- Не, - прапяяла Маня. - Мне з імі цікава.
- Так яму, гэбісцкаму сыну! - наліў ёй Мацвееў. - Малайчынка! Самі гонім, самі п’ём, а гэбістам не даём!.. - І ўзяўшы Маню за талію, павёў яе танцаваць, напяваючы пад мелодыю танга:
Поздно, Маня, вы полюбили бандита,
Поздно, Маня, сердце бандита пробито,
Поздно, Маня, хоть и расстегнут ваш пояс,
Поздно, Маня, ночью уходит мой поезд…
Мацвееў набраўся ў турме не толькі блатных песень, але і звычак. Танцуючы, ён усё ніжэй і ніжэй апускаў руку па тонкай таліі Мані, тая штурхнула яго раз, другі, нарэшце не вытрывала, пляснула па шчацэ і выскачыла з качагаркі ўслед за Сяргеем.
- Я буду дома чакаць вас, Мацвееў, - сабралася за імі Марыя Аляксандраўна. - Вы мне патрэбны - і я буду вас чакаць. А што да генерала… Калі Платонава прыйшлі арыштоўваць, ён быў ужо такі хворы, што наскрозь свяціўся, на нагах не стаяў, і чэкісты, патаптаўшыся ў доме, пайшлі. Я дасюль помню, як яны патапталіся і пайшлі, і як я чакала, калі вернуцца. І думала: ну хоць бы нехта быў, каго можна было б папрасіць, каб не вярталіся!..
"Я нікога ні пра што прасіць не збіраюся! Усё - сам! Нават калі памру, сам сябе спалю!" - наліваў і наліваў Мацвееў, калі яны ўчатырох, Ганна з Віктарам і Круча з Мацвеевым сядзелі каля пагаслай печы, да поўначы лаяліся, потым Мацвееў пайшоў да Марыі Аляксандраўны, Круча сказаў: "Не вернецца! Ён данос напісаў, бо, калі сядзеў, яго завербавалі", - але Мацвееў вярнуўся, кран не адрамантаваўшы: "Жалеза знасілася. Ёсць такія рэчы, з якімі нічога нельга зрабіць", - і яны зноў сварыліся, Мацвееў вінаваціў Кручу: "Агент!" - Круча Мацвеева: "Даносчык!" - і так да раніцы, калі Мацвееў сказаў Віктару, зноў цытуючы Платонава: "У цябе праблема вераб’я: лятае на локаць, а прагне вышыні", - чаго Ганна не вытрывала, яна таксама нататнікі Платонава чытала: "Досыць! Вы самі, апроч даносаў, што-небудзь напісаць можаце?!" - а Мацвееў рукамі развёў: "Не магу. Таму і не напісаў нічога ў тым, што вы даносам называеце. Даслаў толькі паэму. Дык які гэта данос?" - пачаў ён у п’янага дурня гуляць, а пасля сказаў, што калі Круча такі ўжо заступнік, дык можа зманіць гэбістам, што гэта ён паэму напісаў, а Маргер проста перапісаў яе, Кручы гэта сыдзе з рук, як і раней усё сыходзіла, чаго ўжо Круча не стрываў: "Што мне з рук сыходзіла? Я даносаў не пісаў!" - і яны схапіліся загрудкі…
- Добра, - згадзілася дома Ганна. - Паехалі ў Індыю, калі паспеем. - І там застанемся.
Яна ў каторы раз Савецкі Саюз пакідала.
Калі сабраліся ў Саюз пісьменнікаў, каб забраць замежныя пашпарты, зазваніў тэлефон. Ганна падняла трубку, паслухала, паклала…
- Гэта з ВЦСПС. Памочнік старшыні. Сказаў, што адобрылі тваю кандыдатуру, і спытаў, калі ты зможаш прыступіць да выканання абавязкаў?.. Дык як нам цяпер у Індыю ехаць?
Та-а-к… Без яго яго ажанілі. Не ведаючы, што жаніх кульгавы.
- Як і ехалі, толькі хутчэй, - павёў ён з дому Ганну, якая згадзілася ехаць хутчэй, але па дарозе хоць нешта з’есці.
У абедзвюх кавярнях і рэстаране Дома літаратара, які быў па дарозе да Індыі, тоўпіліся паэты з празаікамі, драматургі з крытыкамі: праходзіў пленум праўлення Саюза пісьменнікаў СССР Бліскалі зоркамі герояў сацыялістычнай працы і значкамі лаўрэатаў ленінскіх ды дзяржаўных прэмій аўтар гімна Савецкага Саюза, дзіцячых і партыйных вершаў ("Коммунизм"! Нам это слово Светит ярче маяка. "Будь готов!" - "Всегда готовы!" С нами ленинский ЦК!") Сяргей Міхалкоў, галоўны рэдактар "Літаратурнай газеты" Аляксандр Чакоўскі, украінскі празаік Алесь Ганчар, аварскі паэт Расул Гамзатаў, узбек Каміль Яшэн і азербайджанец Сулейман Рустам, першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Георгій Маркаў, дачка якога Кацярына кінулася да Ганны: "Ты ў Маскве? Кажуць, што твой бацька будзе на месцы Брэжнева, а ты з’ехала ў нейкую беларускую вёску! Давай кавы вып’ем, раскажы!..", - і пацягнула Ганну ў кавярню, а Віктар падышоў да Танкевіча, які таксама бліскаў зоркай героя і за якім чародкай хадзілі Брылец, Гарымякін, Пташнік, Чаргінаў, беларускія літаратары, дэлегаваныя Саюзам пісьменнікаў БССР у склад праўлення Саюза пісьменнікаў СССР
- Ты ўсё тут ведаеш, - першым паздароўкаўся з Віктарам Чаргінаў. - Кажуць, што Брэжнеў па здароўі… А хто замест яго?
Ні дачку першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, ні сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў БССР не цікавіла літаратура.
- Я, - сказаў Віктар, ведаючы, якія чуткі блукаюць па Мінску пра ягоныя адносіны з дачкой Грачына, і Танкевіч кіўнуў ухвальна: "Малайчына. Дзякуй, што сказаў, а то сказаць ніхто нічога не можа". А Гарымякін, які таксама бліскаў новенькай зоркай, паглядзеў недаверліва: "Ды ён пажартаваў".