Выбрать главу

Прамаўляючы, ён глядзеў на маўзалей і нібы чакаў, што адтуль нехта выйдзе, здыме яго з крыжа і занясе на месца, вызваленае Леніным. Ужо бронетранспарцёры з танкамі скаціліся па Васільеўскім спуску, на плошчу выпаўзлі цягачы з ракетамі, а Сталін, як сам сабе адвакат, гаварыў, гаварыў, гаварыў, і відаць было, што ў ім усё меней надзеі на тое, што яго вернуць у маўзалей, і ўсё болей страху перад тым, што можа стацца на судзе, бо невядома, што? - і калі ён змоўк, з даху маўзалея пачулася: "Ты сказаў".

Купала не быў надта вялікім вернікам, на што мелася, як ён давёў сабе, прычына: зусім малым памёр брат ягоны, а потым дзве сястрычкі, і ён не знайшоў адказу на тое, навошта Бог іх забраў. Па гэтай прычыне не быў ён і надта ўважлівым чытачом Святога пісання, амаль не карыстаўся біблейскімі сюжэтамі, але тое, што Хрыстос прамовіў "ты сказаў" у адказ на пытанне Юды: "Гэта я, Госпадзі?.." - ён помніў. Толькі пры чым тут Сталін?.. І раптам яго пранізала: "Яшчэ як пры чым!" - бо сказанае Хрыстом на тайнай вячэры: "Адзін з вас мяне прадасць", - звернута не толькі да Юды, да Яна, Пятра, Хамы, Матвея, Сімана, дванаццаці Ягоных вучняў, а да ўсіх! Да патрыярха Ціхана і Ганны, Няжылы і Кумца, Берыі і Мяркулава, маладзіцы Мясновай і маршала Тухачэўскага, князя Баграціёна і ротмістршы Дэмбскай, секунд-маёра Баскакава і двойчы лаўрэата дзяржпрэміі СССР Гарушынай, купецкага сына Жыгалкіна і паэта Майкава, капітана Забіякіна і акадэміка АН БССР Кайгародава, паліткамісара палка імя Валадарскага Смірнова і падпалкоўніка ГРУ Каменскага, дуэлянта Навасільцава і карліка графа Зубава Якубоўскага, да Леніна і Сталіна... да ўсіх, да ўсіх, хто тут, на маўзалеі, на ягонай трыбуне, на плошчы і далей за ёй, на тайнай вячэры на тым канцы свету, на лобным месцы, на крыжы і пад ім - і да яго, Купалы, які таксама адзін з тых, хто можа прадаць, калі ўжо не прадаў... няхай не самога Яго, дык дадзенае Ім, ад чаго ўжо амаль нічога не засталося:

"Гэта я, Госпадзі?.. "

Думка была такой нечаканай і гэтакай балючай, што ён застагнаў. "Вось ён - Страшны суд. Вось яно - пекла. Не ў падзямеллях смала і агонь - у самім табе".

Боль прайшоў скрозь сэрца, ударыў пад горла, ён захрыпеў, Ганна зірнула на яго спалохана: "Даць вады?.." - і Спагада падляцела да яе, узяла намочаную хусцінку, якую нядаўна кінула ёй у твар, паднялася да Купалы: "Папі… "

50

Мацвееў любіў цытаваць Платонава: "Каб жыць у рэальнасці, трэба ўвесь час трымаць у галаве нешта нерэальнае".

Дык вось гэта было нечым нерэальным: Мацвееў і данос.

- Цябе пасадзяць! Запратораць у псіхушку! І не дапаможа Грачын! Ды ён і не стане дапамагаць! - кароткімі фразамі казала, нібы каменьчыкі кідала, Ганна. - Але Мацвееў! Мацвееў! Я не магу зразумець! Нашто яму гэта? Каб ты вярнуўся ў качагарку? Праз турму да сваіх? Дык ты ж да іх вярнуўся!

Віктар сказаў ёй, калі яна і Круча знайшлі яго ў качагарцы, што хацеў да сваіх вярнуцца. Дык яна адразу: "Да тых, хто даносы піша?"

- Позна.

- Што позна?

- Позна вярнуўся. Я ўжо нават самому сабе не свой.

- І што? Што з гэтым рабіць?..

Гэтага Віктар не ведаў. Таму прапанаваў: "У Індыю ехаць. Давай, Ганя, пакуль мяне не пасадзілі, з’ездзім у Індыю. Я там не быў ніколі". - "Табе адтуль не будзе куды вяртацца!" - "Чаму не будзе куды? У турму. Там я таксама ніколі не быў".

Учора ў качагарцы Круча сказаў: "Ты ўсё ж знайшоў яе". Віктар не зразумеў: "Каго?" - "Турму. Але яна ўжо не тая, якая магла быць. Не турма ў Палацы з’ездаў. Таму трэба выкручвацца".

"Дык выкруці яго, для таго ты і Круча", - кпіў Мацвееў, якога Круча змушаў забраць данос, а той упіраўся: "Гэта не данос, гэта помста за здраду!" І даводзіў, што яно справядліва, бо помста ўваходіць у склад сяброўства, калі сябруеш з нягоднікам.

"Ён і ёсць нягоднік! - не магла ўтаймавацца Ганна. - І сябруе з самім сабой!"

- Я паспрабую пагаварыць з бацькам, ён вельмі добра да вас ставіцца, кажа, што ў адрозненне ад тых, хто спадцішка брэша, вы прынцыпова заявілі сваю грамадзянскую пазіцыю, і цяпер брахуны на вас накінуцца, - казаў, чырванеючы, Сяргей, сын намесніка старшыні КГБ, куратара савецкай культуры, у кабінет якога хутчэй за ўсё і прынясуць данос Мацвеева, якому Маня, думаючы, пэўна, пра нешта іншае, раптам прапяяла: "Вы правільна зрабілі, здраду нельга дараваць…"

Яна ці штосьці блытала, ці не тое чула.

- Няхай з тваім бацькам яшчэ і Круча пагаворыць, - ухапіўся за словы Сяргея Мацвееў. - Яны сябры. - І спытаў Марыю Аляксандраўну: - Ваш муж сябраваў бы з чэкістам? З мярзотнікам у генеральскіх пагонах?

Сяргей ускочыў:

- Як вы можаце?.. Пра майго бацьку!.. - Кінуўся да выхаду, спыніўся ў дзвярах. - Маня! Ты ідзеш са мной?