Круча, відаць, таму і сказаў так, што так Мацвееў параіў. Бо Марыя Аляксандраўна, Ганна, Маня, Сяргей гэта чулі, і ён не мог зрабіць выгляд, нібы не чуў. І хоць зразумела было, што ніхто на Лубянцы ў такую версію не паверыць, тым не менш гэта быў шырокі жэст, за які нельга было не быць удзячным.
- Дзякуй, Круча. Але аўтар паэмы "Качагарка" - я. Як і верша "Ледакол". Гэткія рэчы ў адным чалавеку несумяшчальныя - і я разумею Мацвеева.
- Каго ты разумееш? - здзівілася Ганна.
- Мацвеева. Ён напісаў данос не на аўтара "Качагаркі", а на аўтара "Ледакола". На чалавека, які качагарцы здрадзіў.
Ганна раздзьмула ноздры:
- Мацвееў здрадзіў сумленню! Не нейкай там качагарцы, дзе п’юць, куды дзевак цягаюць, і каб разбэшчанасць сваю апраўдаць, антысаветчыну пішуць! А калі іх прышчучаць, шусь - і з качагаркі ў Парыж!
Раней такога яна ніколі не казала. Бацька яе мог такое сказаць. Што ж, дачка свайго бацькі. Калі нават дачка Купалы.
Круча спытаў, ён проста не мог не спытаць, Віктар таксама спытаў бы на ягоным месцы:
- А ты ў Парыж не хочаш, Ганя?..
Раніцай, калі выйшлі з качагаркі, Круча сказаў, што да яго чапляюцца праз тое, што ён прывозіць у Маскву эмігранцкія часопісы і кнігі эмігрантаў. Тыдзень таму ён прыляцеў з Парыжа - і багаж ягоны арыштавалі. "Я ім кажу: гэта ідыятызм! Кнігі нельга ні арыштаваць, ні нават спаліць, як палілі фашысты! Кнігі праходзяць скрозь турэмныя сцены і паўстаюць з попелу!" А яны мне: "Нас цікавяць не кнігі, нас цікавяць аўтары. І мы не ведаем выпадку, каб аўтар ці скрозь сцяну прайшоў, ці з попелу паўстаў". Разумееш? Адкрыта запалохваюць! Французскага журналіста, якому я ў інтэрв’ю пра гэта сказаў, пазбавілі акрэдытацыі і выслалі… Дарэчы, гэта адзін з тых журналістаў, якім я збіраўся твой выступ на з’ездзе перадаць. І не знайшоў! Дзе ён падзеўся? Нікога ў доме не было, а паперкі з выступам не стала. Гэта гэбісты ў дом праніклі і забралі! Яны паўсюль за мной сочаць, яны жывуць у маім доме, разумееш?.."
Ён так казаў, нібы вінаваціўся, што не перадаў выступ Віктара заходнім журналістам. Больш за тое: ён казаў так, нібы праз гэта Віктар і не выступіў! Ніводным словам не папракнуўшы за "ледакол эпохі", Круча цяпер гатовы быў узяць на сябе "Качагарку", і такая бязмежная спагадлівасць вярэдзіла душу больш за папрокі, за абвінавачванні, нават больш за тое, што зрабіў Мацвееў.
Можа быць, на гэта Круча і разлічваў? Тады ён ведаў, што рабіў.
- Я ў Індыю хачу, - адказала Кручу Ганна. - Я ніколі і нікуды раней гэтак не хацела, як цяпер хачу ў Індыю.
- Тады едзьце, - падняўся Круча. - Ніхто яшчэ з качагаркі ў Індыю не збягаў, пра вас ва ўсіх газетах напішуць. - І ён зноў прысеў. - Чакайце, а што, калі напісаць?.. У "Літгазеце". Развітанне з дысідэнцтвам, з фрондай, нешта такое. Ці Віктару самому, ці я магу папрасіць рэдактара, мы з ім у сяброўскіх адносінах, каб нехта ўзяў інтэрв’ю.
Ён прапаноўваў амаль тое, што Віктару прыйшло ў галаву, калі бясплатна абедаў за сталом, за якім маглі абедаць Талстой з Пушкіным.
- Пакаяцца? - спытала Ганна.
- Ніякага пакаяння. Сталенне, пераасэнсаванне. Толькі лом стаіць на адной пазіцыі. Дзе ўвагналі, там і стаіць. А чалавек, тым больш паэт, мяняецца, рухаецца… Ды нават не інтэрв’ю - размова, дыялог! Са мной, калі хочаш! Пра час, пра тое, як мы мяняемся ў часе… Так мы папярэдзім удар!
Дыялог з Кручам у самай папулярнай газеце, якой дазвалялася тое, што не дазвалялася іншым, - быць трохі ліберальнай, выглядаў прапановай спакуслівай. Пра гэта варта было падумаць, і Віктар збіраўся ўжо сказаць, што пра гэта варта падумаць, але Ганна яго апярэдзіла: "Адкуль куды вы рухацца будзеце? Ад качагаркі да ледакола? Хто паверыць, што гэта сталенне, пераасэнсаванне? Калі відавочна, што гэта такое". Круча спытаў: "Што відавочна, калі яшчэ нічога не напісана?" - і Ганна сказала: "Фальш. Што б вы ні напісалі, відавочнай будзе фальш. Спробу ўратаваць задніцу яшчэ нікому не ўдавалася выдаць за спробу ўратаваць душу".
- Гледзячы як падаць, - не пагадзіўся Круча. - Я сам увесь наш дыялог напісаць магу - і няхай Ганна вырашае, пра душу ён ці пра задніцу? Друкаваць ці не друкаваць… Згодныя?
Ён быў нястрымны ў сваіх шырокіх жэстах.
- Можна паспрабаваць, - няўпэўнена, зірнуўшы на Ганну, якая выглядала так, як, пэўна, выглядала якая-небудзь амазонка, што бараніла Трою, а потым, стоячы на гары, глядзела, як Троя ставала друзам і попелам, прамовіў Віктар, а Ганна, хоць усё, што яна бараніла, ператваралася ў друз і попел, сказала: "Як па мне, дык не, бо пра гэта нельга напісаць так, каб не было сорамна. - І, можа, падумаўшы, што пакрыўдзіла Кручу, дадала. - Ніхто так не напіша".