Угледзеўшыся ў люстэрка вакна, у якім адбівалася плошча, Купала ўбачыў, што на самым версе пяціўступнай піраміды маўзалея, на даху порціка з каланадай паселі ў застоллі дзіўныя людзі ў дзіўных каляровых апратках, над галовамі якіх пасвечвалі німбы, спачатку прынятыя Купалам за капелюшы. Падобна было, што гэта сапраўды святыя, і нагадвала гэтае застолле тайную вячэру з Хрыстом, які сядзеў у цэнтры стала і распазнаць якога можна было па крыжападобным німбе над ім.
Ніжэй, у порціку, мільгалі паміж калонамі яшчэ нейкія постаці з німбамі і без, а ў цэнтральным праёме калон стаяў у лётным шлеме з чырвонай зоркай "кур’ер з Крамля", гандляр з камісійнай крамы ГУМа, якому надпісаў Купала кнігу, за што той са зніжкай прадаў яму тэлескоп. Справа ад яго адзін чалавек, вялізны, з сівізной і сукрыстай барадой вісеў галавой уніз на крыжы. Другі, злева, быў без галавы, толькі німб свяціўся над шыяй, па чым можна было меркаваць, што гэта апосталы Пётр і Павел, першага з якіх рымляне раскрыжавалі ўніз галавой, а другому галаву адсеклі. "Лётчык" у шлеме выглядаў паміж імі дзіўна, і як і чаму апынуўся ён у гэтай святой кампаніі, хто яго ведае. Хіба толькі ён не быў Лётчыкам.
А ў такім разе кім ён быў?..
Можна было спытаць Кашкадамава па дарозе да Крамля, хто той разнавокі, які падыходзіў да яго каля Данскога манастыра, але сярод усіх мёртвых і жывых, якія былі навокал, найменш хацелася Купалу гаварыць з колішнім старшынёй таварыства аматараў крэмацыі.
На ўсіх пяці ўступах піраміды маўзалея тоўпіліся, невядома як паўзбіраўшыся туды, жывыя і нябожчыкі, свае і чужыя, цывільныя і вайскоўцы, нехта з якіх глядзеў у неба і маліўся, нехта, склаўшы далоні, стаяў на каленях і маўчаў, нехта плакаў, нехта з некім абдымаўся, цалаваўся, нехта біўся галавой аб граніт - і ўсё гэта разам з натоўпам перад маўзалеем на тле Сенацкай вежы і будыніны Вярхоўнага Савета выглядала нейкай вар’яцкай тэатральнай дзеяй, грандыёзнай масоўкай з дэкарацыямі для кіно, але нідзе не відаць было ні сцэнарыста, ні рэжысёра, ніякай фота ці кінатэхнікі, калі не лічыць такой тэхнікай залацісты тэлескоп, у які, задзіраючы галовы і прытрымліваючы, каб не зваліліся, капелюшы, адзін за адным глядзелі з трыбуны ў неба кіраўнікі партыі і ўрада, паміж якімі дзіўна, як гандляр з камісійнай крамы паміж святымі Пятром і Паўлам, выглядаў Кашкадамаў, які невядома як, але ўсё ж прабраўся на ўрадавую трыбуну.
- Што спачатку?.. - гучна, на ўсю плошчу спытаў раптам гандляр з камісійнай крамы, той чалавек у шлеме, якога Купала празваў Лётчыкам, і які, калі меркаваць па ягоным голасе і паставе, якраз і мог быць ці сцэнарыстам, ці рэжысёрам. - Суд ці цуд?.. - І калі плошча, імгнення не прамарудзіўшы, выгукнула: "Цуд!.." - той чалавек у шлеме, Лётчык той сказаў: - Тады верш Купалы! Прачытайце, Іосіф Вісарыёнавіч!.. "Па беларускім бітым шляху, Б’ючы ў кайданавы званы." Вы ж гэта любіце! Ці: "Стаім мы перад будучыняй нашай І ўсё варожым, сочым ейны ход… "
"У-у-у..." - незадаволена прагула плошча, і Сталін буркнуў: "Народ не хоча..." - на што Лётчык спытаў даволі з’едліва: "Хіба вы заўсёды рабілі тое, чаго хацеў народ?.. " - а нехта на даху порціка ціха сказаў: "Тады я прачытаю..." Памаўчаў, чакаючы, пакуль скоціцца з плошчы гул, і пачаў: "Стаім мы перад будучыняй нашай І ўсё варожым, сочым ейны ход. Ці ўскрэснем мы з душой, ўпаўшай, звяўшай, Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род…" - а Лётчык, перапытаўшы: "Вы хацелі цуд?.. - націснуў зорку на шлеме. - Калі ласка!.." - і з маўзалея, цягнучы крыж на плячах, выйшаў Ленін. "Сягоння мы жывём, і ўдзень мы блудзім Пад маскай, асляпляючаю нас, І што сказаць самім сабе і людзям, Не ведаем, не можам, хоць і час. Заціснуты, задушаны, як мышы Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў, Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы