хто кіраваў краінай, у якой пражыў Купала жыццё, глядзелі ў будучыню ў ягоны тэлескоп.

Але не ягонымі вачыма.

Будучыня, у якую глядзяць не тваімі вачыма, не твая.

"Слава савецкім ваенна-паветраным сілам - надзейным абаронцам паветраных рубяжоў нашай Радзімы! Ура!.." - разнёсся над плошчай голас дыктара, і, калі плошча адраўла ў адказ: "Ура! Ура! Ура!.." - над ёй як бы ніадкуль, а таму асабліва вусцішна прагучала: "Што ж, Страшны суд дык Страшны суд. Некалі недзе трэба пачынаць".

Купалу здалося, што недзе, некалі ён чуў гэты голас. Калі і дзе?..

- Госпадзі!.. І ўсе святыя твае!.. - укленчыў і перахрысціўся патрыярх Ціхан, і ўсе нябожчыкі, пачуўшы пра Страшны суд, сцішыліся, сцяліся, а жывыя як скакалі і спявалі, так і доўжылі свае скокі і спевы, галёкаючы ў адказ на ўсё, што чулі ад дыктара: "Ура! Ура! Ура!.." - з чаго вынікала, што мёртвыя чуюць жывых, а жывыя мёртвых не чуюць, яны чуюць толькі саміх сябе, і Купала падумаў, што гэта ці ні найпершая з прычын, па якіх свет такі, які ён ёсць, а не іншы.

- Та-а-к… - працягнуў Сталін, закінуўшы галаву ў неба над крамлёўскімі вежамі. - Я ж казаў, што могуць яшчэ й павесіць. А ўявіце, што было б, калі б жывыя чулі мёртвых?

А што было б?..

У адным з вокнаў ГУМа, у краме, дзе прадаваўся абутак, жанчына гадоў сарака прымярала і прымярала туфлі, белыя і чырвоныя, сінія, зялёныя, жоўтыя, крамніца ўжо гару абутку ёй нацягала, і, калі пайшла па новую пару, жанчына хуценька засунула белыл туфлі, якія прымярала раней, у сваю торбу.

"Калі б жывыя чулі мёртвых, можна было б..." - пачаў Купала, а Сталін перапыніў: "Што можна было б?.. Сказаць ім, што нельга красці? Дык пра гэта даўно сказана. Вунь тымі, што паселі на даху маўзалея. Бачыце?"