Выбрать главу

У ім была наіўнасць, у Гарымякіне. Але не такая, як у наіўным Каралевічы. Ці ў Стральцы. Услужлівая наіўнасць.

Услужлівасць Гарымякіна дапамагала някепска жыць не толькі яму самому, але і Саюзу пісьменнікаў. Калі патрэбная была кватэра, машына, лецішча, Гарымякін тэлефанаваў каму трэба, ішоў да каго трэба і вяртаўся з паперамі на кватэру, на машыну, на лецішча. Казаў асабліва нецярплівым: "Стойце ў чарзе - і ўсё ў вас будзе".

Так яно і было. Незалежна ад таго, літаратар ты ці графаман, але, калі ты ў Саюзе пісьменнікаў, прыйдзе твая чарга не толькі на лецішча з машынай, але і на ордэн, і на літаратурную прэмію. Хоць якую і хоць за што, але дадуць.

Апроч зорак, бліскалі на лацканах піджакоў Гарымякіна і Танкевіча яшчэ і значкі дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР, у якім Гарымякін быў нават старшынёй, змяніўшы на гэтай пасадзе Танкевіча. Калі партыя не знішчала пісьменнікаў, яна з імі цацкалася.

- Хочаш паесці з намі? - прапанаваў Чаргінаў. - Бясплатна.

Пра адзін з раманаў Чаргінава Віктар напісаў эсэ для "Літаратурнай газеты", і прапанова аўтара рамана бясплатна паесці выглядала нечым кшталту ганарара.

Саюз пісьменнікаў СССР быў арганізацыяй нябеднай. З усіх кніг, якія выдаваліся ў любым выдавецтве, прычым, кніг не толькі сяброў Саюза, але і кніг Пушкіна, Дастаеўскага, Гогаля, Талстога частка прыбытку адлічвалася ў Літаратурны фонд, таму стол, за якім абедалі Танкевіч з Гарымякіным і Пташнік з Чаргінавым, быў накрыты так, што сядзець за ім маглі і Дастаеўскі з Гогалем, і Пушкін з Талстым.

"Можа, сказаць ім?.. - падумаў Віктар, сядаючы. - Каб не было нечаканкай, каб гвалт пасля не падняўся: "Арыштавалі! Пасадзілі! Антысаветчык!.." Сказаць, што пагуляўся, калі яшчэ вучыўся, студэнтам зялёным быў, у дысідэнцтва, а цяпер яно ўсплыло… А калі не ўсплыве?.. Скажаш - і такое разнясуць, напляткараць, чаго і не было… Не. Пушкіну з Гогалем, можа, і сказаў бы… Хоць нават ім - не. Геніі таксама пляткарылі, плёткі цікавей за праўду".

- Чуткі ідуць, што дэлегацыю беларускіх пісьменнікаў Масква ў Польшчу пасылае, - сказаў Чаргінаў. - Ты не дазнаўся тут, каго?

- Не дазнаўся.

- Калі не дазнаўся, дык які з цябе кіраўнік дэлегацыі? - закусваючы каньяк скрылікам лімона, спытаў Гарымякін, які з усіх, хто сядзеў побач за сталом, быў, можа, і не самы таленавіты, затое самы шчыры. - І чаму ты? Чаму не старшыня саюза ці не ягоны намеснік?

Вось. Толькі ўчора Грачын сказаў гэта Віктару, а ўжо сёння Гарымякін ведае…

Віктар паглядзеў на Танкевіча, Брыльца, Пташніка, Чаргінава - яны сядзелі, чакаючы.

Усе ўжо ўсё ведаюць. Усё, апроч таго, што Мацвееў паслаў у КГБ паэму пра качагарку, і сёння, можа быць, там яе чытаюць.

Стаць кіраўніком дэлегацыі беларускіх савецкіх пісьменнікаў у братнюю Польшчу Віктару цяпер наўрад ці свяціла, так што можна было супакоіць Гарымякіна.

- Я не кіраўнік дэлегацыі.

Гарымякін пражаваў лімон, паклаў дэсертны відэльчык.

- А хто?

- Не ведаю. Але для гэтага ёсць старшыня Саюза, ёсць намеснік. І шмат хто яшчэ з большым, чым у мяне, аўтарытэтам і досведам. Кожны з тут прысутных.

Віктар сказаў гэта, убачыў, як усміхнуўся няўсмешлівы Пташнік, і яго крутанула: "Я падлізваюся да іх! Лісліўлю! На лімон намазваю мёд, каб ім не кісла было, каб яны потым мяне, як дзярмо, не размазалі!"

- Шкада, што не ты, - сказаў Брылец. - Малады, таленавіты паэт на чале дэлегацыі - гэта добра выглядала б. Паказвала б на тое, што ў нас могуць быць перамены.

- І я так думаю, - падтрымаў Брыльца Танкевіч, а Гарымякін на іх абодвух вылупіўся: "Якія перамены? Што на што вы мяняць збіраецеся?" Ён нічога не збіраўся мяняць. "Стойце ў чарзе - і ўсё ў вас будзе".

Да іх падышла Ганна, Віктар падняўся ёй насутрач, і ўсе падняліся, а яна, павітаўшыся з усімі, сказала: "Выбачайце, нам пара", - і павяла яго пад руку да выхаду з рэстарана, і ён спінай адчуваў, як усе пазіралі ўслед.

Да "дома Растовых", дзе атабарылася кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў і ў правым флігелі якога месцілася замежная камісія, трэба было прайсці цераз пераход, па якім насустрач ім крочыў Круча: адпрасаваны, паголены, свежы, нібы і не было ў яго бяссоннай ночы. Убачыў іх: "Я вас шукаю, трэба перагаварыць".

Выйшлі ў двор дома Растовых, у якім на месцы, дзе некалі стаяў мармуровы "Мысляр", пасля перанесены на магілу ягонага стваральніка скульптара Мяркурава, сядзеў на пастаменце бронзавы Леў Талстой - падарунак рускім пісьменнікам ад пісьменнікаў украінскіх. Шкляр на гэта казаў: "Маглі б Гогаля падараваць. Нейкая б логіка была".

- А ведаеце, хто пасяліўся ў гэтым доме адразу пасля рэвалюцыі? - сеў на лаву каля флігеля, запрашаючы і Ганну з Віктарам прысесці, Круча. - Чэкісты. Так што сувязь паміж мячом і пяром у нас ад пачатку. Па месцы першай прапіскі. І я магу сказаць ім, - дагаварыў ён без ніякай паўзы, павярнуўшыся да Віктара, - што паэму пра качагарку… ці як яна ў цябе называецца?.. кацельная?.. напісаў я, а ты, студэнт, яе проста перапісаў. Як гэта параіў зрабіць нам Мацвееў.