Таго свайго, што наша ад вякоў…" - чулася далей з даху порціка, і пад гэтыя словы Ленін пасунуўся да магіл каля крамлёўскай сцяны, а ўслед за ім, ускінуўшы на плячо карабіны, на канцы якіх бліснулі не штыкі, а лёзы сапёрных лапатак, рушылі, чаканячы крок, вартавыя, што стаялі пры ўваходзе ў маўзалей. Убачыўшы вольнае месца злева ад першай магілы, Ленін спыніўся, агледзеўся і, застаўшыся задаволеным выбраным месцам, кіўнуў вартавым, якія, казырнуўшы яму, сталі капаць. "Пакрыўленыя колісь нашы душы Дагэтуль выпрастаць не ў моцы йшчэ; Снуёмся, ў думках зводных затануўшы, А хтось, а штось і мучыць, і пячэ. Цябе чакаем, будучыні нейкай, Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш, І гінем марна пад чужой апекай, Адбіўшыся ад родных вехаў, меж…" - рытмічна, нібы пад музыку, гучалі вершы, і вартавыя капалі, быццам танцавалі, нібы магілы капаць іх у балетнай школе вучылі, з усялякімі там антраша і кабрыволямі - толькі сталёвыя лапаткі ды хромавыя боты бліскалі. "А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі Засеў за наш бяседны, сытны стол І кідае, як з ласкі, нам агрызкі, А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол. Нявольніцтва й жабрацтва так нас з’ела І так нам высмактала з сэрца сок, Што нат у вочы глянуць, плюнуць смела Не смеем, стоптаныя на пясок…" - плыло з вышыні, з неба да магілы, якая надзіва хутка, проста на вачах глыбела, і, пакуль ад брамы Спаскай вежы дайшла да маўзалея змена ганаровай варты, развадны якой проста застыў у здзіўленні, убачыўшы, што месцы вартавых каля ўваходу ў маўзалей пустыя, магіла была гатовая. "Там чутна: Беларусь! Там - Незалежнасць! А там - "Паўстань, пракляццем"… Ну, а мы? Мы ў страху… дум крутня… разбежнасць… Без толку крыллем хлопаем, як цьмы. О так, як цьмы, як спуджаны вароны!.. І слухаем, і нюхаем тут, там: Які павеяў вецер на загоны, - Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам? Аграбленыя з гонару й кашулі, З свайго прыпыну выгнаныя вон, Мы дзякуем, што торбы апранулі На нас ды з нашых нітак-валакон. З кійком жабрачым так мы, паўналеткі, Брыдзём, паўзём у свет - скрозь неўпапад. І прысягаем, клічам Бога ў сведкі, Што мы - не мы, што нехта вінават…" - трохі падвысіўся голас, і Купала ўспомніў, дзе і калі чуў яго. Ці, можа, не яго, але да яго падобны. Гэткі ж голас, толькі гусцейшы, як бы старэйшы за той, які чуўся зараз, гучаў з даху дома, суседняга з Домам літаратара, у канферэнцзале якога Купала ляжаў у труне: "Час толькі ў людзях, і жах ягоны знікае разам з імі". Тым часам Ленін, гукнуўшы да разваднога, застылага каля маўзалея з выструненай нагой: "Таварыш салдат! Патрымайце мой крыж..." - і пачакаўшы, пакуль той падыдзе, перахрысціўся і скочыў у магілу, лёгшы там спачатку дагары, а пасля, пачуўшы: "І так жывём, сябе саміх не знаўшы, Учора, сёння лазім між канаў… Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай Навек залом пракляты заламаў?" - перавярнуўся, лёг ніцма, тварам у зямлю, і вартавыя хутка-хутка, гэтак жа вырабляючы антраша з кабрыволямі, засыпалі магілу, укапаўшы ў грудок крыж. Лётчык зноў націснуў зорку на шлеме, і, як толькі прагучалі апошнія радкі верша: "Няўжо нас не аб’ясніць розум ясны І не пакінем біцца з кута ў кут?Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны - Кліч бураломны: вызваленне з пут?!" - ударыла з яснага неба маланка - і крыж запалаў. "Варта!.. - адскочыў ад палаючага крыжа развадны, і вартавыя ўскінулі карабіны. - Залпам. - шчоўкнулі затворы. - Плі!" - грымнулі стрэлы, і лёзы лапатак маланкамі слізнулі з канцоў карабінаў, бліснулі ўверх, на імгненне завіслі над плошчай, нібы выбіраючы, куды ўпасці, - і адно сталёва прасвістала да трыбуны, а другое - да лобнага месца, адсекшы галовы старшыні таварыства аматараў крэмацыі, бязбожніку Кашкадамаву, і патрыярху рускай праваслаўнай царквы Ціхану.