- Чаму ім?.. - здзівіўся, нібы чакаў, што галаву яму адсякуць, Сталін, а Лётчык рукамі развёў: "Гэтак выйшла." І дадаў, гледзячы, як коцяцца на плошчу пад ногі натоўпу галовы таго, хто супраць Бога, і таго, хто за Яго: "Зрэшты, любому можна было..."
- Ён па-ка-яўся. - сказала, коцячыся, галава патрыярха, а галава Кашкадамава сказала: "Гэта не ён..."
Ці праз відовішча, якое наладзіў Лётчык, ці праз верш, праз той незвычайны голас, якім верш быў прачытаны, які ўздымаўся ў нябёсы і адначасова прасочваўся скрозь усе пяць ярусаў піраміды маўзалея да самай грабніцы і глыбей, да ўсіх ва ўсе вякі ў гэтай зямлі пахаваных, хто на голас гэты, здавалася, вось-вось паўстане з магіл, як паўстаў і пахаваўся Ленін, над плошчай запанавала трапяткая, лёгкая, нібы пошумам крыльцаў матылькоў напоўненая, ціша.
- Адзін з вас мяне прадасць, - прагучаў у гэтым лёгкім матыльковым пошуме той жа ціхі голас, якім прачытаны быў верш з даху маўзалея, і было дзіўна, што гэтак ціха сказанае так добра чуваць - можа, таму што вечнае: "Адзін з вас мяне прадасць". Яно чуваць было на ўсю плошчу і далей за яе, за Крэмль, з якога яшчэ нядаўна кіраваў і плошчай, і ўсім, што за ёй, Сталін, які, пачуўшы словы Хрыста, раптам выгукнуў: "Мяне ўсе прададуць!" - і, пругка выгнуўшыся на крыжы, стаў прамаўляць да святых, да апосталаў, да кіраўнікоў партыі і ўрада, да натоўпу, сярод якога павярнуліся да яго толькі нябожчыкі, а жывыя, пачуўшы чарговую славіцу: "Слава савецкім бронетанкавым войскам!.." - зноў загалёкалі "ура!", пад якое ад Гістарычнага музея пакаціліся, рыкаючы, бронетранспарцёры, заскрыгаталі гусеніцамі, высякаючы іскры з бруку, танкі, са сталёвым лязгатам якіх то зліваўся, то прарываўся скрозь сталёвы лязгат голас Сталіна: "Я ведаў, што, калі памру… з’явяцца правадыры-пігмеі… шмат смецця нанясуць на маю магілу… прыпішуць мне злачынствы… імя маё будзе абылганае… але вецер гісторыі ўсё гэта развее… новыя пакаленні ўздымуць сцяг…"